Беларуская Канада
Цягам больш як шасці тыдняў, што я правяла ў Канадзе па запрашэнні Згуртавання беларусаў, я пабывала ў розных гарадах, перагледзела тысячы старонак дакументальных сведчанняў беларускай прысутнасці ў гэтай краіне, сустракалася з рознымі людзьмі старой і новай эміграцыі, запісвала інтэрв’ю. Розныя асобы, часам трагічныя лёсы, часам вельмі паспяховыя... Цікавыя чалавечыя гісторыі...
Цягам больш як шасці тыдняў, што я правяла ў Канадзе па запрашэнні Згуртавання беларусаў, я пабывала ў розных гарадах, перагледзела тысячы старонак дакументальных сведчанняў беларускай прысутнасці ў гэтай краіне, сустракалася з рознымі людзьмі старой і новай эміграцыі, запісвала інтэрв’ю. Розныя асобы, часам трагічныя лёсы, часам вельмі паспяховыя... Цікавыя чалавечыя гісторыі...
Менавіта такім канкрэтным людзям, якіх я бачыла на старых здымках і старонках архіўных дакументаў, а таксама з якімі я сустракалася асабіста ў часе падарожжа, будуць прысвечаныя наступныя
мае матэрыялы на старонках «Новага часу». Магчыма, праз гэта і ўся Беларуская Канада стане крыху бліжэйшаю для суродзічаў у Беларусі.
Да апошняга моманту я не верыла ў тое, што маё канадскае падарожжа ўсё ж адбудзецца. І нават калі нарэшце апынулася ў аэрапорце Пірсана ў Таронта, яшчэ да канца не ўсведамляла, што на запрашэнне
Згуртавання беларусаў Канады я буду больш за месяц тут збіраць матэрыялы для новай кнігі, прысвечанай ім — мясцовым беларускім эмігрантам.
(На здымку: аўтар артыкула Наталля Гардзіенка. Кандыдат гістарычных навук, аўтар кніг «Беларусы ў Аўстраліі» (Мінск, 2004), «Беларусы ў Вялікабрытаніі» (Мінск, 2010)
Перадгісторыя
Беларуская Канада і была, і не была прадстаўлена ў літаратуры і публіцыстыцы. У савецкія часы, калі Таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой актыўна кантактавала з прасавецкай Федэрацыяй рускіх
канадцаў (створанай прадстаўнікамі міжваеннай эміграцыі, пераважна беларусамі), час ад часу выдаваліся адпаведныя брашуры. Тут пісалася пра падарожжы ў Канаду, спатканні з тымі беларусамі і пра іх
«моцную тугу па Радзіме». Некаторыя з былых суайчыннікаў і сапраўды вярталіся ў БССР, і нават рабіліся аўтарамі кніг, як Іван Шарынскі, што выдаў у 1969 годзе «Странствия
по Канаде».
Аднак у гэтых выданнях зусім не згадвалася пра беларусаў, якія трапілі ў Канаду пасля другой сусветнай вайны. Значная іх колькасць — былыя вайскоўцы славутай Арміі Андэрса ды перамешчаныя
асобы. Яны стварылі тут беларускую дыяспару, гісторыя якой налічвае ўжо больш за 60 гадоў. Гэта былі прынцыповыя антыкамуністы, і сваю гісторыю яны спрабавалі пісаць самі. Была англамоўная
«Гісторыя беларусаў Канады» (1981) доктара Яна Садоўскага, была вялікая кніга Раісы Жук-Грышкевіч, прысвечаная жыццю і дзейнасці мужа, старшыні Рады БНР, былі кнігі такіх жа адданых
жонак Марыі Ганько і Вольгі Грыцук пра сваіх мужоў — грамадскіх дзеячаў дыяспары, былі ўспаміны Івонкі Сурвілы.
І нягледзячы на ўсё гэта Канада заставалася найменш вядомай для метраполіі краінай беларускай дыяспары. Патрэба даследавання наспела даўно, аднак не хапала нейкага апошняга штуршка. Цяпер жа ўсё
нарэшце склалася, і пасля напісаных ужо мною кніг пра беларусаў Аўстраліі і Брытаніі яшчэ адзін дамініён у гэтым шэрагу выглядаў бы цалкам лагічна. З такімі думкамі і свядомасцю я пачынала сваё
падарожжа ў новую беларускую краіну.
Беларуская Атава
Першым горадам, дзе я затрымалася і спаткалася з беларусамі, была Атава — прыгожая, але невялікая сталіца даволі вялікай дзяржавы. Тут, як належыць галоўнаму ўрадаваму гораду краіны, выдатна
выконваецца прынцып дзяржаўнага дзвюхмоўя: усе надпісы робяць на дзвюх мовах, супрацоўнікі ўстановаў вітаюць цябе на дзвюх мовах, і нават прыпынкі ў аўтобусах можна пачуць і па-англійску, і
па-французску. Цікава, што варта пераехаць раку Атаву, і трапляеш у іншы горад — Гаціно, што знаходзіцца ўжо ў франкафонным штаце Квэбэк. Тут французскія надпісы папярэднічаюць англійскім і
вылучаюцца большымі літарамі.
Арганізаванае беларускае жыццё ў Атаве пачалося пазней за іншыя канадскія гарады — ад 1970-х, калі сюды з Іспаніі перабралася сям’я Янкі і Івонкі Сурвілаў. Доўгі час менавіта яны і
складалі аснову Атаўскага аддзелу Згуртавання беларусаў Канады. Жывучы ў сталіцы, дзе размешчаныя ўсе ўрадавыя ўстановы, Сурвілы асноўным кірункам сваёй дзейнасці абралі вонкавыя сувязі: яны
рэпрэзентавалі беларусаў на розных шматкультурных імпрэзах, мелі сталую карэспандэнцыю з урадаўцамі і палітыкамі па беларускіх пытаннях. З іх ініцыятывы і ўдзелам у Атаве ладзіліся навуковыя і
культурныя мерапрыемствы беларусаў. Пазней менавіта тут быў створаны Чарнобыльскі фонд, што займаўся арганізацыяй прыезду беларускіх дзяцей з забруджаных радыяцыяй рэгіёнаў на адпачынак у канадскія
сем’і. Пра ўсё гэта я пачула ад самой удзельніцы ўсіх згаданых ініцыятыў Івонкі Сурвілы.
У 1990-х у Атаве асела багата прадстаўнікоў новай хвалі эміграцыі. Шмат сярод іх было праграмістаў, што былі запатрабаваныя ў Канадзе. Спаткала я тут і прадстаўнікоў іншых прафесій: доктара
медыцынскіх навук Пётру Мурзёнку і кандыдата хіміка-біялагічных навук ягоную жонку Наталлю, кандыдата філалагічных навук Ірыну Лысенку і іншых. Менавіта з гэтымі людзьмі, шмат з якіх прафесійна
адбыліся і былі паспяховымі яшчэ ў Беларусі, звязаны працяг беларускага жыцця ў канадскай сталіцы. І тое, што гэтае жыццё сапраўды працягваецца, я змагла ўпэўніцца ў першы ж дзень свайго знаходжання
тут, трапіўшы на святкаванне ўгодкаў беларускай незалежнасці.
Манрэальскія беларусы Анатоль Храноўскі і Аляксандр Мяцеліца на пікеце беларускай амбасады ў Атаве, 1999 г.
Аднак найважнейшым пунктам маёй цікавасці ў Атаве былі не толькі людзі. Тут у Нацыянальным архіве Канады захоўваюцца беларускія фонды, з якімі дагэтуль ніхто з даследчыкаў не працаваў. Гэта фонды
прыватных асобаў і арганізацый. Адным з першых невялікі стос сваёй карэспандэнцыі аддаў пісьменнік Кастусь Акула. Пазней сюды трапіў архіў іншага беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча з
далёкага Вініпегу Міколы Сільвановіча. Адразу пасля смерці доктара Яна Садоўскага, кіраўнік славянскага аддзела архіву ўкраінец паводле паходжання Майран Момрык далучыў да калекцыі шматлікую і
разнастайную дакументальную спадчыну гэтага навукоўца. З часам тут апынуліся паперы Раісы Жук-Грышкевіч (у тым ліку і вялікія архівы Згуртавання беларусаў Канады і Каардынацыйнага камітэта беларусаў
Канады), Язэпа Баброўскага (архіў Беларускага нацыянальнага аб’яднання), ну і найбольш вядомы і нават легендарны ў нечым фонд беларускага літаратара і грамадскага дзеяча Сяргея Хмары.
Згаданыя зборы дакументаў з’яўляюцца сапраўднымі скарбамі для даследчыкаў не толькі канадскай дыяспары. Тут утрымліваецца карэспандэнцыя беларусаў з шматлікіх замежных асяродкаў, а таксама
перыёдыкі з розных краінаў свету. Не трэба казаць, з якім задавальненнем я цягам амаль месяца пераглядала адзначаныя дакументы, што стануць асновай будучай кнігі.
Беларускі асяродак Манрэаля
У сваёй архіўнай працы ў Атаве я зрабіла невялікі перапынак, каб наведаць Манрэаль. Цікава было пабачыць другі па велічыні франкамоўны горад свету.
Найбуйнейшы горад штату Квэбэк, вядомы сваім універсітэтам, портам, саборам Нотр-Дам, алімпійскім стадыёнам ды хакейнай камандай, быў некалі яшчэ і цэнтрам беларускага жыцця. Згуртаванне беларусаў
Квэбэку было вядомае найперш сваімі мастацкімі калектывамі. Найбуйнейшы з іх — мужчынскі хор «Жалейка», што складаўся з двух дзясяткаў беларускіх спевакоў, запісваў у
1950-х кружэлкі з беларускімі песнямі. Яго выступы можна было пачуць на нацыянальных мерапрыемствах і ў Манрэалі, і ў іншых канадскіх і амерыканскіх гарадах.
Вокладка кружэлкі хору “Жалейка з Манрэалю.
Доўгія гады галоўнымі дзеючымі асобамі беларускага жыцця ў Манрэалі была сям’я Анатоля Храноўскага, чацвёра дзяцей якога, народжаныя ўжо ў Канадзе, былі пастаяннымі ўдзельнікамі ўсіх
нацыянальных мерапрыемстваў. Сам Храноўскі і яго жонка-полька, што добра размаўляе па-беларуску, ужо колькі гадоў выдаюць адзіны ў Канадзе рэгулярны беларускі перыёдык — квартальнік пад
назвай «Прамень». Спадар Анатоль да сёння застаецца ідэалістам, як і раней, марыць набыць беларусам свой куток, каб была там грамадская зала, бібліятэка, царква. Праўда, жыве
сям’я беларуса ўжо не ў Манрэалі, а ў невялікім горным гарадку Сатан, на мяжы з ЗША, але сувязяў з манрэальскімі беларусамі не парывае. Хоць са старой эміграцыі засталіся ўжо лічаныя асобы,
а новая пакуль болей занятая ўладкаваннем і вырашэннем сваіх эканамічных праблемаў.
Сучаснасць беларускага асяродку ў Манрэалі даволі няпэўная. У гэтым годзе мясцовыя беларусы не змаглі сабрацца на традыцыйнае сакавіковае святкаванне. На жаль, не мела магчымасці і я спаткацца з
іншымі манрэальскімі беларусамі. Але хочацца спадзявацца, што багатая гісторыя гэтага беларускага асяродку не скончыцца і будзе мець працяг, трэба толькі пачакаць.
Беларусы Таронта
Скончыўшы свае архіўныя справы ў Атаве, я вярнулася ў Таронта. Гэты горад — цэнтр штата Антарыё — ужо больш за шэсць дзясяткаў гадоў з’яўляецца сапраўдным цэнтрам
беларускай Канады. Таронта сёння — месца канцэнтрацыі эмігрантаў розных нацыянальнасцяў. Тут ёсць польска-ўкраінскі, рускі, габрэйскі, кітайскі і іншыя нацыянальныя раёны, а таксама
абсалютна інтэрнацыянальны прыгожы цэнтр гораду з традыцыйнымі для сучасных мегаполісаў хмарачосамі і вялікімі гандлёвымі цэнтрамі, асартымент якіх не асабліва адрозніваецца ад нью-ёркскага ці
лонданскага — яскравыя адзнакі глабалізацыі.
Беларускі сцяг ля гарадской ратушы ў Таронта, упершыню ўзняты ў 1970 г.
Беларускае святкаванне ў Таронта 1971 г.
Запросіны на святкаванне ўгодкаў беларускай незалежнасці ў Таронта, 1961 г.
Інфармацыйная ўлётка пра святкаванне 25-годдзя парафіі Св. Ефрасінні Полацкай у Таронта.
Менавіта ў Таронта ў 1948 годзе было заснавана Згуртаванне беларусаў Канады, што да сёння застаецца найбуйнейшай беларускай арганізацыяй у гэтай краіне. З часам у згуртавання з’явіўся свой
дом — будынак, дзе месціцца Беларускі грамадска-рэлігійны цэнтр. Тут ёсць зала для правядзення нацыянальных мерапрыемстваў, а таксама невялікая праваслаўная каплічка Св. Кірылы Тураўскага,
дзе штотыдзень праводзіць беларускія набажэнствы епіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Святаслаў.
Будынак царквы Св. Ефрасінні Полацкай у Таронта.
Шыльда Беларускага грамадска-рэлігійнага цэнтру ў Таронта.
Будынак беларускага грамадска-рэлігійнага цэнтру ў Таронта.
Уладыка Святаслаў у капліцы Св. Кірылы Тураўскага ў Таронта.
Гісторыя беларусаў Таронта ведае шмат цікавых момантаў: гэта і беларускія песні, што ў 1950-х перыядычна гучалі на мясцовым радыё, і беларускія выставы ды цэлыя павільёны на рэгулярных
шматнацыянальных фестывалях «Караванах» у 1970-х, і рэгулярныя сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, што час ад часу праводзіліся ў гэтым канадскім горадзе, і беларускія перыёдыкі,
і цэнтр адпачынку «Слуцк» на прыгожым возеры, і шмат іншых цікавых ініцыятыў.
Ведае беларуская гісторыя Таронта і вялікі палітычна-рэлігійны падзел, у выніку якога ад 1952 годзе ў горадзе дзейнічалі дзве канкуруючыя беларускія арганізацыі: побач са Згуртаваннем беларусаў
Канады (ЗБК) з’явілася створанае часткай ягоных былых сябраў Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА), а пры ім і асобная беларуская царква Св. Ефрасінні Полацкай. Час вызначыў так,
што БНА не мела такой працяглай гісторыі, як ЗБК, але царква існуе і да сёння. Праўда, акрамя назвы нічога беларускага тут, на жаль, не засталося: маладая беларуская эміграцыя ў гэтую царкву не
прыйшла, а новы святар-украінец стаў гуртаваць вакол сябе выхадцаў з усяго былога СССР. На мясцовыя набажэнствы прыходзяць і рускія, і ўкраінцы, і грузіны, і малдаване, і іншыя. Няма толькі
беларусаў, таму з прыгожай царкоўнай залі папрыбіралі і беларускую сімволіку, і партрэты беларускіх класікаў.
У Таронта была яшчэ і асобная групоўка беларусаў, якую называлі «хмараўцы». Яе лідар пісьменнік Сяргей Хмара выступаў супраць палітычнага падзелу беларускай эміграцыі і ў выніку ,не
далучыўшыся ні да адной з групаў, стварыў сваю — «трэцюю сілу». Ён меў прыхільнікаў у розных краінах, і іх допісы можна пабачыць на старонках выдаванай Хмарам газеты
«Беларускі голас». Гэты перыёдык, што выходзіў цягам сарака гадоў — ад 1952 да 1992-га — стаў адным з найбольш працяглых беларускіх выдавецкіх праектаў на Захадзе,
а рабіў яго пераважна адзін чалавек — сам Сяргей Хмара. Акрамя таго, ён стаў заснавальнікам Канадскага клуба этнічных журналістаў і пісьменнікаў, а ягоная дачка Магдалена сёння
з’яўляецца нацыянальным віцэ-прэзідэнтам адной з канадскіх тэлекампаній.
Сам падзел і яго носьбіты сёння ўжо адышлі ў нябыт і пакінулі па сабе знакамі хіба што помнікі на могілках. Спецыяльных беларускіх дзялянак на могілках канадскія беларусы не куплялі, магчыма таму,
што прыязджалі яны сюды яшчэ маладымі і думаць пра гэткія праблемы ад пачатку не хацелі, потым жа было цяжэй. У выніку беларускія магілы можна знайсці часта на вялікіх украінскіх могільніках.
Збіранне звестак пра беларускія пахаванні — яшчэ адна цікавая сфера даследчай дзейнасці.
Але беларускае жыццё ў Таронта не скончылася з адыходам старых беларусаў. Даволі багатым на падзеі яно застаецца і сёння. Ужо каля 10 гадоў тут дзейнічае спеўны гурт «Яваровыя
людзі», створаны і кіраваны былой журналісткай «Нашай нівы» Віялетай Кавалёвай. Выдаецца (праўда, не вельмі рэгулярна) газета «Беларускае слова». Тут
праводзяцца беларускія мерапрыемствы рознага фармату. Прыкладам, у гэтым годзе святкаванне ўгодкаў 25 сакавіка тут адбывалася ў выглядзе вялікага мітынгу на гарадской плошчы з удзелам канадскіх
палітыкаў.
Выступ гурта “Яваровыя людзі на святкаванні ў Атаве, сакавік 2011 г.
Іншыя беларускія месцы
У часы росквіту Згуртавання беларусаў Канады ягоныя аддзелы былі ў Садбуры, Лондане, Гамільтане, Ашаве. Асобным беларускім цэнтрам быў таксама далёкі Вініпег. Аднак з часам згаданыя асяродкі спынілі
сваё існаванне. Ёсць асобныя сем’і: так, у антарыйскім Лондане яшчэ жыве Людміла Рагуля, жонка вядомага беларускага дзеяча і таленавітага доктара Барыса Рагулі, у Кінгстане жыве жонка Алеся
Грыцука, аўтара дысертацыі, прысвечанай Максіму Багдановічу, Вольга Грыцук. Ва ўніверсітэце Ватэрлоа працуе прафесар-беларусіст Зіна Гімпелевіч. Асобныя сем’і старой эміграцыі і прадстаўнікі
новай ёсць у Вініпегу. Магчыма, калісьці беларускае жыццё адновіцца ці народзіцца і ў іншых месцах Канады.
Адна з найстарэйшых беларусак у Канадзе Элеанора Пітушка мае 94 гады.