«Я даю Лукашэнку дзесяць гадоў». Ці чакаць змены ўлады ў краіне?
Розныя аналітыкі лічаць, што прагнозы на будучыню не могуць быць аптымістычнымі: нічога добрага, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, нас не чакае. А сыходзіць ён відавочна не збіраецца.
«Пакуль на некаторых платформах усё яшчэ спрачаюцца, ці пойдзе Аляксандр Лукашэнка на выбары, і нават спрабуюць угадаць, каго ён выбраў сваім пераемнікам, сам уладар даволі актыўна пачаў праводзіць уласную перадвыбарчую кампанію, — піша Валерый Карбалевіч на «Свабодзе». — Ужо адбыліся дзве сустрэчы Лукашэнкі са студэнтамі, і ягоная прэсавая служба анансуе працяг такіх сустрэч».
У плане зместу і пасылаў гэтай перадвыбарчай кампаніі нічога цікавага не з'явілася, Лукашэнка спявае «старыя песні пра галоўнае»: Беларусь у атачэнні ворагаў, нас спрабуюць уцягнуць у вайну, «гарант» — адзіная крыніца міру ў краіне. Аднак ёсць і новыя мэсэджы, піша Карбалевіч:
«Выступаючы перад студэнтамі, Лукашэнка гаварыў пра неабходнасць ажыццявіць "навукова-тэхнічную рэвалюцыю". Сам тэрмін — з савецкіх часоў. Лукашэнка заахвочваў студэнтаў абяцаннямі стварыць нейкія новыя структуры, якія будуць рухаць тэхнічны прагрэс, гаварыў пра космас. Таму, маўляў, не варта марыць пра эміграцыю, будзе чым заняцца дома».
А тым часам у эміграцыі ўсё яшчэ не прадставілі аніякага плана дзеянняў падчас так званых «выбараў». Розныя галасы ў дэмсілах заяўляюць, што, нягледзячы на чарговае самапрызначэнне, якое відавочна адбудзецца ў наступным годзе, рэжым доўга не пратрымаецца, а самога Лукашэнку ўжо чакае «цягнік да Гаагі».
З імі не згодны Сяргей Навумчык. У сваім ТГ-канале ён абвяргае некаторыя заявы дэмсіл:
«Не бачу ніякіх падстаў прагназаваць, як гэта робяць некаторыя аналітыкі, "змякчэнне" рэжыму, роўна як і "пацяпленне" адносінаў з Захадам. Наадварот — рэпрэсіі будуць набываюць усё больш жорсткі і масавы характар. Цяпер караюць ужо тых, хто хоць неяк, хоць мінімальна, засвяціўся ў нейкіх маршах 2020 года альбо калісьці паставіў "лайк" (арганізатары і актыўныя ўдзельнікі ўжо пакараныя). Тут, канешне, прастора для сілавікоў неабсяжная: выходзіла пад мільён, з'ехалі не ўсе. Тысяч сто набярэцца дакладна, было б куды садзіць.
Лукашэнка, з яго звярыным інстынктам самазахавання, разумее, што любое "пацяпленне" выкліча ланцуговую рэакцыю спачатку ўсё больш імклівага аслаблення, а затым і страты ўлады. Ён вельмі добра памятае, як скончыў Гарбачоў, не кажучы ўжо пра ўрок 2020-га».
Не варта, упэўнены Навумчык, спадзявацца і на транзіт улады: дыктатар пакіне «трон» толькі ў выпадку смерці, якая, паводле журналіста, абудзецца не так хутка, як многім хацелася б. Навумчык перакананы, што Лукашэнка працягне яшчэ з дзясятак гадоў — а значыць, выбары 2030 года (калі яны будуць) таксама не абыдуцца без яго.
«За 40 апошніх гадоў медыцына прагрэсавала ў разы. Мінімальна дзесяць гадоў жыцця я Лукашэнку даю. Адпаведна, і ўзурпацыі ўлады (тое, што ён пойдзе на "выбары" у 2030-м, можаце нават не сумнявацца).
Далей можна шмат разважаць над "Што рабіць?", але на пачатку трэба пазбавіцца ад ілюзій. У такой сітуацыі ілюзіі — стан вельмі шкодны, і 2020 год гэта паказаў.»
У 2020 годзе многія мелі спадзеў, што Пуцін палічыць Лукашэнку таксічным і «заменіць» яго кімсьці больш зручным. Але і тады, і цяпер на гэта не варта спадзявацца, лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. У сваім інтэрв'ю «BGmedia» ён акцэнтуе ўвагу на тым, што Лукашэнка стаў настолькі блізкім расійскаму кіраўніку, што яго нават пазнаёмілі з «таемнай сям'ёй»:
«Мне здаецца, што, разважаючы пра Пуціна і Лукашэнку, многія застаюцца ў палоне ўяўленняў і баек, якія склаліся яшчэ да 2020 года пра тое, што Пуцін яго не любіць, дрэнна да яго ставіцца. Давайце паглядзім, што адбываецца пасля 2020 года, хто ездзіць у Расію часцей за ўсё, каго прадстаўляюць сям'і Пуціна, калі верыць расследаванню цэнтра "Дасье". Лукашэнка ведаў пра "таемную" сям'ю Пуціна, пра яго дзяцей. Для Пуціна нікога бліжэй, чым Лукашэнка, няма. Навошта яго мяняць, навошта выдаваць нейкі ордэн і патрабаваць сысці? Такімі кадрамі ў такіх умовах не раскідваюцца.
Я б сказаў нават больш: нават калі б Лукашэнка сёння захацеў сысці, не факт, што Крэмль дазволіць гэта. "Разам прыйшлі, разам і сыдзем"».