Шкодная дыпламатыя. Чым займаецца ААН у Беларусі?

«ААН у Беларусі выступае ў якасці нейтральнай, доўгатэрміновай структуры, якая садзейнічае дыялогу і супрацоўніцтву паміж усімі зацікаўленымі бакамі, уключаючы ўрад, прыватны сектар і грамадзянскую супольнасць», — рэгулярна адзначаецца ў прэс-рэлізах беларускага Офісу арганізацыі. Але выглядае, што рэальнае садзейнічанне губляецца ў плыні дыпламатычных фармулёвак і фармальных сустрэчаў, якія легітымізуюць рэжым Лукашэнкі. 

Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Расул Багіраў са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Фота Белта

Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Расул Багіраў са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Фота Белта

Прааналізуем апошнія дзеянні і заявы прадстаўніцтва ААН у Беларусі.

Сустрэчы з Качанавай і Грызловым

29 жніўня адбылася сустрэча Пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі Расула Багірава са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Кароткі прэс-рэліз мерапрыемства атрымаўся красамоўным.

Падчас сустрэчы спадар Багіраў «адзначыў прагрэс Беларусі ў рэалізацыі мэтаў устойлівага развіцця, адзначыўшы, што краіна дэманструе вынікі, якія ўражваюць, і займае вядучыя пазіцыі ў Еўропе па многіх паказчыках». Па якіх канкрэтна паказчыках маем гонар займаць «вядучыя пазіцыі ў Еўропе» — дыпламатычна не ўдакладняецца. Чытаем далей.

«Адной з ключавых тэм сустрэчы стаў удзел моладзі ў рэалізацыі мэтаў устойлівага развіцця. Спадар Багіраў прывітаў стварэнне Моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе, падкрэсліўшы важнасць уцягвання маладых людзей у працэс прыняцця рашэнняў». Не згадваецца, аднак, што старшыня так званага Моладзевага парламента Мікіта Рачалоўскі знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага саюза «за ўдзел ва ўнутраных рэпрэсіях», а ў гардэробе аддае перавагу худзі з выявамі Лукашэнкі. Такое вось «уцягванне ў працэс прыняцця рашэнняў».

Старшыня так званага Моладзевага парламента Мікіта Рачалоўскі. Фота mpns.by

Старшыня так званага Моладзевага парламента Мікіта Рачалоўскі. Фота mpns.by

Нарэшце, «удзельнікі сустрэчы выказалі цвёрдую прыхільнасць далейшаму развіццю супрацоўніцтва ў галіне ўстойлівага развіцця і ўстойлівага міра». З таго часу беларускія войскі СПА не паспявалі збіваць расійскія дроны над Гомельшчынай. Такі вось «устойлівы мір».

Вынік сустрэчы Расула Багірава з паслом РФ у Беларусі Барысам Грызловым, якая адбылася сёлета 14 траўня, змясціўся ўсяго ў адзін сказ: «У ходзе дыскусіі абмяркоўвалася дзейнасць ААН у краіне і магчымасці далейшага супрацоўніцтва на карысць беларускага народа». Размова пра «карысць для беларускага народа» на фоне выявы Крамля – нейкі аксюмаран.

Расул Багіраў і Барыс Грызлоў. Фота United Nations in Belarus (Facebook)

Расул Багіраў і Барыс Грызлоў. Фота United Nations in Belarus (Facebook)

Моўнае пытанне

Прэс-рэлізы ў афіцыйных акаўнтах прадстаўніцтва ААН у Беларусі ў сацсетках друкуюцца на дзвюх мовах – расійскай і англійскай. Беларускую выкарыстоўваюць у выключных выпадках. Апошнім разам яна з’явілася ў публікацыі, прысвечанай Міжнароднаму дню карэнных народаў свету (ад 9 жніўня 2024). Узнялі і праблему знікнення беларускай мовы ў Беларусі. Чытаем:

«Паводле даных перапісу 2019 года, за апошнія два дзесяцігоддзі доля насельніцтва, якое лічыць беларускую мову роднай, скарацілася больш як на чвэрць, з 85,6 працэнта ў 1999 годзе да 61,2 працэнта ў 2019 годзе.

Нягледзячы на тое, што ў школах Беларусі прапануецца навучанне на беларускай мове, колькасць навучэнцаў, якія выбіраюць яе, застаецца адносна невялікай». Словам, «цар добры, баяры дрэнныя».

Пра паслядоўную маргіналізацыю беларускай мовы рэжымам Лукашэнкі, аж да траплення яе носьбітаў за краты, прадстаўнікі ААН у Беларусі дыпламатычна маўчаць. А тэкст публікацыі ніжэй прадублявалі па-расійску.

Адзначым аднак, што раней, за часамі працы ў якасці в.а. Пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі спадара Эрала Ардуча, публікацыі Офіса рабіліся па-беларуску і па-англійску. З нявызначаных прычын беларуская мова знікла з тэкстаў Офісу ААН у Беларусі сёлета ў красавіку – калі названую пасаду заняў Расул Багіраў.

Глядзіце таксама

Міграцыйны крызіс

Штогод Офіс ААН у Беларусі выступае ў якасці арганізатара «Летняй школы па міграцыі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі». Для навучання ў «школе» запрашаюць «актыўных маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў».

Расул Багіраў і ўдзельніца «Летняй школы па міграцыі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі». Фота United Nations in Belarus (Facebook)

Расул Багіраў і ўдзельніца «Летняй школы па міграцыі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі». Фота United Nations in Belarus (Facebook)

Як заяўляе Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі, «усе агенцтвы ААН у Беларусі эфектыўна працуюць разам з адпаведнымі дзяржаўнымі органамі Беларусі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і міжнароднымі партнёрамі над умацаваннем нашых калектыўных мер па барацьбе з гандлем людзьмі».

Такая істотная і неабходная місія ва ўмовах міграцыйнага крызісу, справакаванага рэжымам Лукашэнкі. Вось, здаецца, дзе прадстаўніцтва ААН у Беларусі, так моцна занепакоенае справамі мігрантаў, павінна прадэманстраваць свае найлепшыя здольнасці.

Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы. Фота AP - Leonid Shcheglov

Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы. Фота AP - Leonid Shcheglov

Але звяртаемся да справаздачы аб выніках дзейнасці ААН у Беларусі за 2022 год (справаздачы за 2023 на сёння ў публічным доступе няма). У раздзеле з інтрыгоўнай назвай «Ключавыя падзеі ў Рэспубліцы Беларусь» чытаем:

«Крызіс, звязаны са змешанай міграцыяй і патокамі бежанцаў, закрануў і Рэспубліку Беларусь, якая ў 2023 годзе застаецца транзітным і прымаючым бокам для бежанцаў. Нягледзячы на ​​ тое, што колькасць бежанцаў і мігрантаў з Афганістана, Сірыі, Ірака і іншых краін, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны і каля яе межаў, паступова памяншалася, паведамленні аб выцясненні людзей, якія спрабуюць атрымаць прытулак у Еўрапейскім Саюзе, назад на тэрыторыю Беларусі, у тым ліку людзей старэйшага пакалення і сем'яў з дзецьмі, заставаліся крыніцай занепакоенасці на працягу ўсяго 2022 года».

Такім чынам, з лёгкай рукі прадстаўнікоў ААН, акцэнт з Лукашэнкі, які выкарыстоўвае мігрантаў для палітычнага шантажу, змясціўся на еўрапейцаў, што нібыта «выцясняюць людзей назад у Беларусь».

Космас

12 красавіка прадстаўніцтва ААН у нашай краіне павіншавала беларусаў з Міжнародным днём касмічных палётаў, праілюстраваўшы публікацыю ў Facebook выявай з Юрыем Гагарыным і Марынай Васілеўскай, якую Лукашэнка сёлета адправіў у космас.

«У гэтым годзе мы таксама адзначаем яшчэ адзін гістарычны вяхавы момант, калі Марына Васілеўская становіцца першай беларускай жанчынай, якая адправілася ў космас, сімвалізуючы разнастайнасць і інклюзіўнасць касмічных амбіцый чалавецтва», — гаворыцца ў тэксце ААН.

Ілюстрацыя United Nations in Belarus (Facebook)

Ілюстрацыя United Nations in Belarus (Facebook)

Каментар пад гэтай публікацыяй пакінула юрыстка, экспертка Беларускага Хельсінкскага Камітэта Кацярына Дэйкала. Працытуем:

«Калегі, усё зразумела пра космас і ААН. Гэта важна. Але няўжо абавязкова сацыяльным сеткам Офіса ААН станавіцца рупарам дзяржаўнай прапаганды і ўдзельнічаць у лубачных маніпуляцыях дзяржавы жаночай тэмай, інклюзіяй і іншым, абвяшчаючы гістарычным момантам і вяхой палёт у космас сцюардэсы Васілеўскай. У той час як насамрэч — гэта аб'ектывацыя, і наўмысная эксплуатацыя жаночага вобразу, яе прывабнай знешнасці для палітычных мэт. І ўсё гэта далёка ад «інклюзіўнасці касмічных амбіцый чалавецтва» прыкладна таксама як Зямля ад Месяца. Хаця касмічныя амбіцыі тут вядома ёсць, але не чалавецтва, а аднаго чалавека.

Ну неяк зусім брыдка ўжо. Усё ж эмблема ААН неяк абавязвае хаця б у сваёй камунікацыі рабіць выгляд, што абвешчаныя каштоўнасці для вас нешта значаць». Лепш не скажаш.

Дык чым займаецца ААН у Беларусі?

Як адзначаецца ў згаданай вышэй справаздачы аб выніках дзейнасці ААН у Беларусі за 2022 год, «сістэма ААН у Рэспубліцы Беларусь абапіраецца на чатыры міждысцыплінарныя стратэгічныя прыярытэты: пераход да «зялёнай эканомікі» для забеспячэння інклюзіўнага і ўстойлівага росту, арыентацыя на будучыя пакаленні, лічбавая трансфармацыя і сацыяльныя інавацыі, а таксама гендарная роўнасць у грамадстве». Безумоўна, усё гэта надзвычай істотна, але ж прасоўваць лічбавую трансфармацыю і «зялёную эканоміку» ў краіне, дзе сотні людзей сядзяць за кратамі за падабайку, невялікі грашовы перавод ці каментар, дзе, трапіўшы ў жорны сістэмы, ніхто не можа разлічваць на гуманнае абыходжанне, у краіне, сотні тысяч грамадзян якой былі вымушаныя з’ехаць праз палітычны пераслед… Гэта як вучыць малекулярнай хіміі тых, хто яшчэ не ўмее чытаць.

Удакладнім, што словы «палітвязні», «катаванні», «фальсіфікацыі», без якіх немагчымае рэальнае адлюстраванне становішча ў Беларусі, у тэкстах публікацый прадстаўніцтва ААН у нашай краіне адсутнічаюць. У той самай афіцыйнай справаздачы толькі сціпла адзначаецца:

«Розныя зацікаўленыя бакі працягвалі ўздымаць пытанні, звязаныя з правамі чалавека, у тым ліку ў рамках праваабарончых інструментаў і механізмаў ААН». Гаворка, відавочна, ідзе пра звароты беларускіх праваабарончых арганізацый, а таксама прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. «Розныя зацікаўленыя бакі» — такое дыпламатычнае вызначэнне для іх прыдумалі ў ААН.

Дык ці адпавядаюць дзеянні ААН у Беларусі ейнай місіі – «садзейнічае дыялогу і супрацоўніцтву паміж усімі зацікаўленымі бакамі, уключаючы ўрад, прыватны сектар і грамадзянскую супольнасць»? Наўрад ці татальнае ігнараванне праблем спрыяе іх вырашэнню.