З прычынаў глыбокага прагматызму
Лукашэнка вызваліў палітвязняў. Ці ўдасца афіцыйнаму Мінску «нармалізаваць адносіны з Захадам» такім чынам? Што ён спадзяецца з гэтага атрымаць, зразумела: легітымацыю і грошы. Але ці атрымае? Сумніўна.
Зразумела, ніякім «гуманізмам», як гэта напісана ва ўказе аб памілаванні, вызваленне палітвязняў і не патыхае. «Гуманізм» быў бы, калі б усе былі вызваленыя з «першай хваляй» памілаваных «за Плошчу», то бок у 2011-м годзе. Зараз, калі амаль усе амаль да канца адбылі свае турэмныя тэрміны пра «гуманізм» казаць складана. Асабліва ўлічваючы той момант, што некаторым не так даўно яшчэ і «навесілі» дадатковыя тэрмины зняволення за «парушэнне правілаў адбыцця пакарання».
Відавочна, што ўладу прыціснула. І разлік на тое, што вызваленне палітвязняў, а затым абяцаныя нам «самыя празрыстыя і сумленныя выбары» будуць ацэненыя ў Еўропе. Менавіта «ацэненыя», і Захад у чарговы раз дасць нам грошай, напрыклад, у выглядзе крэдыта МВФ. Сапраўды, колькі можна ўбухваць сотні мільярдаў еўра ў Грэцыю, дзясяткі — ва Украіну, і шкадаваць «жалкіх» трох-пяці мільярдаў для «сінявокай» у самым цэнтры Еўропы. Інакш, як «грошы», беларускія ўлады «нармалізацыю адносінаў з Захадам» не ўспрымаюць.
Ці ўдасца афіцыйнаму Мінску «нармалізаваць адносіны» такім чынам? Шмат хто непакоіцца, што пасля выпуску палітвязняў і адноснай «лібералізацыі» на выбарах беларускі рэжым будзе легітымізаваны на міжнароднай арэне. А Лукашэнка з Ярмошынай вылецяць са «спісу неўяздных» у Еўропу.
На тое спадзяецца ўлада. Але, на маю думку, гэтыя спадзяванні як мінімум перабольшаныя, як максімум — нічым не апраўданыя.
Навіна пра вызваленне палітвязняў, — самая радасная. Але, пасля таго, як крыху сцішылася эйфарыя, утаймаваліся эмоцыі, і мы крыху прыйшлі ў розум, найперш, варта зазначыць, што вызваленыя не ўсе палітвязні. А толькі знакавыя. Па-ранейшым за кратамі застаецца «вяршыня» праваабарончай арганізацыі «Платформа» — Андрэй Бандарэнка і нядаўна асуджаны Міхаіл Жамчужны. Нягледзячы на ўяўныя «крымінальныя артыкулы», у праваабаронцаў да іх зняволення таксама ўзнікаюць пытанні — хаця б з нагоды працэдурных парушэнняў у гэтых працэсах.
Так што казаць пра вызваленне «ўсіх палітвязняў», як падалі гэта некаторыя інфармацыйныя рэсурсы, не выпадае.
Па-другое, як адзначылі ўжо некаторыя прадстаўнікі Еўропы, «памілаваныя» кіраўніком дзяржавы асобы ўвогуле не павінны былі трапляць за краты. А значыць, і не маюць патрэбы ў «гуманізме» з боку ўлады.
Што ж тычыцца выбараў… Канешне, Аляксандр Рыгоравіч крыху паламаў планы апазіцыі. Найперш, той не вельмі шматлікай яе часткі, якая выступала за байкот гэтых выбараў. Ён выбіў з іх рук адзін з козыраў, самым моцным з якіх быў Мікалай Статкевіч. Маўляў, якія выбары, калі кандыдат у прэзідэнты з мінулай кампаніі яшчэ сядзіць? Зараз Статкевіч на волі, і гэтага козыра ўжо няма.
Я б не сцвярджаў упэўнена, што вызваленне палітвязняў (яшчэ раз падкрэслю — ня ўсіх), адаб’ецца на стаўленні Захада да беларускіх выбараў. Канешне, гэты факт будзе адзначаны, як «станоўчы крок» пад час электаральнай падзеі. Але Лукашэнка ўжо столькі разоў вызваляў палітвязняў перад выбарамі, што гэта ўжо не дзіва. Да гэтага гандлю ўжо звыкліся, і наўрад ці канстатацыя «станоўчага кроку» якімсці чынам паўплывае на стаўленне да беларускай улады.
Асабліва ў тых умовах, калі ўлада звыкла для сябе прадэманстравала — адпускаюць адных, набіраюць іншых. Прынамсі, «графітыстаў», якіх беларускія праваабаронцы, нават насуперак сваёй традыцыі «дачакацца судовага працэсу» ўжо абвясцілі вязнямі сумлення.
А галоўнае, — час ужо уладам синявокай зразумець, як разглядае выбары Еўропа. Выбары — гэта не вынік, і не апошні дзень галасавання, а працэс. Працэс ад пачатку іх абвяшчэння і да разгляду апошняй скаргі па іх выніках ў судзе. І ў гэтым працэсе важнае ўсё, і гэты працэс ужо зараз наўрад ці выглядае «дэмакратычным і сумленным».
Пачынаючы ад абвяшчэння выбараў. Напрыклад, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў лічыць прызначэнне даты галасавання 11 кастрычніка «датэрміновымі выбарамі», што не адпавядае Канстытуцыі і заканадаўству. Потым — «брутальны выруб» з кампаніі Юрыя Шульгана. Нерэгістрацыя ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча ў тым жа шэрагу. Не таму, што Статкевіч, як судзімы, не мае права балатавацца на прэзідэнта, а таму, што было абмежаванае выбарчае права не Статкевіча, а цалкам законапаслухмяных грамадзянаў — іх права вылучаць таго, хто ім падабаецца. Хоць ката Барсіка.
Дарэчы, наконт ініцыятывы журналіста Васіля Сямашкі вылучыць свайго ката прэтэндэнтам у прэзідэнты. Калі б ініцыятыўная група Барсіка складала б сто чалавек, гэты спіс таксама б мусіла прыняць ЦВК. І толькі потым адмовіць Барсіку ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы — напрыклад, з прычыны таго, што жывёлінка не дасягнула патрэбных 35 год, каб балатаваца на пасаду кіраўніка дзяржавы. Альбо таму, што ў ката няма пашпарту і прапіскі.
Свабодныя выбары ўключаюць у сябе шмат фактараў. Напрыклад, свабоду слова. А якая можа быць свабода слова, калі ўлады адкрылі сапраўдны «сезон палявання» на журналістаў-фрылансераў? Свабодныя выбары ўключаюцьу сябе права грамадзян на аб’яднанне ў арганізацыі і асацыяцыі. А ўлады ўжо ў пяты раз забаранілі БХД. З той жа серыі і права на правядзенне мірных акцыяў і права на выказванне сваіх меркаванняў. Перадвыбарчыя пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты не маюць да гэтага дачынення — затое маюць дачыненне паўсюдна забараняемыя пікеты супраць збяднення насельніцтва альбо за тое ж вызваленне палітвязняў.
Гэта той «выбарчы працэс», як яго разглядаюць у Еўропе. А не «дзень галасавання», як выбары разглядаюць у Беларусі.
Таму аднамомантны «выкід палітвязняў» не ўплывае ані на выбарчы працэс, ані на «прызнанне выбараў».
І не выключана, што Еўропа ў чарговы раз выкруціцца. Што мы атрымалі за «міратворчую дзейнасць Лукашэнкі па Украіне»? За ўсе «мінскія дамоўленасці» і «кантактныя групы»? Беларусь палітычна прынялі ў Балонскі працэс. Крок добры, але наўрад ці той, на які ўлады разлічвалі.
Магчыма, у адказ на вызваленне шасці палітвязняў мы таксама атрымаем «наступны крок» ад Еўропы і Захаду ў цэлым. Але наўрад ці ён будзе такім, на які спадзяецца афіцыйны Мінск.