Абоз з кавай, карэц маку, выратаваная Еўропа. Факты і міфы пра Венскую бітву
340 гадоў мінула з дня бітвы пад Венай 12 верасня 1683 года. Венская перамога над Асманскай імперыяй — істотная падзея на еўрапейскім кантыненце ў XVII стагоддзі. А яшчэ — гэта адна з нямногіх ваенных перамог, атрыманых Рэччу Паспалітай у канцы XVII стагоддзя, яе апошняя веліч і слава. Потым пачаўся схіл…
Гістарычны факт: Венская бітва адбылася 12 верасня 1683 года паміж аб’яднанымі войскамі Рэчы Паспалітай, Аўстрыі і Святой Рымскай імперыі пад камандаваннем караля Яна III Сабескага і войскам Асманскай імперыі пад камандаваннем вялікага візіра Кара Мустафы.
Адразу паўстаюць лагічныя пытанні: але ж дзе Турцыя, а дзе Вена? Чаму там адбылася бітва, чаму яна — вырашальная, і чаму войскам камандаваў манарх Рэчы Паспалітай? Акрамя геапалітычнай вагі, з гэтай бітвай звязваецца шэраг легендарных старонак. Доўгі час Венская бітва ўспрымалася як апошні трыумф Рэчы Паспалітай на міжнароднай арэне. А яшчэ, з падзеямі вераснёўскага дня 1683-га звязваецца з’яўленне на нашых сталах кавы. Што праўда, а што «венскі» міф? Трэба разабрацца.
Карані зацяжнога канфлікту
Войны з Асманскай імперыяй і яе хаўруснікамі Рэч Паспалітая вяла здаўна. Іх мэта — уласная бяспека і пашырэнне сферы ўплыву ў рэгіёне. Турцыя імкнулася падпарадкаваць новыя землі, Рэч Паспалітая ўспрымала гэтыя войны як абарону хрысціянскай цывілізацыі на ўсходзе Еўропы. Пік узброенага канфлікту прыйшоўся на 1620-я.
Спачатку фартуна спрыяла асманам: у кастрычніку 1620-га бітва пры Цэцоры скончылася поўным правалам Рэчы Паспалітай, што было звязана з дэзарганізацыяй салдат і мяцяжом часткі арміі. Гетман Станіслаў Жалкеўскі загінуў пры адступленні, хоць і да апошняга спрабаваў выратаваць войска…
Але ўжо праз год, у 1621 годзе, каронныя і літоўскія войскі пад камандаваннем славутага гетмана Яна Караля Хадкевіча атрымалі стратэгічную перамогу над турэцкім войскам пад Хоцінам, спыніўшы на наступныя дзесяцігоддзі іх напады на землі Рэчы Паспалітай. Але полымя канфлікту не загасла канчаткова.
Адносны мір працягваўся да 1673 года і наступнай бітвы пад Хоцінам, у якой Карона і Літва пад камандаваннем тады яшчэ вялікага кароннага гетмана Яна Сабескага атрымалі рашучую перамогу. Нягледзячы на паражэнне, Турцыя не змірылася і неўзабаве пачала рыхтавацца да новай вайны супраць Рэчы Паспалітай.
У той жа час турэцкі султанат праводзіў досыць агрэсіўную захопніцкую палітыку ў іншых частках Еўропы. У пачатку 1670-х гадоў узрасла пагроза нападу турэцкіх войскаў на дзяржаву Габсбургаў, да меж якой, падпарадкаваўшы Балканы, дацягнулася рука Турцыі. Перад тварам сур’ёзнага ворагу трэба было яднацца.
Альянс хрысціян на чале з каралём Сабескім
Імператар Леапольд I Габсбург, нягледзячы на тое, што першапачаткова адхіліў прапановы Рэчы Паспалітай наконт саюзу, у 1682 годзе сам пачаў яго дамагацца. Нарэшце 1 красавіка 1683 году быў заключаны польска-аўстрыйскі саюз супраць турак, гарантам якога стаў папа Інакенцій XI. Галоўныя ўмовы альянсу былі такія: Аўстрыя дапамагае Рэчы Паспалітай, калі туркі возьмуць у аблогу Кракаў, а Карона і Літва, у сваю чаргу, абавязаліся дапамагчы Аўстрыі, калі туркі з’явяцца пад Венай. Абумоўлена гэта тым, што ніхто не мог з дакладнасцю сказаць: а куды ж паверне вострая турэцкая шабля?
Краіны дамаўляліся аб дапамозе, ядналіся войскі. На чале вайсковай кааліцыі стаў кароль Рэчы Паспалітай Ян III Сабескі. Але чаму менавіта ён? Гэта супярэчыла прынамсі цырыманіяльнай іерархіі, бо аўстрыйскі імператар Леапольд I Габсбург быў вышэйшы за нашага манарха па тытуле.
Тое, што войскамі кааліцыі камандаваў Ян III Сабескі, было абумоўлена здаровым сэнсам. Імператар Леапольд сам адмовіўся ад камандавання арміяй, саступіўшы месца другому па рангу — каралю, чым праявіў разважлівасць. Імператар разумеў, што ён не вялікі правадыр, але ведаў, што Сабескі мае станоўчы вайсковы досвед барацьбы з туркамі і татарамі. Таму ён і павінен быў стаць галоўнакамандуючым.
Так Ян Сабескі прыняў адказнасць за бітву на сябе. Што праўда, промнямі славы яму трэба падзяліцца. Не меншую ролю ў перамозе 1683-га адыграў камандуючы войскамі Габсбургаў Карл Латарынгскі. Што цікава — і нават вельмі! — Карл быў канкурэнтам Сабескага ў барацьбе на выбарах за сталец Рэчы Паспалітай. Хоць аўстрыйскі пратэжэ і прайграў, але здолеў не затаіць крыўду, прынамсі на час вайсковай кампаніі. Карл Латарынгскі спачатку вельмі паважаў Сабескага як правадыра, падпарадкоўваўся яму. Фактычна супрацоўніцтва гэтых двух лідараў у значнай ступені паспрыяла будучай перамозе. Вось дзе сапраўды хрысціянскі альянс!
Вена ў паніцы
Калі з правадырамі ўсё зразумела, то што наконт войска і іх перасоўвання? З абодвух бакоў.
Ужо ў канцы студзеня 1683 года вялікая армія султана Мехмеда IV на чале з візірам Кара Мустафой пачала збірацца ў еўрапейскі паход. Армія султана сапраўды была вялікая па памеры. Падлічыць турэцкія шаблі — задача для гісторыкаў складаная, і па розных ацэнках пад штандары з паўмесяцам было сабрана ад 150 000 да 300 000 салдат. Інтэрвал вялікі! У гэты лік уваходзіць асманскае войска, янычары, аддзелы крымскіх татар, венгерская армія Імрэ Цёкёлі, малдаўскае і валашскае апалчэнне.
Армія султана рушыла з гораду Эдырнэ праз Бялград да аўстрыйскай мяжы… І ўжо ў пачатку ліпеня турэцкае войска падышло да сцен Вены.
У Вене была паніка! Справа ў тым, што аўстрыйцы занадта позна пачалі мабілізацыю. Супраць шматлікага ворага было выстаўлена толькі 30–35 тысяч шабель. Горад рыхтаваўся да абароны, якой камандаваў генерал Эрнст Штархемберг. У яго падпарадкаванні было 18 тысяч салдат і муры горада. Урэшце, 14 ліпеня пачалася аблога аўстрыйскай сталіцы.
У Рэч Паспалітую тэрмінова быў накіраваны ганец з найважнейшай просьбай: паводле дагавора кароль Ян ІІІ Сабескі павінен выправіцца на дапамогу Вене. Пачалася ліхаманкавая падрыхтоўка! І ўжо 2 жніўня пад Кракавам сабралася войска Сабескага, а 3 верасня гэтыя войскі сустрэліся з аўстрыйскімі і нямецкімі на Дунаі. Ян III Сабескі прыняў камандаванне ўсім войскам, якое налічвала агулам 67 тысяч чалавек. Што ж гэта былі за войскі?
Аснова арміі Сабескага — 26 тысяч кароннага войска: гусары, панцырныя роты, лёгкая кавалерыя, драгуны пяхота, гарматы… Акрамя таго, Сабескі вёў тысячы аўстрыйцаў, баварцаў, франкоўцаў, швабцаў, саксонцаў і запарожскіх казакаў… Але ў гэтай вайсковай махіне не было адной важнай дэталі: літвінаў.
Літвіны не прыйшлі
Сапраўды, войскі з Вялікага Княства Літоўскага ў Венскай бітве не ўдзельнічалі. Чаму ж так сталася? Няўжо здрада?
Вернемся ў жнівень, калі Ян ІІІ Сабескі з каронным войскам чакаў у Кракаве. Усё рабілася імкліва і ў мітусні манарх атрымліваў хвалюючыя паведамленні. Вена ў аблозе! Туркі пруць! Трымаемся на апошнім выдыху… А тут — літвіны на чале з гетманам Казімірам Янам Сапегам затрымліваюцца! Не дачакаўшыся, войскі Сабескага рушылі ў паход.
Калі армія караля выправілася з Кракава, ваяры з ВКЛ толькі падыходзілі да Варшавы і нетаропкаю хадою крочылі вакольнымі шляхамі. Што праўда, войска гэта было не малым: 10 тысяч ваяроў. Калі Сабескі быў ужо пад Венай, літвіны мінулі Кракаў, дзе атрымалі загад скіравацца ў Венгрыю. Там паспяхова і ваявала войска Вялікага Княства Літоўскага ў тую кампанію супраць турэцкага хаўрусніка Імрэ Цёкёлі.
Але што стала прычынай гэтай затрымкі? Гэта не выпадкова, гэта — праява пазіцыі і барацьбы за самастойнасць ад Кароны. Маўляў, самі вызначым куды рушыць і з кім ваяваць. Да таго ж эліты ВКЛ у тыя часы не былі прыхільнікамі дому Габсбргаў і ваяваць за іх імперыю не спяшаліся ў прамым сэнсе.
Карэц маку ад Мустафы
Хоць і без 10-тысячнага войска з ВКЛ, армія Сабескага падышла пад Вену, каб скрыжаваць шаблі з войскам Кара Мустафы. Аб падзеях перад бітвай ёсць адна папулярная легенда.
Сітуацыя такая: Кара Мустафа нібыта прыслаў Сабескаму карэц маку, сцвярджаючы, што турэцкае войска такое шматлікае. Сабескі ў адказ прыслаў карэц перцу, каб паказаць, што яго войскі хоць і меншыя па колькасці, але вострыя, як перац.
Легенда прыхожая і павучальная, гісторыя кранальная, але непраўдападобная. Чаму? Хаця б таму, што Кара Мустафа да апошняга не верыў, што Сабескі прыйдзе пад Вену. А яшчэ, нават саюзныя войскі да апошняга не ведалі, хто будзе галоўнакамандуючым, адкуль Кара Мустафа мог ведаць, што гэта будзе Сабескі?
Вырашальны дзень верасня
І вось момант ісціны: хто каго?
Бітва пачалася 12 верасня а 4-й гадзіне раніцы, калі туркі першымі атакавалі саюзнікаў, каб перашкодзіць ім як след размеркаваць свае сілы. Аўстрыйцы контратакавалі з левага фланга, у той час як немцы атакавалі цэнтр турак. Гэты наступ збіў з толку Кара Мустафу, цяпер ён быў вымушаны контратакаваць.
А ў гэты самы час, частка элітных янычарскіх аддзелаў была пакінутая для штурму горада. Турэцкія сапёры пракапалі тунэль для падрыву сцен, а пакуль яны ліхаманкава засыпалі яго, для ўзмацнення выбуху, аўстрыйцы паспелі пракапаць сустрэчны тунэль і своечасова нейтралізаваць міну.
Праз некаторы момант у атаку пайшлі каронныя войскі, якія нанеслі магутны ўдар па правым флангу турак. З улікам такога раскладу, асманы мяняюць план: цяпер галоўная стаўка была не на тым, каб разграміць саюзнікаў, а разлік на тое, каб тэрмінова захопіць горад.
Бітва трывала 12 гадзін. Каронныя войскі мужна стрымлівалі правы фланг туркаў. Надыходзіў вырашальны этап бітвы. Прыкладна а 17-й гадзіне вечара, падзеленая на чатыры часткі кавалерыя, якая дагэтуль у бітве не ўдзельнічала, пайшла ў напад. 20 000 кавалерыстаў пад асабістым камандаваннем Яна Сабескага спусціліся з пагоркаў і прарвалі шэрагі турак, якія і без таго стаміліся пасля цэлага дня бітвы на два фронту. Энергічныя вершнікі ўдарылі па турэцкім лагеры, і ў той жа час гарнізон Вены выбег з горада і далучыўся да бітвы.
Асманскія войскі былі не толькі фізічна выматаныя, але і псіхалагічна падаўленыя. Атака кавалерыі прымусіла іх адступіць на поўдзень і на ўсход. Менш чым праз тры гадзіны пасля нападу сваёй кавалерыі саюзнікі атрымалі поўную перамогу.
Пасля бітвы Ян Сабескі перафразаваў знакамітае выказванне Юлія Цэзара, сказаўшы: «Venimus, Vidimus, Deus vicit» — «Мы прыйшлі, мы ўбачылі, Бог перамог».
Легенда пра каву
З перамогай пад Венай звязана, між іншага, легенда пра каву. Маўляў, менавіта пасля перамогі ў Венскай бітве ў Еўропе і Рэчы Паспалітай пачалі піць каву, з’явіліся кавярні.
Сапраўды, у турэцкім лагеры былі знойдзеныя вялікія запасы кавы. З асманскіх хронік вядома, што Кара Мустафа адносіўся да кавы гэтак жа, як да гарэлкі падчас Другой сусветнай вайны ў савецкім войску. Гэтак жа, як савецкаму салдату давалі «наркамаўскія» 100 грамаў, перад штурмам асманскія салдаты, асабліва фармаванні, якія першымі падымаліся на сцены, атрымлівалі каву. Кава ў XVII стагоддзі аказвала на людзей значна большы ўплыў, чым сёння, таму што чалавечы арганізм не быў прывыкшы да яе. Яна п’яніла і бадзёрыла звышнатуральным чынам.
Кара Мустафа
Нібыта пасля прайгранай бітвы запасы кавы трапілі ў рукі пераможцаў, і звычай піць каву стаў папулярным у Вене, а там — і ў Еўропе. У гэтай гісторыі ёсць і персанаж русін Юры Францішак Кульчыцкі, чалавек, які навучыў Еўропу піць каву.
Глядзіце таксама
Але праўда такая, што ў той час кава была ўжо вядомая ў Еўропе. У Венецыі, Лондане і Парыжы кавярні існавалі яшчэ да венскіх падзей. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай пасля захопу Камянца-Падольскага туркі заснавалі ў горадзе 10 кавярняў…
Легенда прыхожая, яна жыве, яна выкарыстоўваецца і — мае перспектыву.
Венская кавярня Кульчыцкага
Ці сапраўды бітва — вырашальная?
Туркі разгромленыя, Вена вызваленая і ўратаваная, Ян ІІІ Сабескі ў промнях славы. Дакладным фактам застаецца тое, што, дзякуючы перамозе пад кіраўніцтвам Сабескага, удалося адціснуць асманскае войска ад Вены, выратаваць горад і канчаткова ліквідаваць турэцкую пагрозу Цэнтральнай Еўропе.
Уваход караля Сабескага ў Вену
Аднак часам пераацэньваецца небяспека з боку Асманскай імперыі і бачанне Рэчы Паспалітай, якая ратуе Еўропу ад мусульманскай небяспекі, з’яўляецца гістарычным злоўжываннем.
Тут можна згуляць у альтэрнатыўную гісторыі і паразважаць: а што было б, калі б Сабескі не пайшоў пад Вену? Горад можна было б заваяваць туркам. Толькі што толку з таго? Імператар быў ужо ў Лінцы, адной з рэзідэнцый Габсбургаў, ён таксама мог пераехаць і ў Прагу або Інсбрук. Туркі не змаглі б надоўга заняць Вену з-за надыходзячай зімы і хутчэй за ўсё праз месяц пакінулі б горад. Дарэчы, Вена была не такім ужо і значным тады горадам. Сталіцай імперыі і мастацтва яна стала пасля бітвы, а ў першай палове XVII стагоддзя Прага была галоўнай сталіцай Габсбургаў, а не Вена, і не Прага была ў аблозе, а толькі Вена.
Але ж як сталася, што перамога набыла такую трыумфальную афарбоўку?
Справа ў тым, што Сабескі асабіста клапаціўся пра тое, каб яго дасягненні атрымалі розгалас. Ён быў майстрам маркетынгу! Кароль дасылаў лісты сваёй жонцы, каралеве Марысеньцы, не толькі для таго, каб выказаць тугу, але і даваў ёй вельмі дакладныя інструкцыі адносна таго, колькі з гэтых лістоў трэба адпраўляць неадкладна ў Амстэрдам. У той час горад быў медыя-цэнтрам, а выдадзеныя там навіны ў выглядзе ўлётак даходзілі да чытачоў па ўсёй Еўропе. Тут Сабескі досыць удала пра сябе заявіў, а вынік — відавочны. Яго ўспрымаюць як збаўцу Еўропы.
Трыумфальны партрэт Яна ІІІ Сабескага
Падзяка Габсбургаў прыйшла праз стагоддзе
І што ж адбылося ў выніку?
Хоць у той час яшчэ ніхто гэтага не ведаў, але бітва пад Венай абумовіла ход усёй вайны. Туркі беспаспяхова ваявалі наступныя 16 гадоў, страціўшы Венгрыю і Трансільванію, пакуль канчаткова не прызналі сваё паражэнне. Асманская выправа на Вену стала апошнім падобным яе агрэсіўным выступам у Цэнтральнай Еўропе.
Глядзіце таксама
Але ж сяброўства Аўстрыі і Рэчы Паспалітай аказалася нядоўгім. Пасля гэтай перамогі, Карл V Латарынгскі прыняўся прыніжаць ролю Яна III Сабескага і кароннага войска ў бітве. Ні сам Сабескі, ні Рэч Паспалітая ад выратавання Аўстрыі нічога істотнага не атрымалі. Наадварот, бітва пад Венай стала прадвеснем зараджэння будучай Аўстрыйскай імперыі і падзення Рэчы Паспалітай: у 1772 і 1795 гадах «удзячныя» Габсбургі прынялі чынны ўдзел у першым і трэцім раздзелах Рэчы Паспалітай.
Затое нам дасталася… кава і легенда пра яе прыход на нас.