Святлана Ціханоўская выказалася пра зверствы расійскіх войск ва Украіне

Лідарка Беларусі нагадала пра адказнасць Аляксандра Лукашэнкі за ператварэнне краіны ў саўдзельніцу Расіі.

svjatlana_cihanouskaja.jpg

«Я гляджу на жахлівыя фотаздымкі і відэа з Ірпеня і Бучы і не магу зразумець, як такое магчыма ў XXI стагоддзі. Не магу зразумець такую бесчалавечнасць. Расійскія салдаты расстрэльвалі мірных жыхароў са звязанымі рукамі і проста пакідалі іх ляжаць на дарозе. А рэжым Лукашэнкі зрабіў Беларусь саўдзельніцай у гэтых ваенных злачынствах. Многія з забітых на вуліцах украінскіх гарадоў – забітыя расійскімі войскамі з тэрыторыі Беларусі і са згоды Лукашэнкі.
Пад заваламі Мікалаеўскай абласной адміністрацыі знайшлі цела Таццяны Дзяменнікавай, якая працавала ў эканамічным дэпартаменце Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і ачольвала Мікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў «Голас Радзiмы». Яе цела апазналі сваякі. Таццяна Дзяменнікава любіла Беларусь і рабіла ўсё, каб развіваць сяброўства паміж украінцамі і беларусамі.
Нам хацелася верыць, што жахаў Другой сусветнай нам і нашым дзецям ужо не давядзецца перажыць, але вайна прыйшла – і проста заставацца ў баку немагчыма. Нашая агульная задача – скончыць гэты жах і сабраць усе доказы ваенных злачынстваў, каб яны не засталіся беспакаранымі».