Суцэльныя расчараванні. Як за адзін тыдзень рэжым Лукашэнкі яшчэ больш адкаціўся ў знешняй палітыцы
Рыжанкоў у ААН мала каго цікавіў, а з Літвы прыляцеў «пазоў» у Гаагу.
Аляксандру Лукашэнку і яго атачэнню вельмі некамфортна жыць у міжнароднай ізаляцыі. Санкцыі б’юць па эканоміцы, адсутнасць легітымнасці робіць ізгоем, заахвочанасць у вайне ва Украіне пазбаўляе рукапаціскальнасці ў цывілізаваным свеце. Ды што там рукапаціскальнасці: у добрых дамах беларускага дыктатара нават на парог не пускаюць, і гэта, канешне, псуе настрой.
Па апошніх кроках афіцыйнага Мінска бачна, што ён намагаецца хаця б якой нармалізацыі адносін з Захадам. Лукашэнка ўсё часцей выяўляе сябе міратворцам, пачаў патрохі вызваляць палітвязняў, прыглушыў міграцыйны крызіс. У прыцэле — кампанія па падаўжэнні паўнамоцтваў, якую чамусьці яшчэ называюць “выбарамі”. Улады бачаць у гэтым нагоду перазагрузіць стасункі з дэмакратычным светам, таму і разгарнулі дзейнасць па вяртанні легітымнасці. Праводзяць, як ужо казалася, “дэтокс на максімалках”.
Але вось жа непрыемнасць. Нягледзячы на ўсе высілкі, таксічнасць беларускай дыктатуры нікуды не знікае. Нават наадварот: міжнародная абстаноўка для Мінска толькі горшае. Што і прадэманстравалі апошнія дні.
Кіраўнік МЗС у Н’ю-Ёрку: Выступ у паўпустой залі, сустрэча з Гутэрышам
На мінулым тыдні ў Н’ю-Ёрку прайшла чарговая Генеральная Асамблея ААН. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый уладкаваная так, што краін-ізгояў там няма — дыялог вядзецца з усімі, а на афіцыйныя мерапрыемствы запрашаюцца прадстаўнікі ўсіх краін-чальцоў.
Але Беларусь нават у гэтым аазісе рэал-палітык апошнія гады прадстаўлена фактычна ў двайным абліччы. У тых жа Генасамблеях удзельнічае не толькі афіцыйная беларуская дэлегацыя, але і прадстаўнікі дэмакратычных сіл на чале са Святланай Ціханоўскай.
Так было і гэтым разам. Дэмсілы працавалі па сваёй праграме, дэлегаты ад афіцыйнага Мінска — па сваёй.
Шмат увагі эксперты надавалі візіту ў ЗША кіраўніка МЗС Максіма Рыжанкова. Па-першае, бо гэта першая паездка новага міністра на такі прадстаўнічы форум, па-другое — менавіта гэты чыноўнік на чале знешнепалітычнага ведамства мусіць праводзіць згаданую лінію «нармалізацыі». Вось і вядомы артыкул з прапановай Літве «памірыцца» ён паспеў напісаць напярэдадні камандзіроўкі за акіян (адказ яму, зрэшты, наўрад ці спадабаўся).
Чаго ж дасягнуў Рыжанкоў у ААН? Ды нічога выбітнага. Сустрэўся з калегамі-дыпламатамі з Ірана, Азербайджана, Казахстана, Узбекістана, Катара, ОАЭ, Нікарагуа і Індыі. Правёў перамовы таксама з міністрам замежных спраў Венгрыі Сіярта, але антызаходняя палітыка Будапешта ўжо даўно нікога не здзіўляе.
Яшчэ эмісар Лукашэнкі некалькі разоў выступіў з прамовамі. Галоўная прагучала ў вялікай залі, падчас так званай агульнапалітычнай дыскусіі, але з аўдыторыяй неяк зусім не склалася. Як бачна на скрыншоце ніжэй, аншлагу на стэндапе спадара Рыжанкова не здарылася.
Дый адкуль ён мог узнікнуць, калі госць з Мінска пераказваў з трыбуны старыя ілжывыя наратывы. Маўляў, Беларусь харошая, проста зашмат у сучасным свеце кепскіх людзей. Вайну ва Украіне вядзе Захад, а мы цалкам за мірнае ўрэгуляванне, проста нас ніхто не чуе. Ну і зусім ужо надакучлівае: хопіць нас душыць санкцыямі, бо гэта нячэсна.
Увогуле пераацэньваць працэсы, якія праходзяць у сённяшняй ААН, не варта. Многія лічаць — і не без рацыі — што ў цяперашнім свеце гэтая арганізацыя нічога не вырашае, а геапалітычныя вар’яты кшталту Пуціна даўно навучыліся пляваць ва ўсе іх рэзалюцыі.
Гэта так, але ўсё ж Генасамблея вялікі форум, дзе можна хаця б ацаніць колькасць тваіх аднадумцаў. Дык вось і тут беларускую дыктатуру чакала расчараванне.
«Момант ісціны» тут адбыўся яшчэ перад асамблеяй, калі падчас Саміту будучыні 24 верасня ў ААН зладзілі галасаванне за «Пакт аб будучыні» — дакумент на 56 пунктаў, які прадугледжвае сумесныя намаганні краін свету ў выкараненні галечы, умацаванні міру, абароне грамадзянскіх правоў, ядзерным раззбраенні і іншых добрых справах.
Нечым гэты дакумент не спадабаўся Расіі, а значыць, і Беларусі. І хто ж іх падтрымаў? Праз коску: Іран, КНДР, Сірыя, Нікарагуа і Судан. Вось і ўвесь, так бы мовіць, кворум. І хто там у Мінску кажа, што ніякай міжнароднай ізаляцыі не існуе?
Але яшчэ больш непрыемны ўдар па лукашэнкаўскай Беларусі быў нанесены не ў ААН.
Літва «паклікала» Лукашэнку ў Гаагу
У панядзелак стала вядома, што Літва накіравала ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе дакументаваныя доказы здзяйснення рэжымам Лукашэнкі «трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці». Спіс парушэнняў склала каманда палітыка Паўла Латушкі, але менавіта адпраўнік тут адыгрывае вырашальную ролю.
Літва — не проста краіна ЕС і НАТО, але і дзяржава, што падпісала Рымскі статут, на якім грунтуецца дзейнасць міжнароднага суда. То бок пракуроры ў Гаазе мусяць на гэты зварот неяк рэагаваць.
Дэмсілы заклікалі іншыя дэмакратычныя краіны далучыцца да гэтага «пазову», і прынамсі ад Польшчы варта тут чакаць крокаў насустрач. А там, можа, і яшчэ нехта падцягнецца.
Усё гэта набліжае Лукашэнку да доўгачаканага ордэру на арышт, але эксперты такую перспектыву ацэньваюць асцярожна. У кожным разе, паводле іх меркавання, еўрапейская бюракратыя працуе павольна, і чакаць адказу тут давядзецца колькі месяцаў.
Тым не менш ужо зараз варта сцвярджаць, што Вільня ўваткнула Лукашэнку стрэмку ў балючае месца.
Нават калі Гаага ў выніку ордэр не выпіша, у чаканні развязкі беларускаму аўтакрату цяпер жыць. Кажуць, што яго вельмі турбуе перспектыва паўтарыць лёс колішняга «пабраціма» Слабадана Мілошавіча, але гэтыя страхі маюць хутчэй прыватны характар. Іншая справа, што быць патэнцыйным фігурантам справы Міжнароднага крымінальнага суда азначае яшчэ большую таксічнасць. У пэўным сэнсе з гэтым віленскім пазовам рэзка ідуць да нуля шанцы на тую самую «нармалізацыю» адносін з дэмакратычнымі краінамі. Хто цяпер працягне руку чалавеку, якога заўтра могуць афіцыйна абвясціць у вышук за злачынствы супраць чалавечнасці?
То бок «выбары», якія Мінск так хоча «прадаць» ненавіснаму Захаду ўжо загадзя амаль «неліквідныя». І ўсе рытарычныя прапановы з Беларусі нарэшце памірыцца і жыць, «як у 2019-м», таксама будуць разглядацца праз прызму Гаагі. І пра змякчэнне санкцый казаў ужо зусім няёмка. Літва, сёння адправіўшы дакументы ў міжнародны суд, заўтра адкрые вам порт у Клайпедзе?
Здаецца, менавіта гэтага і баяўся Лукашэнка, калі раз-пораз згадваў пра Гаагу ў сваіх стыхійных прамовах. І вось гэты цень яго накрыў. Прадэманстраваўшы як мінімум адно: хоць пасля 2020-га ўжо і мінула чатыры гады — пра антычалавечыя свавольствы дыктатарскага рэжыму ў свеце ніхто не забыўся.