За акцыю пратэсту ў цэнтры Мінска грамадскай актывістцы прысудзілі 40 базавых адзінак штрафу

Пасля трох сутак утрымання за кратамі адбыўся суд над грамадскай актывісткай Аленай Талстой, затрыманай на Дзень Волі ў цэнтры Мінска за асабістую акцыю пратэста. Суд Цэнтральнага раёна сталіцы прысудзіў ёй сёння 40 базавых адзінак штрафу.

talstaja.jpg

Нагадаем, што 25 сакавіка сустаршыня Руху Салідарнасці "Разам" Алена Талстая паспрабавала прыкаваць сябе да слупа на цэнтральнай плошчы Мінска з плакатам "Дзень Волі ў няволі. СВАБОДУ НАРОДУ!". Актывістка была затрыманая АМАПам і змешчаная за краты.

Аб ходзе судовага паседжання, што адбылося 28 сакавіка інфармаваў на сваёй старонцы ў Facebook грамадскі і палітычны актывіст Вячаслаў Сіўчык. Прыводзім вытрымкі з яго паведамленняў: 

  • Адваката не дапусцілі ў ІВС да Алены да судовага паседжання.
  • Людзі ў цывільным спрабавалі зачыніць дзверы і не пусціць прысутных на судовы працэс.
  • Паседжанне вяла суддзя Цэнтральнага суда Вікторыя Шабуня. Яна не задаволіла хадайніцтва Алены Талстой весці працэс па-беларуску.
  • З пратаколам Алену Талстую азнаёмілі толькі ў судзе. За трое сутак за кратамі ніхто так і не азнаёміў яе з ім, хоць часу для гэтага было дастаткова.
  • Алена Талстая спытала ў сведкі яе ўчынка — камандзіра роты АМАПа, што ён зрабіў з бел-чырвонным-белым сцягам, які вырваў з яе рук. Адказу не было і суддзя дапамагла яму сфармуляваць іх.
  • На пытанні адваката сведка адмаўляўся даваць уцямныя адказы.
  • Другі сведка адзначыў, што выконваў загады кіраўніцтва. Усё астатняе, нават з дапамогай суддзі, сведкі паясніць не маглі, часам адмаўляліся адказваць, часам адказвалі не ведаю.
  • Працэсуальных парушэнняў з боку міліцыі шмат, усё міліцыяй аформлена з парушэннямі (і, сапраўды, навошта. Начальства загадала пасадзіць - ну, і пасадзілі), суддзя не звяртае ўвагу - "суд выправіў памылкі". Цікава, як, бо не азнаёмілі з правамі і г.д. і т.п.
  • Алена Талстая трымалася вельмі годна, а адвакат прапаноўвала спыніць справу.
  • Паведамляецца, што перад працэсам была збіта на пешаходным пераходзе 79-гадовая маці Алены Талстой, якая ішла на працэс. Атрымала траўму галавы яна спазнілася на суд. Дачку ўпершыню за апошнія дні пабачыла толькі ў перапынку.