У Вярхоўным судзе будуць судзіць былога памочніка Лукашэнкі
Але інфармацыю аб гэтым працэсе Вярхоўны суд абмяжуе.
— Інфармацыя аб судовым разбіральніцтве па крымінальнай справе ў дачыненні Раўнейка С.В. з'яўляецца інфармацыяй, распаўсюд ці прадстаўленне якой абмежавана ў сілу артыкула 17 Закона РБ "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі", — адказаў журналістам намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч.
У сувязі з якім менавіта з пунктаў абмежаваная інфармацыя, у адказе не кажуць.
Нагадаем, аб затрыманні памочніка прэзідэнта Беларусі — інспектара па Гарадзенскай вобласці Сяргея Раўнейка стала вядома ў 2018-м. Яго ўзялі з палічным пры вымагальніцтве і атрыманні хабару ў памеры 200 тысяч долараў.
Намеснік генпракуррора Аляксей Стук тады сказаў:
— Па Раўнейка — ёсць факт атрымання хабару, узбуджаная крымінальная справа, вядзеццца расследаванне. Атрымаў [хабар] ад кіраўніка буйнога сумеснага закрытага акцыянернага таварыства за спрыяльнае рашэнне на ягоную карысць у частцы арганізацыі цыгарэтнага бізнесу.
Выказаўся пасля затрымання свайго памочніка і Лукашэнка, сказаўшы што ён "вёў сябе як сапраўдны бандыт".
Паводле TUT.BY