Сотні тысяч еўра, дзясяткі амапаўцаў і адзін агент КДБ — першы дзень суда па «Справе прафсаюзаў»
Сёння ў Мінску пачаўся працэс над кіраўніком і бухгалтарам
незалежнага прафсаюза РЭП, Генадзем Федынічам і Ігарам Комлікам па
абвінавачанні ў нясплаце падаткаў у буйным памеры (арт. 243 ч.2 КК РБ).
Справа была заведзеная амаль адразу пасля буйных пратэстаў вясны–2017, але
дайшла да суда толькі зараз.
Яшчэ да пачатку працэсу адміністрацыяй суду і міліцыяй было зроблена ўсё, каб стварыць максімальна некамфортныя і неспрыяльныя ўмовы для тых, хто прыйшоў падтрымаць абвінавачаных. На ўваходзе ў залу дзяжурыў дзясятак амапаўцаў у цывільным (амаль столькі ж — на вуліцы), кожнаму, хто хацеў трапіць у залу, чынілі самы пільны дагляд, ажно да прамацвання калашынаў.
Месца і юрысдыкцыя гэтага працэсу даволі блытаная. Ён разглядаецца судом Савецкага раёна, але з прычыны адсутнасці належнага памяшкання — не ў судзе Савецкага раёна, а ў судзе Ленінскага раёна (Сямашка, 33). Дарэчы, перад разглядам справы побач з залай былі заўважаныя старшыня суда Савецкага раёна Уладзімір Уладзіміравіч Карноў і намеснік старшыні Мінскага гарадскога суда — Павал Іванавіч Каршуновіч. Нарада судовай вертыкалі?
У выніку зала на 50 чалавек была забітая, але амаль столькі ж засталося звонку.
Металашукальнікі "Made in USA"
Працэс вяла суддзя Марына Фёдарава, дзяржаўныя абвінаваўцы — пракуроры Літвінюк і Казей.
Напачатку пасяджэння Фядыніч заявіў хадайніцтва: знайсці памяшканне на не менш чым 70 чалавек, каб у залу маглі трапіць усе прысутныя. Комлік на пратакольныя пытанні суду адказаў: "Калі я скажу, што давяраю суду, гэта будзе няпраўда. Я не давяраю судовай сістэме, а вы — толькі шрубка гэтай сістэмы, і калі я заяўлю вам адвод, вас заменяць іншай шрубкай — я не буду заяўляць вам адвод. І падтрымліваю хадайніцтва аб прадстаўленні іншага памяшкання". Суд, выслухаўшы пракурора ("колькасць людзей у зале дастатковая для вядзення працэсу"), хадайніцтвы абвінавачаных адхіліў.
Пракурор зачытаў абвінавачанне. Згодна з ім, Фядыніч са студзеня 2011-га па сакавік 2015-га адкрыў рахунак у банку ў Вільні, дзе здымаў грошы ад нерэзідэнтаў і перамяшчаў іх на тэрыторыю Беларусі. Згодна з абвінаваўцай, толькі за 2011 год пераведзена было 140 000 еўра, агулам жа — 952 млн рублёў старымі. "Сказіў вынікі гаспадарча-фінансавай дзейнасці прафсаюза, не задэклараваў прыбытак". Нясплачаных Фядынічам падаткаў пракурор налічыў на 22 800 тысячы рублёў новымі.
Абвінавачанне Комліка было амаль аналагічным. Вынікае толькі, што ён, як галоўны бухгалтар, нібыта, займаўся перамяшчэннем гэтых грошай у Беларусь, прытым, з удзелам асоб, "недасведчаных аб злачынным характары ягонай дзейнасці".
Абодва абвінавачаных віну не прызналі. Суд абвясціў двухгадзінны перапынак.
У "групе падтрымкі" абвінавачаных мы заўважылі трох мужчын, якія трымаліся разам. Вырашылі распытаць іх. Аказалася, яны гамельчукі — прыехалі падтрымаць Фядыніча і Комліка больш чым за 300 кіламетраў.
Прадставіліся сябрамі РЭП.
Адзін з іх — Уладзімір Міхайлавіч Непомняшчых, сябра АГП, пенсіянер МУС, пагадзіўся даць каментар.
— Чаму так здалёк вырашылі сюды прыехаць?
— За праўдай трэба ехаць і падалей! Калі б усе людзі былі неабыякавыя, то мы жылі б у зусім іншай краіне. Нашая, беларусаў, праблема, што мы толькі, як кажуць, калі певень дзяўбне, мы тады ўжо думаем.
— А ў чым прычына працэсу над Фядынічам і Комлікам? Бо, па афіцыйнай версіі, іх судзяць за нясплату падаткаў.
— Іх судзяць за праўду. За тое, што яны аказваюць дапамогу тым, хто пацярпеў ад гэтага злачыннага рэжыму. Яны ж не сабе гэтыя грошы прысвойвалі, якія паступалі з нейкіх фондаў, дапамагалі мне, іншым.
— Як ацэніваеце меры бяспекі на судзе: гэтую колькасць АМАПаўцаў і праверкі на ўваходзе. Гэта турбота аб бяспецы людзей?
— Не, не за людзей...
— Яны за сябе баяцца, каб іх не прыдушылі! — заўважыла жанчына, якая праходзіла міма.
— Яны баяцца за сябе, таму кожны раз, калі мяне правяраюць, трасуць, я заўсёды кажу, будзьце добрыя, складзіце пратакол вобшуку, дагляду. Не складаюць. Але яны баяцца, а я заўсёды кажу: не рабіце зло, і не будзеце баяцца, і будзе ўсе нармальна. У свой час, калі я працаваў у ОБХСС (зараз ОБЭП), у ахове аэрапорта, у крымінальным вышуку, у мяне дзверы заўсёды былі адчыненыя.
Пасля перарыву суд пачаў выклікаць сведак.
Сведка Валянціна Фядзько займалася прафсаюзнай бухгалтэрыяй з 1992 па 2005 год, заявіла, што прафсаюз існаваў за кошт сяброўскіх унёскаў, а пра аніякія рахункі ў замежных банках яна не ведае, кажа, што пасля 2005-га некалькі разоў дапамагала Фядынічу па бухгалтэрыі.
Наступная сведка, Юлія Юхнавец, 1996 года нараджэння, паведаміла суду, што была ў Літве разам з Комлікам, і ёй перадавалі грошы. Назвала яшчэ некалькі асобаў якія, нібыта, таксама вазілі грошы. Пасля таго, як яна дала гэтыя паказанні на следстве, з ёй па яе словах, звязаўся юрыст РЭП і прапанаваў адмовіцца ад іх, абяцаючы ўзамен карту паляка.
Калі допыт Юхнавец пачалі адвакаты, яна прама прызналася: "Я супрацоўнічала з КДБ у якасці агента".
Нягледзячы на просьбу пракурора зняць пытанне, адна за другой пачалі ўскрывацца падрабязнасці. Юлія атрымлівала за сваю супрацу грошы. Па ўласных словах, возячы грошы з Літвы, фатаграфавала іх і адпраўляла фота ў КДБ. Прызнанне Юхнавец прысутныя сустрэлі дружным плясканнем у ладкі і крыкам "Ганьба!"
Надзея Есіповіч, прыбіральшчыца, адмовілася ад паказанняў і прызналася, што дала іх пад ціскам. Ёй, як і шэрагу іншых сведкаў, пагражалі, што вокамгненна возьмуць пад канвой і пасадзяць у турму, калі не дасць адпаведныя паказанні. Комліка і Фядыніча ахарактарызавала як людзей, якія "дапамагаюць справядлівасці" — і сарвала апладысменты поўнай залы. Пракурор, у сваю чаргу, вельмі цікавіўся тым, як гэта яна, пенсіянерка, магла ездзіць у Вільню. Маўляў, на якія грошы?
Снежана Грынцэвіч — сябра незалежнага прафсаюза БНП. Яна таксама адмовілася ад паказанняў, дадзеных на следстве, заявіўшы, што дала іх пад ціскам: "У мой адрас гучалі пагрозы турмы, канвою, і сын мяне дома не дачакаецца. Мяне дапытвалі ДФР і Следчы камітэт, і ў кожным кабінеце на мой адрас гучалі пагрозы" Заявіла што ані Комлік ані Федыніч не перадавалі ей грошы, калі вярталіся ў Беларусь.
"Мой допыт больш быў падобны на допыт падазронай, а не сведкі".
Пасля падрабязнага расказу Сняжаны Грынцэвіч аб ціску, яе пачалі атакаваць пытаннямі пракуроры: чаму не заявіла аб парушэннях? ці падпісала пратакол дачы сваіх паказанняў? "А гэта ж вы напісалі "с моих слов записано верно, мной прочитано", калі скардзіцеся на шокавы стан, ці звярталіся ў медыцынскія ўстановы? — і гэтак далей. Адныя і тыя ж пытанні, нягледзячы на атрыманы адказ, паўтаралі па шмат разоў. На многія пытанні сведцы пракуроры не далі дагаварыць і адразу ўкідвалі наступнае пытанне — пасля хадайніцтва адваката аб неналежнай манеры апытання, суддзя вымушаная была ўмяшацца. Пасля таго, як пракурорка перабіла зноў, зала літаральна зараўла: "Не перабівайце!"
Юры Белякоў — прававы інспектар РЭП. Ён пазнаёміўся з Комлікам і Фядынічам толькі ў 2015 годзе (абвінавачванне адлічваецца з 2011-га). Адмовіўся адказваць на цэлы шэраг пытанняў пракурора: "Гэтыя пытанні не датычныя мяне асабіста". Сказаў, што не ведае пра замежныя рахункі РЭП. На пытанне Фядыніча: "Ці ведалі вы, што Юхнавец — агент КДБ", адказаў "Не."
Пасля агалошвання паказанняў, дадзеных на папярэднім следстве (аб тым што у РЭП есць замежныя рахункі), заявіў, што даў гэтыя паказанні "па глупасці" — бо тады так думаў.
На гэтым допыце пасяджэнне скончылася.
Сваімі ўражаннямі і думкамі з намі падзяліўся Ігар Комлік.
— Вашае ўражанне ад працэсу?
— Працэс ідзе гэтаксама, як мы і здагадваліся. Сведкі, якія маглі б пацвердзіць нейкія домыслы пракуратуры — іх фактычна няма. Бачна, што на тых сведкаў, якія давалі паказанні супраць нас, аказвалі ціск. Гэта складана схаваць. Тыя ж навадныя пытанні пракуратуры.
— Чаму ж людзі спачатку маўчалі, а толькі зараз заяўляюць аб ціску?
— Як было правільна сказана — не ўсе падрыхтаваныя ў першыя дні, калі, як да той жа Грынцэвіч прыходзяць з вобшукам. Гэта шокавы стан, з кабінета ў кабінет, ціск, пачынаюць ледзь не дыктаваць. Я гэта ведаю, бо калі мяне бралі 2 жніўня — усё гэта падобнае. Спрабавалі шантажаваць. Праўда, я эмацыйна больш вытрыманы і падрыхтаваны, бо ў мяне да гэтага сына бралі па справе "Белага Легіёну".
— Лічыце, што грамадскім актывістам і сябрам незалежных прафсаюзаў трэба рыхтавацца да рэпрэсій?
— Канешне. Чаму мы былі падрыхтаваныя да гэтых рэпрэсій? Таму што гэта ідзе ўжо не год і не два, а гэта цягнецца ўжо не адно дзесяцігоддзе. У 2003 годзе яшчэ было дадзена ўказанне знішчыць прафсаюз РЭП: не рэгіструюць арганізацыю, людзей па абвінавачанню ва ўдзеле пераследуюць, з любой нагоды, як у 2011-м годзе, адбываюцца вобшукі, і зараз, канешне, трэба быць гатовым да гэтага. У такіх умовах жывем, у такім рэжыме.
— Як вы ацэньваеце колькасць людзей, якія прыйшлі? А таксама колькасць прысутных міліцыянтаў ды "меры бяспекі"?
— Усё гэта — пэўны псіхалагічны складнік працэсу: вобшукі і ўсе астатняе. А людзям, хто прыйшоў, я ўдзячны, і па-другое яны сябе вельмі адэватна і ўпэўнена адчуваюць. Гэта сябры прафсаюза РЭП, у большай ступені, ёсць праваабарончыя арганізацыі, ёсць дыпламатычныя місіі. Бо, напэўна, прафсаюз робіць важную справу — і для людзей, і для краіны, адстойваем іх правы ажно да судоў, і ў нас ёсць пэўныя поспехі ў гэтым. Таму да нас прыходзяць за падтрымкай. А сёння яны прыйшлі падтрымаць нас!
Працэс над Комлікам і Фядынічам працягнецца ў судзе Ленінскага раёна 31 ліпеня ў 10.00.
ФотаМікалая Дзядка