Выбары як спецаперацыя рэжыму

Дэмсілы прапануюць некалькі стратэгій паводзінаў на так званых «выбарах» для сваіх прыхільнікаў: галасаванне супраць усіх, байкот і галасаванне за іншага кандыдата. А прыхільнікі рэжыму рыхтуюцца «вызваляць будынкі з захопнікамі». 

58773223_1005.jpg

Для чарговых «выбараў Лукашэнкі» ўлады як быццам узялі дэвіз «Давай зробім гэта па-хуткаму». На рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў засталіся лічаныя дні: дэдлайн — ужо 1 лістапада, гэта значыць напрыканцы гэтага працоўнага тыдня.

Спіс сваёй ініцыятыўнай групы падаў у ЦВК і апазіцыянер Юрась Губарэвіч, які жыве за мяжой. Але зразумела, што гэта толькі сімвалічны жэст, каб потым мець лішні аргумент: ніякіх выбараў няма, піша на «Позірку»Аляксандр Класкоўскі.

Губарэвіч — каардынатар адукацыйнай кампаніі «Кадравы рэзерв для новай Беларусі», якую рэжым прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» і пераследуе ў крымінальным парадку. «Экстрэміста» ЦВК «адшые» адразу.

Зыход «бязвыбараў», як называюць іх праціўнікі рэжыму, дыскусій не выклікае, каментатары забаўляюцца толькі варажбой, чаму галасаванне прызначанае менавіта на 26 студзеня.

Унутры краіны быццам усё схоплена, забетанавана. І Масква дала Аляксандру Лукашэнку цэтлік на новую кадэнцыю. Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, безапеляцыйна заявіў, што «ўсе будуць падтрымліваць у Расіі менавіта кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча». Расійскі амбасадар у Мінску Барыс Грызлоў паабяцаў, калі спатрэбіцца, і сілавую падтрымку з боку Крамля.

Але ўлады Беларусі ўсё роўна спяшаюцца. Кампанію вырашана правесці ў рэжыме апаранай кошкі, са «зрухам па фазе» на паўгода.

Лукашэнка, мяркуючы з усяго, спяшаецца «перагарнуць старонку», закрыць гештальт. Тут можа быць куча фактараў, якія падганяюць: фобіі, эканоміка, вайна, здароўе.

Якую лічбу замовіць Лукашэнка?

Днямі ў інтэрв'ю «Известиям» Лукашэнка, хоць ніхто яго за язык не цягнуў, закрануў тэму фальсіфікацый на выбарах 2020 года. З крыўдай абвяргаючы тагачасны здзеклівы мем сваіх праціўнікаў «Саша 3%», ён фактычна (і ўжо не ўпершыню) прызнаў падтасоўкі. Маўляў, так, што зробіш, «губернатары» спаборнічаюць за прыгожыя лічбы: «Ну, добра, няхай 3% [прыпісалі]— не 82, а 78%. Ну няхай 5 — хай 75% я рэальна набраў. Але ніхто не аспрэчвае перамогу».

Ну, гэта якраз і аспрэчвалі тады масы на вуліцах. А галоўнае — імкнучыся даказаць сваю легітымнасць, кіраўнік нават не ўсведамляе, што даказвае адваротнае. Сам выкрывае ўласную сістэму. Пры чым наогул вертыкаль да падліку галасоў? Паводле закону, гэта павінны рабіць незалежныя выбаркамы.

Інакш кажучы, Лукашэнка пацвярджае, што на справе лічбы для пратаколаў дыктуюць яго падначаленыя — мясцовыя вертыкальшчыкі. І гэта злачынства — незалежна ад таго, колькі прыпісалі (прытым што ў 2020-м, мяркуючы па ўсім, дадалі правадыру істотна). Для сістэмы ж, як бачым, гэта руціна, норма.


Глядзіце таксама

І цяпер у гэтым плане ва ўладаў канчаткова развязаныя рукі. У выбаркамах, сярод назіральнікаў апазіцыянераў не будзе нават у гомеапатычных дозах, як у больш мяккія часы.

І тут пытанне толькі ў тым, якую лічбу захоча Лукашэнка. Хтосьці дапускае, што ён мае намер перафрантаваць Пуціна, які ў сакавіку «набраў» больш за 87%. Другія схіляюцца да таго, што кіраўнік Беларусі, жадаючы імітаваць крыху плюралізму, падыграць еўрапейцам, аддасць перавагу вынікам больш сціплым.

Спецаперацыя па «спыненні захопу»

Пасля шоку 2020 года ўлады лічаць за лепшае перастрахавацца, загнаць усе цвікі па самую плешку. Яны нават не хаваюць, што разглядаюць кампанію як спецаперацыю.

Кіраўнік МУС Іван Кубракоў назваў прэзідэнцкія выбары «чарговым іспытам» для свайго ведамства. Паводле слоў міністра, ужо з лістапада «наступіць актыўная фаза правядзення вучэнняў і трэніровак». Сярод іншага, адпрацуюць баявое зладжванне (!), спецпадраздзяленні будуць рыхтавацца да выканання задач па «вызваленні закладнікаў і спыненні захопу адміністрацыйных будынкаў з масавым знаходжаннем грамадзян» (!).

Як быццам і сапраўды чакаюць, што 26 студзеня Святлана Ціханоўская на чале калоны джыпаў з кулямётамі здзейсніць рэйд да будынка ЦВК.

У такіх паводзінаў уладаў як мінімум два матывы. Па-першае, насамрэч працуюць фобіі (рэха ашаламляльнага мірнага паўстання 2020 года). Па-другое, і сілавікі, і цывільныя вертыкальшчыкі проста выслужваюцца. Дэманструюць, перш за ўсё правадыру, што яны напагатове і ў поўным узбраенні.


Глядзіце таксама

Саму кампанію сціснулі да мяжы. Перадвыбарчая агітацыя — з 1 па 25 студзеня. Гэты час, калі народ адзначае святы, гуляе, даядае аліўе. Гэта значыць, усё прадумана для мінімальнай палітызацыі. Як быццам у праекцыі на ранейшыя часы, калі апазіцыя яшчэ магла неяк варухнуцца.

Між тым, ужо заявіў пра намер балатавацца вядомы апалагет рэжыму — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч. Фігура цалкам прадказальная.

Усяго, трэба думаць, будзе два-тры спойлеры. Гэта ўскосна пацвердзіў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, спрагназаваўшы, што ў бюлетэнях акажацца тры-чатыры прозвішчы.

Па прыколе галасаваць за Гайдукевіча?

Галоўныя структуры дэмакратычных сіл на сёння як асноўную разглядаюць стратэгію галасаваць на «бязвыбарах» супраць усіх. Рух «Вольная Беларусь» Зянона Пазняка заклікае да байкоту. Некаторыя ў апазіцыі (напрыклад, сябра Каардынацыйнай рады блогер Аляксандр Кныровіч) выставілі ідэю галасаваць за спойлера, скажам, таго ж Гайдукевіча — паводле прынцыпу «разумнага галасавання» Аляксея Навальнага.

Ідзе спрэчка, што лепш. У кожнага з бакоў свае аргументы. Прыхільнікі галасавання супраць усіх прызнаюць: так, галасы не лічацца. Але давайце, маўляў, падштурхнем сваіх прыхільнікаў хаця б да маральнага пратэсту, любая мабілізацыя лепшая за бяздзейнасць.

Ім пярэчаць адэпты байкоту. Маўляў, толькі дапаможаце рэжыму зрабіць яўку, прыгожую карцінку. І міжволі паспрыяеце легітымацыі гэтага фарсу. А самая маральная пазіцыя — паставіць яго ў «ігнор».


Глядзіце таксама

Ідэя галасаваць па прыколе за Гайдукевіча апраўдваецца, у прыватнасці, тым, што гэта нібыта дасць магчымасць агітаваць супраць Лукашэнкі. Але цяжка сабе ўявіць, што ўнутры краіны хтосьці на гэта вырашыцца. Ды шмат каму і проста брыдка будзе выступаць, нават робячы выгляд, за дзеяча, які хоча, каб ворагаў «ванітавала ад кожнага кандыдата ў прэзідэнты, які ўдзельнічае ў выбарах». Да таго ж, такая дзіўная гульня дэмсіл паставіла б у тупік іх заходніх партнёраў.

Заклік галасаваць супраць усіх, які, хутчэй за ўсё, будзе раскручвацца мэйнстрымам палітычнай эміграцыі, таксама наўрад ці выкліча шырокі водгук сярод прыхільнікаў перамен унутры краіны.

Шмат хто будзе думаць: а дзеля чаго, як мы даведаемся, колькі людзей паказала вось так дулю ў кішэні? А хтосьці проста пабаіцца, што яго птушачку ў графе «супраць усіх» адсочаць якой-небудзь схаванай камерай.

Сутычка разгорнецца толькі ў рытарычнай плоскасці

У прынцыпе ж, усе пералічаныя падыходы нельга назваць сапраўднымі стратэгіямі. У цяперашняй беларускай палітычнай сітуацыі ні адзін варыянт, па вялікім рахунку, не спрацуе. Той выпадак, калі супраць лому няма прыёму, як адзначыў у Фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Ён лічыць, што «адзіна правільную тактыку і стратэгію на цяперашнім мерапрыемстве для апанентаў рэжыму можна абмаляваць выразам "берагчы сябе". Гэта значыць людзям у Беларусі трэба імкнуцца перажыць гэтую спецаперацыю рэжыму з найменшымі персанальнымі стратамі».


Глядзіце таксама

Зрэшты, логіка каманды Ціханоўскай зразумелая: трэба як мінімум прадэманстраваць, што яны не маюць намеру сядзець склаўшы рукі. Так што найбольш верагодным падыходам застаецца заклік галасаваць супраць усіх.

Рэальна ж актыўнасць разгорнецца ў інфармацыйнай прасторы, у рытарычнай плоскасці. Дэмсілы будуць даказваць гораду і свету (чытай: Захаду), што выбараў няма і кіраўнік нелегітымны.

Хоць зразумела, што ён ад гэтай канстатацыі галаву попелам не пасыпле і не з'едзе, як імператар Дыяклетыян, саджаць капусту ў правінцыі. Ён працягвае саджаць тых, хто замахваецца на яго самадзяржаўную ўладу.