Усім дзякуй, усе свабодныя!

Беларусы жывуць і плануюць выжываць надалей зусім не дзякуючы розным «прарыўным дакументам» улады. А, хутчэй, насуперак ім.

use_volnyja.jpg

Ужо шмат казалася пра «самы сенсацыйны» дэкрэт Лукашэнкі пра развіццё прадпрымальніцтва. Зараз высвятляецца, што ён прыняты ў фармаце «як заўсёды», і яго існаванне — факт, хутчэй, трывожны, чым абнадзейваючы. Прынамсі, менавіта так яго расцэньваюць эксперты-практыкі. А хто можа быць лепшым экспертам у гэтай галіне, як не той, які па гэтых дакументах працуе?

У Мінску на тыдні прайшоў форум прадпрымальнікаў, якія канстатавалі, што новы дакумент, з-за якога было столькі шораху, ніякіх істотных палёгкаў для іх не дае. Так, скарачаюцца некаторыя віды дзейнасці, на якія былі патрэбныя дазволы. Скарачаюцца праверкі санстанцыяў і пажарных. Але гэта не тое, што трэба дробнаму бізнесу. Фундаментальных праблемаў — такіх, як дзеянне ўказу №222 пра дакументы, што пацвярджаюць куплю тавару, і пра абмежаванне наёму працоўнай сілы, адабранне і канфіскацыю тавараў падаткавікамі, — гэты дэкрэт не вырашае.

Між тым, на форуме былі агучаныя трывожныя лічбы, якія сапраўды паказваюць, што ІП як клас могуць знікнуць. Не ў выніку нейкіх захадаў улады, а з-за натуральнай смерці. 65% ІП сёння старэйшыя за 45 гадоў. То бок, «новай крыві» ў гэты сектар эканомікі не ўліваецца.

Галоўную пагрозу сваёй справе амаль 60% прадпрымальнікаў бачаць у дзеяннях кіраўніка краіны і ўраду. Шматлікія ўказы і дэкрэты, на думку прадпрымальнікаў, ускладняюць ім працу.

Але замест таго, каб прыслухацца да людзей, чыноўнікі ў чарговы раз паспрабавалі з іх нешта «састрыгчы». Паказальны ў гэтым імкненні выступ на мерапрыемстве дарадчыцы кіраўніка Савета па развіцці прадпрымальніцтва Таццяны Быкавай. Яна сказала, што «дзяржава і грамадства павінны выказаць падзяку людзям, якія так доўга ў гэтым бізнесе. Гэта сапраўды цэлая эпоха — 20 гадоў». Але потым заявіла: «Эпоха гэтая зацягнулася». І прывяла ў прыклад Польшчу, якая «пайшла далёка наперад». «Вы павінны вырашыць, што зрабіць, каб не застыць у 90-х гадах», — адзначыла чыноўніца.

Пры гэтым яна паведаміла, што, паводле статыстыкі, цяпер ІП дае 2,3% у бюджэт, але «калі вы пакажаце, што можаце даваць 2,9% ці 3%, гэта будзе фактарам, каб дзяржава пайшла на саступкі».

Падаецца, што спадарыня Быкава не разумее прымітыўнай рэчы: каб абскубсці ягня, яго трэба спачатку выгадаваць. Па-першае, 2,3% у бюджэт — гэта немалая сума: гэта ў два разы больш, чым краіна выдаткоўвае, напрыклад, на войска! Па-другое, ІП могуць даваць і 3%, і 5%, і нават 10% у бюджэт — калі іх не будуць душыць. І, па-трэцяе, калі ўжо параўноўваць з Польшчай — дык давайце нашым ІП нададзім такія ж умовы вядзення бізнесу, як палякам. І, ведаючы нашых людзей, невядома, хто каго ў прыклад будзе ставіць праз пяць гадоў.

На тыдні Лукашэнка правёў чарговую нараду па высокіх тэхналогіях. З гэтай нагоды вядомы ІТ-бізнесмен Віктар Пракапеня на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў: «Дарагія сябры, ІТ-шнікі! Вынікі сённяшняй нарады па лічбавай эканоміцы: дэкрэт будзе падпісаны да канца гэтага года — суперліберальны варыянт з падтрымкай усіх спосабаў прымянення блокчэйна, 100% адсутнасцю бюракратыі, любых бізнес-мадэляў, у тым ліку прадуктовых, поўнай волі ў найманні замежных спецыялістаў, падтрымкай адукацыі, інстытутаў англійскага права і гэтак далей». Баюся, што ў выніку Пракапеня можа атрымаць зусім не тое, што яму абяцалі, — як гэта здарылася з прадпрымальнікамі.

І такая верагоднасць даволі вялікая. Бо пра тое, што ўказ цалкам узгоднены і Лукашэнку засталося толькі паставіць у ім аўтограф, на мінулым тыдні паведамляў Саўмін. Як бы там ні было, аўтограф не пастаўлены — і пакуль незразумела, чаму.

Даволі вяла ў нас ідзе і палітычная кампанія. Няшмат хто чакае сенсацыяў ад выбараў у мясцовыя саветы, аднак і тут мы адкатваемся назад. Гэтым разам кандыдат у дэпутаты мясцовых саветаў зможа выступаць на радыё не больш за 3 хвіліны — раней было 5 хвілін. Больш за тое, выступы не будуць транслявацца ў жывым эфіры, толькі ў запісе. Зразумела, запіс можна адцэнзураваць як заўгодна.

Але не ўсё вымяраецца дэкрэтамі і ўказамі. Я часцяком думаю: што б мы рабілі без нашага Аляксандра Рыгоравіча? Пра што б мы пісалі? Вось і на гэтым тыдні Лукашэнка выдаў сенсацыю. На II Беларускім навуковым з'ездзе ў Мінску ён, як піша «Інтэрфакс», адказаў на папрокі ў тым, што краіна праводзіць «мяккую беларусізацыю». «Папракаюць у мяккай беларусізацыі. Слухайце, мне што, тут германізацыю зладзіць?» — запытаўся Лукашэнка.

Пры гэтым, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, у гэтым яго не папракае ні народ Расіі, ні яго кіраўніцтва. «Гэта асобныя дзеячы і заказуха, як нядаўна мне сказаў Пуцін тут у Мінску», — адзначыў ён.

Шчыра кажучы, Лукашэнка вельмі ганарыцца тым, што ён у 1990-х «зняў рускіх з валізак». І ў тым, што ў краіне адбываецца «мяккая беларусізацыя», ніякай заслугі ўладаў няма. Гэта робіцца, хутчэй, насуперак ёй. Каб у нас была ўладная беларусізацыя, у нас бы, прынамсі, даўным-даўно ў Мінску з’явілася вуліца Васіля Быкава.

«Мяккую беларусізацыю» забяспечваюць пакуль выключна энтузіясты з грамадскіх арганізацый і ініцыятыў. Усё больш з’яўляецца беларускага бізнесу, беларускай рэкламы… І не таму, што гэта «беларусізацыя», — таму, што такі бізнес больш заўважны, а беларускамоўная рэклама больш прыцягвае ўвагу, а значыць, лепш працуе. Таму закідаць пра «мяккую беларусізацыю» Лукашэнку — гэта блытаць цёплае з мяккім.

Вось, напрыклад, у Мінску на доме па вуліцы Мележа, дзе жыў славуты наш суайчыннік, народны паэт Рыгор Барадулін, з’явіцца памятная дошка. Яе плануецца адкрыць яшчэ да Калядаў. Але гэта адбудзецца не дзякуючы ўладам, а дзякуючы актывісту Глебу Лабадзенку. Менавіта ён ініцыяваў збор сродкаў на праект, менавіта ён займаўся неабходнымі ўзгадненнямі. І ў выніку ў Фэйсбуку напісаў, што «дошка атрымала ўсе неабходныя ўзгадненні і ўжо адліваецца».

А 26 лютага ў сталічным Доме культуры ветэранаў адбудзецца святкаванне дня нараджэння Барадуліна і прымеркаваная да гэтай нагоды прэзентацыя альбома «Песні матчыны з Вушаччыны». На кружэлку, якую склалі народныя песні з радзімы дзядзькі Рыгора ў выкананні сучасных артыстаў, сабралі грошы праз краўдфандынг.

І ні дзяржава, ні Лукашэнка ў гэтай беларусізацыі — ні пры чым.