Васіль Быкаў: «Мы — апошнія, Наша чарга...»
«Новы Час» і «Літаратурная Беларусь» завяршаюць публікацыю цыкла гутарак Юрася Залоскі з Народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым, — на гэты раз размова пра набліжэнне да суверэннасці і непазбежныя на тым шляху выпрабаванні, шанц незалежнай адбудовы краіны, імітацыю дэмакратызацыі, недастатковы ўзровень нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства, страх як сродак самазахавання, падкаланіяльнае існаванне беларускай культуры і надзею на Адраджэнне.
— Васіль Уладзіміравіч, прамінуў год ад нашае гутаркі ў лютым 1992 года. Тады мы спрабавалі знайсці «аптымістычны зыход» у развіцці беларускага грамадства, што неспадзявана апынулася ў варунках незалежнасці... Вынікі пошуку аказаліся пераважна песімістычнымі. Як бы вы сёння, калі абстрагавацца ад «агульнага песімізму», што абумоўлены эканамічным крызісам i да т. п., ацанілі грамадскую вартасць пражытых Беларуссю паўтара года: гэта было сапраўднае набліжэнне да суверэннасці, з непазбежнымі на тым шляху выпрабаваннямі, ці, па большасці, — «гульня ў словы» на фоне выпрабаванняў?
— Як паказаў час, гэта была чысцейшай вады імітацыя, палітычны фарс, якія ні на крок не наблізілі дзяржаву да суверэннасці. Мабыць, для таго набліжэння патрэбны тытанічныя высілкі грамадства, а найперш ягоных дзяржаўных структураў, дзейнасць якіх на справе патанула ў бюракратычнай стыхіі слоў, спрэчак, пустых непатрэбных законаў, якія ніхто i не думае ператвараць у жыццё.
Быў страчаны час. Наша кіруючая наменклатура на шмат месяцаў затаілася ў чаканні — спярша восені i расейскага з’езда народных дэпутатаў, які меўся рэанімаваць імперыю, пасля — вырашэння найважнейшага для яе пытання аб КПБ. Першая яе доўгачаканка мала што вырашыла, затое другая вызначыла ўсе. Далей можна было не спяшацца: элементарная логіка падзей, атрымаўшы такі значны палітычны імпульс, сама па сабе здольна прывесці да мэты. Тым болей што дарожка знаёмая, добра пратаптаная за семдзесят гадоў камуністычнага панавання, i вяртацца па ёй на ўлюбеныя камуністычныя абсягі — адно задавальненне.
Для партыйцаў, наменклатуры, ды i для людзей, згаладнелых без таннай каўбасы i напалоханых «жахлівым» беларускамоўем.
— Паколькі ў нас дыялог, дык дазволю сабе выказаць пэўную «версію» і, адпаведна, пачуць ваша меркаванне. Мне здаецца, г. зв. гарбачоўская «перабудова», што неспадзявана адышла ў гісторыю, па сутнасці давала нацыянальным ускрайкам СССР, самой Расіі рэдкі, унікальны шанц самастойнага наладжвання дэмакратычнага працэсу, дэкамунізацыі рэспублік. Шанц — пэўным палітычным сілам у рэгіёнах, прычым шанц, які трэба было скарыстоўваць не марудзячы. Амаль паўсюдна так i адбылося: у Прыбалтыцы, ва Украіне, у Расіі (безумоўна, кожны выпадак вымагае агаворак, але справа ў сутнасці). Беларусь жа толькі марудна паўтарала працэсы, што адбываліся ў суседзяў, каб, пэўна, не апынуцца спаміж ix гэткім палітычным рэтраградам (агаворымся, што апазіцыйны рух БНФ нічым не саступаў подобным рухам у бліжнім замежжы, хіба толькі тым, што не прыйшоў да ўлады). Цяпер, калі адпала неабходнасць імітаваць дэмакратызацыю, палітычная сістэма ў Беларусі, на мой погляд, як бы замкнулася «на сябе», амаль тоесна аднавіўшы тую мадэль кіравання грамадствам, якая існавала да «перабудовы». Чаму, на вашу думку, камуністычная традыцыя так трывала — як нідзе, бадай, на абшарах былога СССР — усталявалася менавіта ў Беларусі, захаваўшы выключную здольнасць да самаўзнаўлення?
— Тут уся справа ў недастатковым узроўні нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства. У той час, як у іншых рэспубліках былога СССР галоўнай палітычнай сілай у справе самавызначэння выступілі найперш нацыянальныя сілы, у Беларусі такія сілы з’явіліся запознена, ужо ў ходзе суверэнізацыі, да якой, па сутнасці, яны не былi гатовы. У нас адсутнічаў нацыянальнасведамы авангард. БНФ утварыўся толькі ў канцы 1988 года, i наменклатура адразу ўцягнула яго ў дробязныя сваркі наконт ягоных жа мэтаў, палітычнага i асабістага іміджу лідараў, усяляк ix дыскрэдытуючы.
Шмат часу таксама адабрала бясплённая дыскусія аб мове. Яшчэ i дагэтуль нацыянальная дэмакратыя траціць пэўныя высілкі на доказ аксіяматычных рэчаў накшталт важнасці мовы ў нацыянальнай дзяржаве i шкодзе дзяржаўнага двухмоўя.
Герб i сцяг краіны былі неяк прыняты, але цяпер грамадства рызыкуе быць уцягненым у дыскусію аб неабходнасці новага гімна...
Ствараецца ўражанне, што антыдэмакратычныя сілы сістэматычна выкідваюць адмысловыя чырвоныя шматкі, каб махаць імі перад нацыянальнай свядомасцю беларусаў, у той час як самі за палітычнымі кулісамі распрацоўваюць дэталёвыя сцэнарыі накшталт рэанімацыі КПБ, што адбываецца раптам i з поўным поспехам...
Беларусь была i застаецца камуністычным фарпостам на заходніх рубяжах Расейскай імперыі, i ў тым яе гістарычнае няшчасце.
— Незваротнасць дэкамунізацыі любой краіны залежыць, пэўна, перш за ўсё ад стану духу, пазіцыі інтэлігенцыі (творчай эліты, скажам так на заходні капыл). У свой час, увосень 1989 года, мяне ўразіла борздкасць дэмакратычнага шэсця па краінах Усходняй Еўропы, узнясенне Вацлава Гавэла ў Чэхаславаччыне, хуткае ўз’яднанне Германіі...
Акрамя складаных паліталагічных вызначэнняў тых падзей ix можна вызначыць i проста — як вяртанне грамадства да здаровага сэнсу i элементарнай справядлівасці. Спрыяла таму воля — палітычная i духоўная воля найперш — інтэлігенцыі тых краін.
Вопыт дэкамунізацыі краін Усходняй i Цэнтральнай Еўропы засведчыў, бадай, ролю самой нацыянальнай інтэлігенцыі ў гэтым працэсе — як ролю ініцыятара i рухальніка пераўтварэнняў, за якім ідзе, да якога прыслухоўваецца, з каго бярэ прыклад астатняя частка жыхарства. Зусім не хацеў бы сцвердзіць, што беларуская інтэлігенцыя якаясьці «непаўнавартасная». Наадварот, мне здаецца, што нават тымі сіламі нацыянальнай інтэлігенцыі, якія меліся, калі б яны ў свой час i заўсёдна падтрымалі справу Беларускага Народнага Фронту, — можна было дамагчыся шмат болей ва ўсталяванні дэмакратычнай дзяржаўнасці i нацыянальнай волі ў сферы культуры. Аднак жа чаму, на вашу думку, належнай падтрымкі краёвай інтэлігенцыі БНФ не атрымаў?
— Уся справа ў тым, што ў таталітарным грамадстве не можа быць не толькі дэмакратычнай, але i колькі-небудзь незалежнай інтэлігенцыі (вядома, у яе агульнапрынятым разуменні). Частка грамадства, якая здабывала свой хлеб не фізічнай, а разумовай ці творчай працай, была цалкам на дзяржаўным утрыманні: пісьменнікі — праз спрэс дзяржаўныя выдавецтвы i выданні, мастакі — сістэму закупу дзяржавай ix твораў; вучоныя ды інжынерна-тэхнічныя кадры, акадэмічныя інстытуты — былі спрэс ангажаваны ВПК, дзе працавалі на ўзбраенне ці на ідэалагічнае забеспячэнне таталітарызму. Усе разам былі з’яднаны ўніверсальнай камуністычнай ідэалогіяй праз членства ў КПСС i яе разгалінаваныя структуры. У гэтай сістэме ім жылося няблага, трэба было толькі заплюшчыць вочы на жыццё народа ды паслухмяна выконваць волю любімай партыі.
Для яшчэ болей татальнага ахопу існавала сістэма карных органаў, калі вялізная частка інтэлігенцыі (таксама як рабочага класа, сялянства) надзейна трапіла ў іхнія картатэкі ў якасці «добраахвотных памочнікаў». Вядома, не ўсе тыя «памочнікі» займаліся даносамі i правакацыямі, мабыць, былі i тыя, хто не любіў сваю «добраахвотную» справу. Але ўжо ў сілу свайго далучэння да самага сакрэтнага, страшнага i таемнага яны былі надзейна пазбаўлены грамадзянскай волі i ні да якога БНФ далучыцца не маглі i марыць.
Адбываўся дзівосны па сваёй фантастычнасці працэс ператварэння грамадзян у камуністычных зомбі, які ў адносінах да нацыянальнай інтэлігенцыі шмат у чым скончыўся паспяхова. Страх як сродак не толькі самазахавання, але i пэўнага дабрабыту вызначыў поўны сервілізм гэтае часткі нацыі, надзейнае служкі таталітарнага рэжыму.
— Але ў нашай савецкай краіне, здаецца, прайшла перабудова, пэўны час усталёўваліся галоснасць i плюралізм (хай i «зверху»), што даволі прачысцілі «кароткакурсавыя» мазгі ўсяго грамадства, а тым болей інтэлігенцыі. Апроч таго, ці не пяты год (ад тае восені 1988-га) гаворым пра Адраджэнне, i гаворым вельмі нават патрыятычныя, узнёслыя рэчы...
Няўжо ўсё гэта, у сукупнасці ўзятае, ані не магло змяніць сервілісцкае псіхалогіі інтэлігенцыі, не паспрыяе выпрацоўцы яе незалежнай, дэмакратычнай пазіцыі цяпер?
— Цяпер, ва ўмовах камуністычнай рэстаўрацыі, я думаю, яшчэ болей абсурдна чакаць дэмакратычнай або нацыянальнай актывізацыі беларускай інтэлігенцыі. Найболей таленавітая i сумленная яе частка апынецца ў стане бязвер’я, зойме зручную пазіцыю маўклівай «унутранай эміграцыі», другая ж, што мае нязначныя творчыя здольнасці або толькі імітуе ix, з радасцю кінецца ў абдымкі да КПБ. Тым болей, што гэта апошняя вяртаецца з вымушаных вакацый, набраўшыся новае моцы i з заўжды ўласцівай ёй дзелавітасцю. Напэўна ж, яшчэ ў яе нямала прыхаваных у свой час грашовых сродкаў, якімі яна неяк падзеліцца i ca сваімі добраахвотнымі памагатымі...
— У сваіх развагах, бачу, вы схіляецеся да выказанай раней думкі наконт патрэбы змены пакаленняў — каб пазбавіцца камуністычнай ментальнасці. Шлях з камунізму, відаць, ідзе нейкімі этапамі; час ад часу з’яўляюцца людзі, што ўзыходзяць на грамадскую трыбуну ды імкнуцца хоць трошкі перасунуць наперад свядомасць сучаснікаў. Досыць эфектыўную ролю ў справе разавага «ачалавечання» савецкай сістэмы адыграла пакаленне шасцідзясятнікаў, праз якое цяперашнія палітыкі пераступаюць...
Вам, Васіль Уладзіміравіч, бачацца людзі, наступнікі шасцідзясятнікаў, хто ў межах нацыянальных дзяржаў можа ў бліжэйшым часе адыграць падобную «гуманізатарскую» ролю?
— На маю думку, няварта асабліва дакараць шасцідзясятнікаў, як гэта робяць некаторыя маскоўскія дэмакраты. Усё ж менавіта шасцідзясятнікі ў цяжкіх варунках таталітарнай сістэмы неяк уратавалі гонар найперш расейскай дэмакратыі. Цяпер, як вядома, тая дэмакратыя трапіла ў жахлівую крызу, апынулася на мяжы магчымасцяў уласнага існавання, i невядома, ці ўратуе ад дыскрэдытацыі ўласныя ідэі.
Але ўсё ж у гісторыі дэмакратычнага руху застануцца светлыя імёны яе рыцараў, людзей перадавой гуманістычнай думкі, такіх, як Ю. Афанасьеў, А. Бонэр, Ю. Каракін, наш зямляк А. Адамовіч ды некаторыя іншыя. Шкада, ix мала, але, трэба спадзявацца, некалі будзе болей. У тым ліку i ў Беларусі.
— Відаць, акрамя палітычных, ёсць i аб’ектыўныя, абумоўленыя станам i развіццём культуры прычыны нямасавасці адраджэнскага руху беларусаў. Бадай, галоўная з ix — падкаланіяльнае існаванне беларускай культуры ў XX стагоддзі, існаванне пад культураю расейскай.
Вы неяк заўважылі, што за савецкі час некалькі пакаленняў беларусаў прайшло міма сапраўднай нацыянальнай культуры, ці не большасць здабыткаў якой засталося ў мінулым, было вынесена за межы культурнага жыцця грамадства. Такім чынам, выраслі пакаленні людзей, што навучыліся існаваць па-за культурай. Адраджэнне ж — не што іншае, як вяртанне да культуры.
Як вы лічыце, разважаючы над прычынамі цяжкасцяў гэтага руху, ці не задужа беларускія рупліўцы ігнаруюць аб’ектыўны характар перашкодаў на ix шляху? Аб’ектыўны — г. зн. не залежны ад волі, маралі i зла, ці добранамераў паасобных людзей альбо суполак...
— Так, шмат якія пакаленні беларусаў выхоўваліся ў сферы расейскай культуры, што, як i кожная нацыянальная культура, вядома, мае свае значныя i нават вялікія здабыткі. Увогуле, гэта было б i няблага, асабліва калі ўлічыць, што ў тых умовах менавіта праз расейскую мову i культуру ў значнай меры ішло далучэнне беларусаў да здабыткаў сусветнай культуры. Але тут ёсць i пэўная нелагічнасць: з таго працэсу была найперш выключана свая, нацыянальная культура, якой належала стаць грунтам, падмуркам усяго грамадскага працэсу — як i ў кожным цывілізаваным грамадстве.
Нармальны працэс культурнага развіцця павінен быў выглядаць так: спярша ў самым поўным аб’ёме — уласная культура, затым іншыя — расейская, нямецкая, польская, ангельская, — чым болей, тым лепш, наколькі хапае да таго здольнасцяў грамадства ці асобнага яго члена.
Таго, аднак, не адбылося. Або адбылося зусім інакш: аднабакова, ненармальна, што садзейнічала ўтварэнню асаблівага, мутантнага генатыпу, маргінальнага ў культурных адносінах, няздольнага да ўспрыняцця сучаснай гуманістычнай культуры наогул.
Нашы палітычныя партыі (найперш, вядома, БНФ) з самага пачатку свае дзейнасці паставілі задачу культурнага адраджэння нацыі. Вядома, задачу высакародную, але i надта праблематычную ўжо хоць бы з тае прычыны, што ажыццяўлялася яна не на зусім прыдатным для таго матэрыяле. Не падмацаваная нацыянальнай самасвядомасцю народа, яна ўжо ўпачатку абяцала марудна i безвынікова сканаць. Відавочна, палітычныя прыярытэты некаторых дэмакратычных партый былі вызначаны неабачліва, a сілы для ix ажыццяўлення аказаліся абмежаванымі.
Зноў жа, відаць, не была ўлічана мера супраціву антынацыянальных сілаў, ix шматгадовая спрактыкаванасць у барацьбе з нацыянальным. Так, каб перамагчы ў вялікім, яны пайшлі на ўступкі ў меншым, дазволіўшы прыняць хоць бы рэлятывісцкі закон аб мовах, добра ведаючы, што выконвацца ён не будзе.
Цяпер яны навязваюць нацыі абсурдную дыскусію аб двухмоўі. Вядома, у аснове таго абсурду ляжыць пэўны разлік. Нацыянальнасведамая частка грамадства наіўна кідаецца ў спрэчку наконт пераваг дзвюх граматык: Тарашкевічавай i наркамаўкі, дыскутуючы аб разыходжанні ў трактоўцы мяккасці падвоеных зычных, a ў той час камуністычныя ўлады прыбіраюць пад сваю апеку ўвесь друк, маючы на мэце канчаткова ўсталяваць расейскае аднамоўе.
Прапагандысцкім прыкрыццём тае акцыі займаюцца сацыялагічныя інстытуты i агенцтвы, што сядзяць на ўтрыманні ўрада i ў любы момант з высмактанымі з пальцаў лічбамі могуць даказаць, што беларусы — супраць беларускай мовы, а КПБ — самая папулярная сярод ix партыя...
— Хуткасць і, я б сказаў, татальнасць камуністычнай рэстаўрацыі могуць сведчыць толькі пра адно: што пяць гадоў, патрачаных на перабудову, спробы эканамічных i палітычных рэформ не змянілі духу дзяржавы. Мадэль кіравання дзяржавай застаецца ранейшай, этакратычнай, дух дзяржавы — камуністычным. Але наперадзе ў Беларусі новыя выбары ў парламент i выбары прэзідэнта. Якой, на вашу думку, павінна быць палітычная тактыка нацыянальна-дэмакратычных сілаў на бліжэйшую перспектыву, каб — ва ўмовах апатыі грамадства — утрымаць ужо здабытыя пазіцыі?
— Тактыка можа быць толькі адна: аб’яднанне ўсіх дэмакратычных сілаў у адзіны блок. Бо антыдэмакратычныя сілы — КПБ, ПКБ, іншыя групоўкі, што да ix прымыкаюць, — актыўна гуртуюцца. Гэта вымагае эфектыўнага процідзеяння з боку сілаў дэмакратычных.
— Разважаючы над вашай творчасцю, прыходзіш да думкі, што аўтар твора, у якім вымаляваны псіхалагічныя тыпы беларусаў XX стагоддзя — Пятрок i Сцепаніда са «Знака бяды», — павінен пайсці рэтраспектыўным шляхам, у даўнейшую гісторыю, з якое вырастаюць гэтыя тыпы. Нешта ж павінна было так абязволіць беларускіх мужчын, зламаць ix волю да змагання за вольнае жыццё і, адпаведна, знешчаслівіць жанчын, чыя доля пад чужынцамі была асабліва гаротнай...
Ваш мастакоўскі «магістрал», Васіль Уладзіміравіч, ці не скіроўваецца туды, у гісторыю сярэднявечча?
— На жаль ці на шчасце, я не планую сваёй творчасці, якая ў мяне ма́е хутчэй імпульсіўны характар. Усё ж гісторыя — не мая парафія, тут я не валодаю патрэбнымі сродкамі i таму не бяруся за справу, у якой не ўпэўнены.
— У першым нумары часопіса «Полымя» за гэты год чытач пазнаёміўся з вашай новай ваеннай аповесцю «Сцюжа», пад якой пазначаны даты «1969; 1991». Ці азначае гэта, што пісьменнік яшчэ мае рахунак з вайной i не да канца яго сплаціў?
— А гэта вельмі проста. «Сцюжу» я пачаў менавіта ў 1969 годзе, дапісаў да паловы i кінуў, зразумеўшы, што надрукаваць яе будзе немагчыма. A калі i надрукуеш, дык не парадуешся. Дапісаў яе ў 1991 годзе.
— Паколькі гутарым мы ў час падрыхтоўкі святкавання ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой вы ўдзельнічаеце як сябра аргкамітэта святкавання. На вашу думку, наколькі істотна на палітычную свядомасць беларусаў можа паўплываць гэтая дата — па сутнасці, эпізод у віры падзей 1917–1921 гадоў?
— Так, гэта эпізод у нашай гісторыі, але эпізод вельмі важны. Можа, без таго эпізоду не было б i падзеі 1991 года, не ўваскрэсла б сама надзея на якую-небудзь дзяржаўнасць. Абвяшчэнне БНР у 1918 годзе само па сабе было актам болей сімвалічным, бо за ім не паследавала якіх-небудзь грамадскіх пераўтварэнняў. Але гэты акт увасобіў у сабе нацыянальна-дэмакратычны патэнцыял беларусаў, рэанімаваў важнейшую ідэю i заклаў падмурак.
Нягледзячы на пэўныя няўдачы ў будучым, ідэя жыла, а значыць, была жывая i надзея на яе адраджэнне. Яна жыве i цяпер, даючы моцы новым пакаленням беларусаў стрываць усё i дамагчыся жаданага. Таго, чаго ўжо дамагліся ўсе народы Еўропы. Мы — апошнія. Наша чарга...
1993