Як у Беларусі прыватызаваная перамога над фашызмам
9 мая 1994-га групу ветэранаў не прапусцілі на плошчу Перамогі, сярод іх быў і Васіль Быкаў. «Салідарнасць» прыгадвае знакавую падзею 30-гадовай даўніны.
Ветэранам давялося чакаць завяршэння афіцыйнай часткі ўрачыстасцяў, пакуль тагачасныя прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч і старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, а таксама чынавенства рангам ніжэй, не ўскладуць кветкі да вечнага агню.
Сярод ветэранаў быў Васіль Быкаў. Сусветна вядомага пісьменніка, франтавіка «не пазнаў» афіцэр міліцыі, які кіраваў ачапленнем на падыходах па плошчы. «Не пазнаў» ён і іншых дэпутатаў парламента, прадстаўнікоў апазіцыі БНФ.
— Падышла група невядомых асобаў у колькасці прыблізна пяцідзесяці чалавек, — перадаў ён па рацыі і выклікаў на падмогу АМАП.
На наступны дзень Васіль Быкаў напісаў для газеты «Свабода» артыкул «Перамогу над фашызмам імкнуцца прыватызаваць».
У ім ён правёў паралелі з прамовай Сталіна ў першыя мірныя дні і падзеямі 1994-га. Працытуем:
«Крывавую перамогу над нямецкім фашызмам ён прыпісаў выключна мудрасьці ВКП(б), правільнасьці савецкай вайсковай навукі, адданасьці сацыялістычнаму ладу. На вушы нядаўніх франтавікоў было дзіўнавата слухаць тое. Але яны слухалі і маўчалі: высновы правадыра народаў былі вышэй за вайну, за ісьціну — вышэй за жыцьцё.
Нешта падобнае адбываецца і зараз, напрыканцы ХХ стагодзьдзя, у, здавалася б, зусім новых грамадзка-палітычных умовах. Перамогу над фашызмам імкнуцца прыватызаваць з гэткім жа посьпехам, як прыватызуецца ўсё астатняе».
Быў у тым артыкуле і прарочы момант. Зважаючы на тое, што адбываецца сёння на нашых вачах, гэты фрагмент можна ацэньваць як папярэджанне пра тое, чым можа скончыцца такая прыватызацыя:
Самы жахлівы на той час вораг быў пераможаны, але застаўся другі, ня меней жахлівы, які цынічна скарыстаў зручны момант узвысіцца на той перамозе.
Ён і да сёньня спрабуе тое, састарэлы, з падарваным здароў’ем, ідэйна збанкрутаваны, матэр’яльна абнішчаны, з выпаўшымі, абкрушанымі ікламі, але поўны ранейшай рашучасьці ня выпусьціць з тых іклаў-абломкаў сваю ахвяру. Ахвяра гэтая — свабода чалавецтва, якое па-ранейшаму ведае адно: усё трываць і ня памятаць сваёй крыўды.
Праз колькі месяцаў Васілю Быкаву давядзецца ізноў прыгадваць свае думкі пра прыватызацыю гісторыі. 3 ліпеня, у 50-ю гадавіну вызвалення Беларусі, дэпутатаў-ветэранаў ізноў не пусцілі на плошчу Перамогі, хоць у іх і быў дазвол ад гарадскіх уладаў.
Сапраўдная прыватызацыя перамогі пачнецца неўзабаве. У Кебіча быў таленавіты вучань, які праз лічаныя дні пасля тых ліпеньскіх падзей атрымае прэзідэнцкую ўладу. І не выпусціць яе са сваіх рук да нашых дзён.
Ужо праз год, калі ўвесь свет адзначаў 50-годдзе перамогі міру над вайной, газета «Свабода» пісала пра новую атмасферу памятнага дня ў Беларусі. Пра тое, як прапагандысцкая машына ажыўляла не памяць пра вайну, а сам настрой вайны — варожасць, нянавісць і злосць.
«На вайсковым парадзе ў Менску дзяржава дэманстравала зброю, якая ня мае ніякага дачыненьня да той Перамогі, але якой людзі павінны баяцца сёньня», — пісала «Свабода» ў 1995-м.
І гэта, па вялікім рахунку, таксама былі прарочыя радкі.
А яшчэ праз год на плошчы Перамогі амапаўцы канчаткова перасталі саромецца. У сябраў Дэмакратычнага аб’яднання ветэранаў яны вырывалі з рук бел-чырвона-белыя сцягі.
Неўзабаве свята Перамогі, ягоная афіцыйная частка, была прыватызаваная канчаткова. Да вечанага агня перасталі пускаць «няправільных» ветэранаў, а «правільныя» канчаткова ператварыліся ў масоўку для Лукашэнкі і ягонага бліжэйшага атачэння.