БагатаДата 31 жніўня — 6 верасня

Чым знакаміты Жан Жылібер? Ці ўсё вы ведаеце пра Івана Пуліхава? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні ў нашым аглядзе.

Помнік Жыліберу

Помнік Жыліберу

31 жніўня

1894. У вёсцы Грыгор’еўка, што ў Башкартастане, нарадзіўся беларускі і расійскі скульптар Аляксандр Грубэ. У другой палове 1920-х гадоў быў адным з арганізатараў і старшынёй Усебеларускага аб’яднання мастакоў, а ў 1940-х — старшынёй Саюза мастакоў БССР.

Аляксандр Грубэ. Лірнік, 1972

Аляксандр Грубэ. Лірнік, 1972

1 верасня

1969. Створаны вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры». Спачатку музыкі на чале з Уладзімірам Мулявіным былі «Лявонамі», а «Песнярамі» назваліся часова — для ўдзелу ў 1970 годзе ў эстрадным конкурсе ў Маскве. Там прыйшла слава на ўвесь былы СССР — і назва засталася. А праз год выйшла дэбютная кружэлка накладам 4 мільёны асобнікаў.

ru.wikipedia.org.jpg

Яшчэ праз некалькі гадоў былі гастролі ў ЗША і яшчэ большыя грамзапісныя наклады. Пасля расколу напрыканцы 1990-х гадоў «Песняры» кланаваліся на шэраг гуртоў.


2 верасня

1814. Не стала французскага медыка і біёлага Жана Эмануэля Жылібера, стваральніка і кіраўніка Гродзенскай медыцынскай акадэміі. Таксама ў Гродне ён заснаваў батанічны сад, акушэрскую і ветэрынарную школы. У гонар Жылібера названы галоўны гарадскі парк, што размешчаны на месцы сада, які той заклаў. На ўваходзе ў парк стаіць скульптура вучонага.

jean_emmanuel_gilibert_1741_1814.jpg


3 верасня

1894. У Жыровічах (Слонімскі раён Гродзеншчыны) нарадзіўся грамадскі актывіст пачатку мінулага стагоддзя Уладзімір Хлябцэвіч. Праз Першую сусветную вайну яго сям’я мусіла ўцякаць з вёскі Кленікі Бельскага павету на Беласточчыне, дзе бацька Уладзіміра Іван Хлябцэвіч, гісторык і педагог, служыў святаром, і апынулася ў расійскай Сызрані. У гэты час Хлябцэвіч вучыўся ва ўніверсітэце ў Санкт-Пецярбургу, быў актыўным удзельнікам грамадска-літаратурнага руху, у Сызрані бываў толькі на вакацыях. У 1917-м грымнула Лютаўская рэвалюцыя, у якой Хлябцэвіч браў актыўны ўдзел. Беларус быў застрэлены. Пахаваны ў Сызрані, адна з вуліц гэтага горада носіць яго імя.


4 верасня

1859. У фальварку Су­дзіловічы (цяпер гэта вёска Будзькаўшчына Полацкага раёна на Віцебшчыне) нара­дзіўся мовазнаўца, літаратуразнаўца, фалькларыст, выдавец Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Ён быў стваральнікам першай беларускай легальнай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Санкт-Пецярбургу.

epimach_szipila.jpg


Менавіта Эпімах-Шыпіла падрыхтаваў да друку першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка» і апекаваўся паэтам. У прыватнасці, дапамагаў яму з адукацыйнымі курсамі і даваў жытло (Купала папросту некалькі гадоў жыў у навукоўца). У 1930-я гады рэпрэсіі кранулі і Браніслава Эпімах-Шыпілу: яму загадалі з’ехаць з Мінска ў Ленінград, дзе ён і памёр.

Камень у вёсцы Залессеодпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

Камень у вёсцы Залессеодпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)


5 верасня

1879. У Мінску нарадзіўся Іван Пуліхаў, сацыяліст-рэвалюцыянер, імем якога названая вуліца ў сталіцы. Выканаўца няўдалага замаху на мінскага губернатара Курлова ў 1906 годзе (бомба не выбухнула). Павешаны і таемна пахаваны на ўскрайку Старажоўскіх могілак. Пра месца пахавання праз нейкі час распавёў вартаўнік могілак, і палітвязні ўшанавалі памяць Пуліхава ўсталяваннем каменя на яго магіле. Пасля зносу Старажоўскіх могілак у 1954 годзе Пуліхава перапахавалі на Вайсковых.

1944. У сяле Борскае Самарскай вобласці Расіі нарадзіўся беларускі акцёр Аляксандр Дзянісаў, які набыў вялізную папулярнасць пасля ролі Гамаюна ў фільме «Дзяржаўная граніца». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за ролю Дугіна ў спектаклі «Радавыя» ў Купалаўскім тэатры.

1964. У Баранавічах нарадзіўся беларуска-ўкраінскі кінарэжысёр Сяргей Лазніца. Апошнія яго вядомыя фільмы: «У тумане», «Данбас».


6 верасня

1934. У вёсцы Багушэвічы Бярэзінскага раёна нарадзіўся народны артыст Беларусі, акцёр тэатра (Купалаўскага) і кіно Валянцін Белахвосцік. Бацька актрысы Зоі Белахвосцік, зяць акцёра Глеба Глебава.

Валянцін Белахвосцік

Валянцін Белахвосцік


1954. У Мінску адкрыўся Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Тады ён называўся інакш — Беларускі інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі.

1954. У гэты дзень памёр вядомы беларускі хірург, ураджэнец Заслаўя Уладзімір Марзон. Працаваў галоўным лекарам клінікі лячэбна-санітарнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя БССР і дырэктарам Беларускага інстытуту ўдасканалення лекараў.