У Расіі СМІ масава прасоўваюць тэзу аб планах утварэння «Федэратыўнай рэспублікі Украіна»

Пасля ўварвання вайсковых сіл Расіі на тэрыторыю Украіны, пачынаючы з 27 лютага, расійскія сайты пачалі масава пашыраць інфармацыю пра нібыта планы стварэння так званай «Федэратыўнай рэспублікі Украіна», піша ўкраінская служба «Радыё Свабода».

08640000_0a00_0242_9e12_08d9fc6d97b4_w1023_r1_s.webp


Першая публікацыя з'явілася на сайце «Мир и мы», дзе аўтары спасылаюцца на маніфест, які нібыта ініцыявалі «некалькі дэпутатаў гарадскіх і абласных радаў Украіны», якія, як сцвярджаецца, аб’ядналіся ў так званы «Савет дэпутатаў абласцей Украіны». Сам дакумент асобна не публікуюць, як і імёны яго падпісантаў.
«Мы, свабодны народ Харкаўскай, Мікалаеўскай, Сумскай, Чарнігаўскай і іншых абласцей Украіны, аб’яўляем і абвяшчаем стварэнне новай дэмакратычнай дзяржавы Федэратыўнай рэспублікі Украіна», — такія тэзісы масава прасоўваюцца ў расійскай інтэрнет-прасторы.
Сэрвісу адсочвання распаўсюджвання публікацый ahrefs.com удалося знайсці каля 8 тысяч спасылак на артыкул аб так званым «маніфесце» на сайце «Мир и мы». Уручную знайшлі каля 100 унікальных навінавых сайтаў РФ, якія перадрукавалі гэты матэрыял.
Цяпер пераважна інфармацыю распаўсюджваюць на дробных і рэгіянальных сайтах: «Аргументы и факты: Дагестан», ГТРК «Адыгея», «Новости Брянска», «Тамбовский курьер», «Московский комсомолец: Екатеринбург» і іншых.
Некаторыя з іх пачалі цытаваць экспертаў, якія і раней агучвалі антыўкраінскую рыторыку, напрыклад, адстаўнога маёра ФСБ Аляксандра Міхайлава. У каментары ён мяркуе, што да стварэння новых «рэспублік» з Украіны могуць далучыцца «этнічныя вугорцы, якія захочуць іншы варыянт адносін».
Раней выданне «Украінская праўда» таксама паведаміла, што ўлады Расіі нібыта збіраюцца прасунуць на пасаду прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, які ўцёк у расійскі Растоў пасля Рэвалюцыі Годнасці ў 2014 годзе.