Украіна хоча, каб яе заяўку на сяброўства ў ЕС разглядалі асобна ад Грузіі і Малдовы
Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба выступае за тое, каб заяўка Украіны на сяброўства ў Еўрапейскім саюзе разглядалася асобна ад заявак Грузіі і Малдовы. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка МЗС, піша "Еўрапейская праўда".
Кулеба падкрэсліў, што ўкраінцы абараняюць мір і бяспеку Еўропы коштам уласных жыццяў, і цяпер Украіна фактычна ператварылася ў фарпост Еўрапейскага саюза, які спыняе разбуральнае расійскае зло ад прасоўвання ўглыб еўрапейскага кантынента.
МЗС заклікае ўкраінцаў у краінах ЕС да маштабных акцыяў з патрабаваннем хуткага ўступлення Украіны ў Еўрасаюз.
"Пры ўсёй павазе да нашых грузінскіх і малдаўскіх партнёраў, падача Малдовай і Грузіяй заявак на сяброўства ў ЕС менавіта цяпер выглядае як спроба прычапіць свае два вагоны да хуткаснага ўкраінскага цягніка, які рухаецца ў Брусэль. Заяўка Украіны на паскоранае атрыманне сяброўства ў ЕС павінна разглядацца асобна ад заявак Грузіі і Малдовы", — перакананы міністр замежных спраў Украіны.
Ён падкрэсліў, што Украіна падтрымлівае еўрапейскую інтэграцыю Грузіі і Малдовы, але не жадае грузінскаму і малдаўскаму народам перажыць жахі, праз якія цяпер праходзяць украінцы.