БагатаДата 25 студзеня — 1 лютага
Вы ведаеце, што, паводле адной з версій, прататыпам галоўнага героя рамана Эрнэста Хемінгуэя «Па кім звоніць звон» мог быць беларускі партызан? І што на тыдні будзе Міжнародны дзень без інтэрнэту? Гэтыя і іншыя цікавосткі — у нашым аглядзе.
25 студзеня
Міжнародны дзень мытніка.
1955. У вёсцы Кузьмічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці нарадзіўся архітэктар і мастацтвазнаўца Аляксандр Лакотка. Аўтар распрацоўкі Генплану Беларускага дзяржаўнага музею народнай архітэктуры і побыту, цяпер дырэктар Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук.
26 студзеня
1990. Вярхоўны Савет прыняў Закон «Аб мовах у Беларускай ССР». Беларуская мова была абвешчана адзінай дзяржаўнай. Сітуацыю змяніў ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндум 1995 года, пасля якога гэты статус быў скасаваны і пачалася русіфікацыя.
27 студзеня
Міжнародны дзень без інтэрнэту (адзначаецца ў апошнюю нядзелю студзеня).
1935. У сяле Падсадкі на Львоўшчыне ва Украіне нарадзіўся беларускі оперны спявак Зіновій Бабій. У 1960-х і 1970-х гадах — саліст Опернага тэатра. Таксама меў канцэртны рэпертуар, гастраляваў ад Францыі да Канады.
1940. У Краснадарскім краі Расіі нарадзіўся Анатоль Кастэнка, міністр абароны Беларусі ў 1994–1995 гадах.
28 студзеня
Міжнародны дзень абароны персанальных даных.
1895. У вёсцы Навасёлкі Барысаўскага раёна на Міншчыне нарадзіўся Аляксандр Хацкевіч, дзяржаўны дзеяч БССР. У яго кар’еры былі такія пасады: прадстаўнік урада БССР пры ўрадзе СССР, старшыня Нацыянальнай камісіі пры ЦВК БССР, на гады дзейнасці якой на чале з Хацкевічам прыпаў пік беларусізацыі, наркам фінансаў БССР. Улетку 1937 года арыштаваны ў Маскве і этапаваны ў Мінск, быў абвінавачаны ў прыналежнасці да «Арганізацыі правых» і асуджаны на смяротнае пакаранне.
1940. У вёсцы Змітраўка Клічаўскага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся пісьменнік Леанід Дайнека. Вядомы гістарычнымі раманамі «Меч князя Вячкі» і «След ваўкалака», а таксама фірмай па вырабе алкаголю пад брэндам «Крамбамбуля».
29 студзеня
1720. Дзесьці пад Віцебскам нарадзіўся беларускі і польскі драматург Францішак Багамолец. Стварыў каля двух дзясяткаў камедыяў, напісаў лібрэта да першай польскай оперы «Ашчасліўленая беднасць», пастаўленай у 1778 годзе ў Варшаве. Збіраў беларускія прыказкі і прымаўкі.
30 студзеня
1895. У вёсцы Мышкавічы Кіраўскага раёна нарадзіўся Кірыла Арлоўскі, удзельнік Грамадзянскай вайны ў Іспаніі, выведнік-дыверсант, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Другую сусветную вайну. Пасля яе быў старшынёй вядомага калгасу «Рассвет».
Арлоўскі — прататып галоўнага героя савецкага фільма «Старшыня», а таксама, паводле адной з версій, прататып галоўнага героя славутага рамана Эрнэста Хемінгуэя «Па кім звоніць звон».
31 студзеня
Міжнародны дзень ювеліра.
1975. У Мінску нарадзіўся адзін з самых папулярных сучасных беларускіх літаратараў Альгерд Бахарэвіч. Творы: «Дзеці Аліндаркі», «Белая муха, забойца мужчын», «Сабакі Еўропы», «Мае дзевяностыя».
1 лютага
1920. У Смаленску выйшаў першы нумар беларускамоўнай газеты «Савецкая Беларусь». Гэта не тая, што выходзіць сёння як «СБ. Беларусь сегодня». «Савецкая Беларусь» друкавалася да 1933 года.