Справу праваабаронцаў «Вясны», у тым ліку нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, перадалі ў суд

Генпракуратура Беларусі перадала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да прадстаўнікоў праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Дзмітрыя Салаўёва. Па сцвярджэнні ведамства, праваабаронцы нібыта маюць дачыненне да кантрабанды праз мяжу буйной сумы, а таксама да аплаты штрафаў рэпрэсаваным.

vjasna_4.jpeg

Як гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры, праваабаронцаў будуць судзіць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — іх абвінавачваюць у кантрабандзе арганізаванай групай (ч. 4 арт. 228 КК) і фінансаванні «дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).
Санкцыя першага артыкула прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Згодна з матэрыяламі справы, праваабаронцы нібыта пераправілі з Беларусі ў Літву незадэклараваныя 201 тысячу еўра і 54 тысячы долараў наяўнымі.
Іх таксама абвінавачваюць у тым, што яны аплочвалі штрафы і адвакатаў рэпрэсаваным за пратэсты, дапамагалі кампенсаваць выдаткі на знаходжанне ў СІЗА падчас адміністрацыйнага арышту.

У дачыненні да Дзмітрыя Салаўёва праводзіцца спецыяльная вытворчасць — яго будуць судзіць завочна. Што да Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча, іх пакінулі пад вартай.
Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі дзесяцігоддзямі выступаў за дэмакратычныя перамены ў Беларусі і адстойваў правы палітвязняў. У пачатку кастрычніка ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, а сам зараз знаходзіцца за кратамі.
Год яго пратрымалі ў ізалятары, нібыта за нявыплату падаткаў. У верасні гэтую справу спынілі, але следства вылучыла новае абвінавачанне.