Задуманая ўладамі эканамічная мадэрнізацыя носіць імітацыйны характар, лічыць лідар Партыі БНФ

Эканамічная мадэрнізацыя, пра якую апошнім часам часта гавораць улады, носіць імітацыйны характар, заявіў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч на пасяджэнні сойма арганізацыі.



januk.jpg

"Размовы, якія вядуць улады пра мадэрнізацыю, не падразумяваюць нейкія істотныя змяненні ў дзяржаўнай сістэме. У эканоміцы пад гэтым паняццем улады лічаць простае абнаўленне асноўных фондаў прадпрыемстваў — сістэматычныя ж змяненні нават не плануюцца", — сказаў ён.
Янукевіч лічыць, што гаворка пра мадэрнізацыю звязана з уваходжаннем Расіі ў СГА і, як вынік гэтага, растучай неканкурэнтаздольнасцю беларускай прадукцыі на расійскім рынку. "Але замест прыцягнення замежных інвестараў, якія маглі б прынесці ў беларускую эканоміку грошы і новыя тэхналогіі, улады дырэктыўнымі ўказаннямі заклікаюць да абнаўлення асноўных фондаў прадпрыемстваў за кошт крэдытаў і ўласнага прыбытку арганізацый", — адзначыў ён.
На думку Янукевіча, у выніку беларуская эканоміка стане яшчэ менш канкурэнтаздольнай і яшчэ больш залежнай ад Расіі. "Замест рэальнай мадэрнізацыі ўлады будуць выбіваць крэдыты, ідучы са свайго боку на палітычныя і эканамічныя ўступкі расійскім уладам", — сказаў ён.
У якасці пацвярджэння сваіх слоў Янукевіч назваў прызначэнні Віктара Шэймана кіраўніком спраў прэзідэнта і Пятра Пракаповіча намеснікам прэм`ер-міністра. "Гэтых людзей проста немагчыма звязаць з мадэрнізацыяй", — падкрэсліў ён. Сяргей Каралевіч, БелаПАН