Слова ў судзе: Дзьмітры В Ус, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч. Версія радыё “Свабода” (з захаваннем правапісу)
Дзьмітры Вус: Калі трэба, буду пакутваць
Без ідэі я не пайшоў бы ў кандыдаты ў прэзыдэнты. У чым яна палягае, вы,
напэўна, зразумелі. Каб у нас у Беларусі была дэмакратычная выбарчая сыстэма, каб яна была празрыстай
Цяпер, вывучаючы выбарчае заканадаўства той жа Ўкраіны, там бачна, што кандыдаты ў прэзыдэнты ўсіх прадстаўнікоў ва ўсе ўчастковыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі прызначаюць асабіста альбо
давераныя асобы. У нас гэтага пакуль няма. Але я спадзяюся, што ўжо ў бліжэйшы прэзыдэнцкі тэрмін, у нас будуць дэмакратычныя выбары. І наша выбарчая сыстэма памяняецца. Для гэтага што нам трэба
зрабіць? Для гэтага я плянаваў сабраць мільён подпісаў за тое, каб зьмяніць выбарчую сыстэму. Дэмакратычнай выбарчай сыстэмы ў нас на сёньняшні момант няма. Гэта ж фактычна легалізацыя ўлады.
Указам прэзыдэнта ў нас прызначаюцца суды, пракуратура і ўсё астатняе. Калі мяняецца гэта сыстэма, значыць зьмяняецца і ўсё ўладкаваньне дзяржавы. Таму гэта сыстэма змагаецца не асабіста са мной, ня
з Плошчай, на якую я прыйшоў. А менавіта з тым, што можа паслужыць таму, што памяняецца ўся сыстэма ўладкаваньня дзяржавы.
Я плянаваў сабраць сто тысяч подпісаў за дапаўненьні ў Выбарчы кодэкс. Але зараз па гэтых слуханьнях я ўжо зразумеў, што зьбяру мільён. А калі трэба адпакутваць, буду пакутваць.
---------------------------------------------------------------------------------------------------------
Уладзімер Някляеў: Мы павінны выйсьці са шпіталю для духоўна хворых
— Сьледчы па маёй справе, калі скончыліся допыты і можна
было размаўляць больш-менш па-чалавечы, распавёў мне гісторыю пра свайго маленькага сына.
Ягоны сын ходзіць у дзіцячы садок. Бацька забірае яго, вядзе дахаты і, як звычайна, пытае: «Што сёньня рабіў, што было цікавага?» «Па-ангельску размаўляць
вучыліся!» — падскокваючы, адказвае сын. «Ды ну! — зьдзіўляецца бацька. — І якія словы ты вывучыў?» «Дзякуй і да пабачэньня!»
— адказвае беларусу-бацьку беларус-сын.
Сьледчы Камітэта дзяржаўнай бясьпекі, падпалкоўнік юстыцыі распавёў гэтую гісторыю як вясёлую — і доўга думаў, калі я спытаў: «Вы хоць разумееце, што вы мне
расказалі?..»
Я хачу, каб мы думалі хутчэй. Бо часу, каб падумаць і зразумець, а галоўнае, пасьпець нешта зрабіць, не засталося. Амаль.
Калі маленькі беларус, прамаўляючы словы на роднай мове, мяркуе, што ён прамаўляе іх па-замежнаму, гэта нацыянальная катастрофа! І яе ўжо немагчыма прадухіліць адукацыйнымі, культуралягічнымі
высілкамі. Захаваць нас як нацыю могуць толькі неадкладныя палітычныя рашэньні! Вось найпершая прычына, па якой я, паэт, апынуўся ў палітыцы. Скарыстаўшы перад тым усе, якія толькі можна скарыстаць,
іншыя магчымасьці. Пісаў беларускія вершы, паэмы, песьні, апавяданьні, аповесьці, працаваў у часопісах, у газэтах, на тэлебачаньні, у Саюзе пісьменьнікаў, вёў перамовы з уладай, угаворваў яе стаць
беларускай — нічога не дапамагала! Нідзе і нічога не вырашалася! Я ўгаворваю, а мне адказваюць, што па-беларуску нельга сказаць нічога вялікага! Толькі па-руску, па-кітайску і па-ангельску.
І хто мне такое кажа? Кітайскі імпэратар? Рускі цар? Ангельская каралева? Не, беларускі прэзыдэнт. Тады «дзякуй і да пабачэньня»!
Вось мы і пабачыліся на прэзыдэнцкіх выбарах. Вынік іх — гэты суд.
Зразумела, на гэтым судзе я не толькі праз тое, што адстойваю беларускую Беларусь. Я тут найперш праз тое, што не прымаю Беларусь дыктатарскую, адстойваючы Беларусь дэмакратычную.
Але зноў жа: дэмакратыю нельга збудаваць ні на чым. Неабходны падмурак — і ён у нас ёсьць. Гэта наша гісторыя, у якой быў парлямэнт, які выбіраў тых, хто кіраваў дзяржавай. Гэта наша мова,
на якой быў напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага: канстытуцыя, што стала ўзорам для пазьнейшых дэмакратычных канстытуцый Эўропы і сьвету. Гэта наша культура, якая дала ўсходняй Эўропе
першаасьветную постаць Францыска Скарыны. Вось тыя глыбы, на якіх павінна паўстаць і паўстане дэмакратычная Беларусь, зьмёўшы з гэтага падмурку друз і пыл дыктатуры.
Я на гэтым судзе праз тое, што хацеў, каб зьмесьці сьмецьце дыктатуры дапамаглі нам суседзі з усходу і захаду, Расія і Эўразьвяз. Я хацеў, каб яны паразумеліся ў гэтым— і не цягнулі
Беларусь, як коўдру, кожны на сябе. Каб яны ўбачылі Беларусь не паміж сабой, а побач з імі, з імі разам. Гэтаксама, як і Украіну. Толькі ў такім выпадку можа паўстаць адзіная Эўропа ад Альпаў да
Урала — тая геапалітычная прастора, якую мусім мы стварыць, каб захаваць эўрапейскую цывілізацыю.
Эўрапейская цывілізацыя — канглямэрат нацыянальных культур, нацыянальных ідэй, энэргетыкай якіх былі створаныя магутныя нацыянальныя эканомікі, збудаваныя моцныя дзяржавы, што склалі
Эўразьвяз.
Прадуктыўная ідэя здольная выпрацаваць больш энэргіі, чым любая АЭС. Так было і ёсьць і ў Эўропе, і ў Амэрыцы, і ва ўсім сьвеце. Амэрыканцы ня мелі нічога, каб стаць амэрыканцамі, але яны, займеўшы
незалежнасьць, стварылі нацыянальную культуру, сфармавалі нацыянальную ідэю — і сталі амэрыканцамі.
У нас жа, каб стаць беларусамі, было ўсё, а мы, займеўшы незалежнасьць, нічым з таго, што назапасілі і пакінулі нам продкі, не скарысталіся — і нікім не сталі. Ці, як горда заявіў той, хто
называе сябе беларускім прэзыдэнтам, сталі «рускімі са знакам якасьці». Што гэта за нацыя такая?..
Такое «вырашэньне нацыянальнага пытаньня» зьняважлівае як для рускіх, так і для беларусаў, з якімі дыктатура гуляе ў гульню пад назваю «любімы народ і любімы
правадыр». Гэта любімая гульня любой дыктатуры. Яна — інструмэнт маніпуляцый масавай сьвядомасьцю, народнай воляй. Яна — мана, у той час як сапраўдная любоў ёсьць праўда.
Менавіта так — праз праўду — выявіў сваю любоў да людзей Бог, які даў нам маральныя законы.
Усьвядомленая нацыянальная ідэя — гэта ўсьвядомленая адказнасьць перад тым і перад тымі, да чаго і да каго ты прыналежыш. Яна дазваляе ўзьняць узровень маральных патрабаваньняў да кожнага
грамадзяніна і грамадзтва ў цэлым. Яна вымагае сказаць няхай горкую, але праўду. Я казаў і кажу, і буду казаць: той, хто паступаецца годнасьцю і свабодай, не заслугоўвае павагі. Гэты маральны
імпэратыў унівэрсальны, аднолькава справядлівы як у дачыненьні да асобнага чалавека, гэтак і ў дачыненьні да народа.
Я ўдзячны беларусам, якія 19 сьнежня выйшлі на Плошчу — і захавалі годнасьць нацыі.
Нацыю час ратаваць. Да пагрозы зьнікненьня мовы і культуры дадалася пагроза абрушэньня эканомікі, а праз тое — пагроза страты незалежнасьці.
Неабходныя неадкладныя дзеяньні, каб гэтага пазьбегнуць.
Найгоршае з усяго, што ў такой сытуацыі можна зрабіць — шукаць вінаватых. Паглыбляць раскол грамадзтва. А менавіта гэтым праз паказальныя суды над сваімі палітычнымі апанэнтамі якраз і
займаецца ўлада.
Я прапаную іншае. Улада адмаўляецца ад рэпрэсій — мы адмаўляемся ад неадкладнага патрабаваньня новых прэзыдэнцкіх выбараў. Вызваляюцца ўсе палітычныя зьняволеныя — і з удзелам
прадстаўнікоў улады і ўсіх апазыцыйных партый, рухаў, аб’яднаньняў ствараецца Камітэт нацыянальнага выратаваньня. Самастойна ўлада выправіць сытуацыю няздольная. Яна рухне разам з абвалам
эканомікі, але нельга дапусьціць, каб пад яе абломкамі была пахаваная незалежная Беларусь.
Трагізм сытуацыі, у якой знаходзіцца наша грамадзтва, выяўлены ў драме геніяльнага Янкі Купалы «Тутэйшыя» яшчэ напачатку мінулага стагодзьдзя. А яшчэ раней Вінцэнт
Дунін-Марцінкевіч, іменем якога названая вуліца, на якой мяне судзяць, прадбачыў нават гэты суд. «Расследавав дзела саабразна ўказу всеміласцівейшага гасудара марта 69 дня паследававшага і
прымяняясь к Статуту літоўскаму раздела 5-га, параграфа 18-га, свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разнялі дзерушчыхся — па 10 лоз на дыване і па 10 рублёў штрафа в пользу врэменнага
прысутствія; всем прочым, каторыя не відзелідракі, за то, што не відзелі, а цем самым і не маглі разняць дзерушчыхся, назначается па 5 лоз на дыване і па 5 рублёў штрафу в пользу врэменнага
прысутствія!»
Хіба яно не так?.. Хіба гэтая фантасмагорыя, гэты суд у вар’ятні, у якую ўсіх нас — каго судзьдзёй, каго пракурорам, каго падсудным — загнала ўлада, не рэальнасьць?.. Хіба
«врэменнае прысутствіе» судзіць мяне не за тое, што я «не ведзеў дракі, а цем самым і не мог разняць дзерушчыхся»?
Усім вядома: у вар’ятню лёгка патрапіць — складана з яе выйсьці. Асабліва, калі табе даводзяць, што ты сам зрабіў выбар: прагаласаваў за тое, каб жыць у вар’ятні. Але, калі
мы нармальныя людзі, калі беларус — гэта не дыягназ, мы павінны выйсьці са шпіталю для духоўна хворых. Разам з дактарамі і санітарамі.
Мы не дачакаемся зьмен, калі не пачнём мяняцца.
Я не хачу сказаць, што нехта, судзьдзя ці пракурор, не перажываюць праз тое, што зьнікае наша мова, культура, што Беларусь нібыта ёсьць — і ў той жа час яе нібы няма. Я не сьцьвярджаю, што
нікому, апроч мяне, яно не баліць. Баліць. Розьніца ў тым: як? Розьніца толькі ва ўзроўні болю.
Мне гэты боль трываць стала немагчыма. Таму я прыйшоў у палітыку, таму пайшоў на выбары — таму я на гэтым судзе.
Гэта палітычны суд. За што мяне судзяць?..
Мяне судзяць за тое, што я паспрабаваў стаць прэзыдэнтам. Я гатовы прызнаць віну ў тым, што прэзыдэнтам не стаў.
Мяне судзяць за тое, што я дамагаўся свабодных, справядлівых, дэмакратычных выбараў. Я гатовы прызнаць віну ў тым, што свабодных, справядлівых, дэмакратычных выбараў дамагчыся не змог.
Мяне судзяць за Плошчу. Я гатовы прызнаць віну ў тым, што не дайшоў да яе. Калі прысуд мне будзе вынесены за гэта, я прыму яго. Ні ў чым іншым я не вінаваты і не прыму ні за што іншае аніякага
прысуду, апроч апраўданьня!
Дзякуй і да пабачэньня!
---------------------------------------------------------------------------------------------------------
Віталь Рымашэўскі: Абраць шлях жыцьця
Дзякую суду за магчымасьць сказаць апошняе слова, але
спадзяюся, што апошнім яно будзе толькі ў гэтым працэсе, і я яшчэ здолею ў гэтым горадзе, у гэтым сьвеце і ў гэтым жыцьці выказаць сваю думку.
Перадусім зьвяртаю ўвагу на матэрыялы справы, на прагледжаныя тут відэаматэрыялы. Сьледчы не далучыў відэаматэрыялы з Плошчы Незалежнасьці, бо мяне зь Севярынцам не абвінавачвалі ў гэтым эпізодзе, а
толькі ў закліку ісьці на Кастрычніцкую плошчу і выхадзе на праезную частку. Але суд глядзеў матэрыялы з плошчы Незалежнасьці на іншых судах. Тады чаму мне перакваліфікавалі справу? Я не
бачу прычынаў.
Мне сорамна за нашу судовую сыстэму. Сорамна і агідна ад яе. Прашу прабачэньня ў судзьдзі і пракурора, калі я іх асабіста пакрыўдзіў. Але прабачце, мне вельмі цяжка аддзяліць пагардуда той судовай
сыстэмы, якая ў нас ёсьць, ад стаўленьня да чалавека, які вымушаны ў ёй працаваць і вымушаны рабіць тое, што ён робіць.
Праглядзеўшы ўсе відэаматэрыялы, азнаёміўшыся з судовай справай,хачу некалькі істотных момантаў адзначыць.
Першае. Нават у прагледжаных відэаматэрыялах мы мелі магчымасьць назіраць галаву калёны, якая рухалася па праспэкце Незалежнасьці. І ў гэтых відэаматэрыялах не было ані мяне на чале калёны,
ані іншых людзей, якім сёньня інкрымінуецца, што мы ўзначальвалі рух калёны. Хаця ў абвінавачаньня гэта засталося па-ранейшаму. Таксама хачу заўважыць, што абвінавачваньне праігнаравала
сьведчаньні шматлікіх сьведак з боку абароны, якія казалі, што мы рабілі ўсё магчымае для забесьпячэньня грамадзкага парадку.
Наадварот, абвінавачаньне спасылаецца на маю размову з Карзюком. Яшчэ раз прашу зьвярнуць увагу, што я там казаў, гэта відаць на матэрыялах. Я прасіў Карзюка забясьпечыць ня толькі бясьпечны рух
людзей, але і рух транспарту. А вось спадар Карзюк, які загадаў выставіць ачапленьне, як раз перакрыў увесь праспэкт. Перакананы, што дэманстранты маглі абысьціся часткай праезднай
часткі.
Сьледзтва доўга шукала людзей, якія быццам бы арганізоўвалі людзей выйсьці на праезную частку. Ёсьць чалавек, які сам пра сябе сьведчыў, што ішоў на чале калёны і перакрываў рух транспарту - гэта
Д.М. Карзюк. Ён даваў загадзя хлусьлівыя паказаньні, бо толькі ён сьведчыць, што мы ішлі на чале калёны. Ён ня толькі даў хлусьлівыя паказаньні, але і не зьявіўся ў суд. Магчыма, ён зараз па-за
межамі Беларусі якраз і атрымлівае зараз ад заходніх спонсараў ганарар за арганізацыю Плошчы. Прашу прыцягнуць яго да адказнасьці і устанавіць яго месца знаходжаньня.
Пра абставіны затрыманьня. Мяне вялі так, што я ўвогуле ня ведаў, дзе я знаходзіўся. Мяне завялі, паклалі тварам на стол. Я сказаў, калі я ў СІЗА КДБ, гэта для мяне гонар, бо ў 30-я гады там сядзела
і было закатавана вельмі шмат годных беларусаў, якіх я ня варты ні на кропку.
Я меў гонар далучыцца хаця б да тых умоваў, у якіх трымалі іх.
Я спачуваю судзьдзі і пракурору, бо вельмі б не хацеў знаходзіцца на вашым месцы. Я ганаруся, што знаходжуся на лаве падсудных зь вядомым паэтам і іншымі годнымі людзьмі. А вы маеце няшчасьце іх
судзіць. Я асабіста разумею, у якіх абставінах вы знаходзіцеся, і я асабіста дарую любы прысуд. Але ведайце, што несправядлівы суд адзін з самых цяжкіх грахоў на гэтым сьвеце.
Я ня ведаю, што горш: пазбавіць жыцьця, ці забіць у чалавека веру ў правасудзьдзе, веру ў чалавека, у праўду. Калісьці гэтая вера будзе вернутая.
Я меў гонар запрашаць людзей на Плошчу.
Наіўныя вы, наіўны чалавек, які думае, што на Плошчу прывялі людзей чыйсьці заклікі, іх прывяла туды прага да праўды. Яны выйшлі туды за нашу і вашу свабоду, спадар судзьдзя і спадар пракурор,
свабоду для усіх людзей ў гэтай краіне. Выйшлі, каб змагацца са страхам, хлусьнёй і беззаконьнем.
Так, туды прыйшлі розныя людзі. Я дапускаю, што нехта быў у стане алькагольнага апьяненьня. Мы ня ведаем, ці гэта былі простыя дэманстранты, ці хтосьці прыйшоў туды на працу, каб выканаць
загады.
Жорсткія прысуды накіраваныя на тое, каб людзі больш не прыйшлі на Плошчу. Але яны ўсё адно будуць выходзіць на Плошчу і пакуль у нашай краіне пануе страх і беззаконьне, і пасьля, ужо тады, калі ў
нашай краіне будуць свабодныя і справядлівыя выбары, яны ўсё адно будуць выходзіць на Плошчу, у памяць пра гэтыя жорсткія разгоны і ахвяры ў змаганьні за праўду.
Яны будуць выходзіць на Плошчу да тых часоў, пакуль выбары ня стануць свабоднымі.
За нашу і вашу свабоду змагаемся мы і змагаліся тыя людзі, якія выйшлі на Плошчу 19 сьнежня. І пра гэта кажа гісторыя.
Засьценкі КДБ у 1936, 1937, 1938 памятаюць ня толькі тых нявінных людзей, якіх расстрэльвалі, але і тых энкавэдзістаў, якія расстрэльвалі раней, а пасьля іншыя расстралялі іх саміх.
Я думаю, нам трэба вывучыць гэтую гісторыю і ніколі яе не паўтараць. Я чуў ад маіх калег, што трэба ствараць міты пра Плошчу. Ня трэба ствараць міты пра Плошчу. Беларусы вартыя таго,каб ведаць праўду
пра Плошчу. Ім ёсьць чым ганарыцца і няма чаго хаваць.
Мне просяць умоўнае пакараньне, але выйшаўшы з засьценкаў СІЗА, я адчуў на сабе, што такое ўмоўнае пакараньне. Ня будзе свабоды ні для мяне, ні для маёй сям'і, пакуль ня будзе свабоды ў
краіне.
Я адчуваю сваю віну за тое, што зараз у калёніі ўзмоцненага рэжыму будуць сядзець маладыя хлопцы, я буду змагацца за іх вызваленьне.
Іх тэрміны -- гэта таксама і мае тэрміны. Ні лічу пакараньне справядлівым і буду рабіць усё магчымае, калі, канечне, застануся на свабодзе, каб гэтыя людзі выйшлі з-за кратаў. Таму што гэта патрэбна
для свабоды. Варта вызваліцца ад ўлады хлусьні і страху. Бо той хто пужае, як вядома, сам найбольш і баіцца.
Калі 19-га сьнежня мы ішлі на Плошчу, прыйшла інфармацыя, што зьбіты ці забіты Някляеў. І мяне запыталіся журналісты, што мы будзем рабіць далей. І я адказаў, што калі мы сёньня спужаемся шумавых
гранатаў, заўтра нас будуць страляць з рэвальвэраў.
Я дзякую тым, хто не спужаліся, тым сотням тысяч веруючых, якія зараз моляцца па ўсёй Беларусі за ўсіх зьняволеных, я хацеў бы хоць колькі быць годным гэтых малітваў.
Улада сама ня верыць у афіцыйныя лічбы выбараў.
Свабодныя і справядлівыя выбары - гэта вельмі важна. Выбары сапраўды ў нас былі сфальсыфікаваныя, пра гэта сьведчаць і шматлікія вынікі назіраньняў, і вынікі незалежных дасьледаваньняў. Але
гэта не адзінае, што патрэбна. На свабодных выбарах у Нямеччыне быў абраны Гітлер. Трэба, каб беларускае грамадзтва выбрала тыя каштоўнасьці, якія змаглі б прывесьці да свабоды.
Я не лічу сябе больш годным ці вартым за іншых ,у тым ліку за спадарыню судзьдзю і пракурора. Дзьверы цэркваў адчыненыя, і судзьдзя, пакаяўшыся за свае ўчынкі, перакананы, што зможа стаць у будучыні
кіраўніком аргкамітэту БХД, як і кожны чалавек, і можа быць больш годным за мяне.
Беларусы толькі тады змогуць жыць шчасьліва, калі мы адмовімся ад усялякіх ідалаў, у якіх мы верым, якім мы самі сабе ствараем.
Несумяшчальнае ўшанаваньне забітых у Курапатах з помнікамі Дзяржынскаму, Леніну, якія стаяць на нашых вуліцах.
Ідзе сутнасная барацьба за каштоўнасьці.
У Бібліі ёсьць два шляхі: шлях сьмерці і шлях жыцьця. Я заклікаю ўсіх тут прысутных, па абодва бакі лаваў падсудных добра падумаць, які шлях выбраць. Наша краіна Беларусі павінна ўшанаваць сваіх
пакутнікаў і абраць шлях жыцьця.
---------------------------------------------------------------------------------------------------------
Андрэй Саньнікаў: У мяне няма пачуцьця нянавісьці
Я ня буду разьбіраць асаблівасьці абвінавачаньняў, выстаўленых
мне. Судовае разьбіральніцтва гэтай справы з усёй відавочнасьцю паказала надуманасьць і неабгрунтаванасьць абвінавачваньняў.
Падзеі 19 сьнежня і гэты працэс я разглядаю як праяву страху дзейнай улады перад непазьбежнымі зьменамі, жаданьне пакараць тых, хто ня згодны. Гэта помста за сьмеласьць і адкрытасьць.
У дачыненьні да мяне гэта яшчэ і палітычная расправа над кандыдатам у прэзыдэнты, які склаў рэальную канкурэнцыю Лукашэнку, які здолеў сабраць моцную каманду прафэсіяналаў, якія карыстаюцца павагай і
ў сваёй краіне, і за мяжой, які заявіў пра гатоўнасьць узяць на сябе адказнасьць за кіраваньне краінай. Я быў і застаюся прыхільнікам рашучых і адкрытых дзеяньняў па зьмене існуючай улады ў Беларусі,
але быў і застаюся прыхільнікам абсалютна негвалтоўных дзеяньняў.
Я лічу, што ўсё, што адбываецца -- гэта прадуманая маштабная апэрацыя ўлады. Ўсё, што адбываецца, пачынаючы з 19 сьнежня і па сёньняшні дзень. На гэта ўказвае і выступ Лукашэнкі падчас выбарчай
кампаніі, які папярэджваў, што "пасьля выбараў з усімі разьбярэцца». Пра гэта сьведчаць і заявы кіраўніка адміністрацыі Макея, калі ён казаў пра нібыта наяўныя доказы таго,
што 19 сьнежня рыхтуецца ўзброеная правакацыя апазыцыі, з выкарыстаньнем піратэхнічных і выбуховых рэчываў.
У гэтым справе не прадстаўлена ніводнага падобнага доказу, нягледзячы на тое, што апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, у прыватнасьці ў адносіны мяне, у прыватнасьці праслухоўваньне, праводзіліся з
лета 2010 году. Тады я ня толькі ня быў кандыдатам, але яшчэ і не было абвешчана пра гэтае рашэньне.
Варта ўзгадаць і заяву старшыні ЦВК Ярмошынай, якая публічна абвясьціла, што паўнамоцтвы кандыдатаў заканчваюцца ў 20 гадзінаў 19 сьнежня, а не пасьля афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў выбараў. Тым
самым яна дала своеасаблівы сыгнал сілавікам аб тым, што з кандыдатамі можна рабіць усё, што заўгодна.
На гэта паказваюць і дзеяньні праваахоўных органаў. Яны першапачаткова не перашкаджалі біць шкло, ламаць дзьверы у Доме ўраду, не затрымлівалі правапарушальнікаў. Такім чынам яны спарадзілі пачуцьцё
беспакаранасьці у хуліганаў. Пра гэта сьведчаць і абяцаньні ўладаў адпусьціць тых асобаў, якія дадуць паказаньні на кандыдатаў.
Пра гэта сьведчыць сплянаваны жорсткі разгон мірнага пратэсту, у ходзе якога пацярпела вялікая колькасьць невінаватых цывільных асобаў. Гэта пацьвярджаюць і наступныя заявы Лукашэнкі, які бярэ на
сябе адказнасьць за дзеяньні праваахоўных органаў. Пра гэта сьведчаць і абяцаньні ўладаў адпусьціць на свабоду тых людзей, якія дадуць паказаньні супраць кандыдатаў.
Я выказваю сваю глыбокую павагу тым, хто зрабіў выбар на карысьць праўды. Я ганаруся тым, што я знаходжуся ў адной клетцы разам з вамі -- Ільлём Васілевічам, Фёдарам Мірзаянавым, Алегам Гнедчыкам,
Уладзімерам Яроменкам. І я сьцьвярджаю, што дзякуючы ім у гэтай клетцы больш патрыятызму, больш надзеі на будучыню Беларусі, больш разуменьня таго, што адбываецца ў дзяржаве, чым у тых органах, якія
іх сюды пасадзілі.
У выніку сваіх дзеяньняў 19 сьнежня ўлада канчаткова згубіла давер сваіх грамадзян, добрае стаўленьне з боку суседзяў і ўсёй сусьветнай супольнасьці. Наступствы гэтага бачныя ўжо цяпер, палітычна і
эканамічна, і нават у спорце.
19 сьнежня ў Менску адбылася шматтысячная масавая акцыя, у якой, я падкрэсьліваю, удзельнічала ўся Беларусь. Пераважная большасьць грамадзян Беларусі хочуць пераменаў. Гэта стала відавочна падчас
прэзыдэнцкай кампаніі. Мільёны грамадзян дэлегавалі сваю волю тым дзесяткам тысячам дэманстрантаў, якія выйшлі на плошчу. Акцыя 19 сьнежня адрозьнівалася ад дэманстрацый, якія праходзілі ў Беларусі
пасьля ранейшых выбараў - у 2001, 2006, 2008 годзе.
19 сьнежня 2010 году адбылася не акцыя пратэсту, а акцыя надзеі, таму што мы не толькі пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў, супраць бессаромнага рабаваньня людзей, у якіх скралі галасы. Мы
прапаноўвалі ўладам перамовы для таго, каб разам знайсьці выхад з крызісу.
Замест сумленнага дыялёгу ўлады ўжылі супраць народу сілу. Ва ўладзе не знайшлося сумленных і мужных людзей, якія выйшлі б на плошчу і ўступілі б у перамовы з народам, як гэта зрабілі кіраўнікі
дзяржавы ў 1991 годзе. На той жа плошчы, перад тым жа Домам ураду, дыялёг прывёў да ўмацаваньня незалежнасьці і дзяржаўнасьці краіны.
Прапанова дыялёгу 19 сьнежня 2010 г. прывяла да зьбіваньня мірных грамадзян, у тым ліку і кандыдатаў у прэзыдэнты. У выніку дзесяткі людзей сёньня сядзяць пад катаваньнямі, зь імі распраўляюцца з
дапамогай судоў. Сярод іх мая жонка Ірына Халіп, мае блізкія сябры Зьміцер Бандарэнка. Аляксандр Атрошчанкаў, і тыя людзі, якія дапамагалі мне ў маёй кампаніі, такія як Зьміцер Дрозд. Многія
вымушаныя былі ўцячы з краіны і прасіць палітычнага прытулку.
Мы ўсе хочам аднаго - жыць у сваёй краіне, абірацца на сумленных выбарах і не баяцца за сваё жыцьцё або жыцьцё сваіх блізкіх. Менавіта за гэта нас сёньня судзяць, фабрыкуюць справы і грэбуюць
законам. Я хачу папярэдзіць усіх тых, хто сёньня грэбуе законам - вы непазьбежна апынецеся на лаве падсудных і панясеце заслужанае пакараньне. Што яшчэ горш - вам непазьбежна прыйдзецца паглядзець у
вочы сваім дзецям.
Больш за месяц я не даваў паказаньняў, знаходзячыся ў СІЗА КДБ, спадзеючыся, што гэты абсурд скончыцца, спадзеючыся, што нейкі разумны сэнс пераможа. Я прайшоў праз катаваньні, зьнявагі, пагрозы, і,
згодна з задумай асноўнага замоўніка гэтага спэктаклю, мне зноў давядзецца прайсьці праз цяжкія выпрабаваньні. Тым ня менш у мяне няма пачуцьця нянавісьці, няма прагі помсты. Я па-ранейшаму лічу, што
нават сёньня ёсьць шанец ўрэгуляваць відавочны палітычны крызіс шляхам перамоваў. Проста камусьці трэба праявіць мужнасьць, пачаць выконваць законы.
Яшчэ раз заклікаю суд да вынясеньня па гэтай справе законнага прысуду. Пры гэтым хачу зьвярнуць увагу на тое, што законнасьць - гэта не выкананьне супрацьпраўных указаньняў дзеячаў ад улады, а
захаваньне законаў, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь. Ніводзін чыноўнік ня мае права патрабаваць парушаць закон, ніводзін закон ня можна
выкарыстоўваць для пакараньня невінаватых, парушэньня правоў чалавека і прыніжэньня яго годнасьці.
Я хачу выказаць найглыбейшую ўдзячнасьць усім тым, хто аказаў мне, асабліва маёй сям'і, маральную падтрымку, выявіў салідарнасьць, дапамог абараніць майго сына. Мяне пазбавілі магчымасьці падзякаваць
людзям, якія дапамагалі мне ў маёй кампаніі. Я хачу гэта зрабіць сёньня. Дзякую ўсім тым, хто падтрымаў мяне, хто прагаласаваў за мяне 19 сьнежня. Мне было вельмі важна ведаць, што вы падзяляеце маё
бачаньне будучыні нашай краіны.
Я ведаю, што нас большасьць. Я ведаю, што мы даможамся свабодных выбараў.
Я люблю сваю сям'ю больш за жыцьцё. Я люблю Беларусь. Я вельмі люблю свабоду. Я ведаю, што мая сям'я, усе людзі Беларусі будуць шчасьлівыя, калі мы станем свабоднымі, а гэта немагчыма без захаваньня
законнасьці.
Жыве Беларусь!
---------------------------------------------------------------------------------------------------------
Мікола Статкевіч: Я згодны ахвяраваць сабой
19 сьнежня ў Беларусі сапраўды было зьдзейсьнена асабліва цяжкае
злачынства.
І гэта зрабіў адзін кандыдат у прэзыдэнты. Гэта злачынства кваліфікуецца артыкулам 357 часткай другой Крымінальнага кодэксу. І гучыць так: захаваньне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным
шляхам. Я быў кандыдатам у прэзыдэнты і лічыў сваім абавязкам зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць гэтае злачынства. Я спрабаваў давесьці да шырокай грамадзкасьці, як будзе ажыцьцяўляцца гэтае
злачынства. Таму што, на жаль, ўжо быў досьвед такіх злачынстваў.
Я наўпрост зьвяртаўся да гэтага кандыдата і пісьмова і праз эфір беларускага тэлебачаньня з прапановамі не рабіць гэтага, і ведаючы, што гэта не спрацуе, спрабаваў арганізаваць масавую акцыю. Каб
шляхам прысутнасьцю вялікай колькасьці людзей, якія дэманструюць сваю нязгоду, прымусіць уладу да закону.
Тут шмат гучала. што акцыя была незаконная, несанкцыянаваная і гэтак далей. Шаноўнае грамадзтва, у жыцьці бываюць такія сытуацыі, калі трэба ісьці на парушэньне заканадаўства больш дробнае, каб
прадухіліць больш цяжкія наступствы.
Напрыклад, нікому не прыйдзе ў галаву абвінаваціць чалавека, які выскачыў на праезную частку, каб з-пад машыны выхапіць дзіцё. Ніхто ў здаровым розуме ня выпіша яму квітанцыю за парушэньне правілаў
дарожнага руху. Або больш страшны прыклад. Ніхто, мабыць, таксама не абвінаваціць чалавека за нанясеньне цялесных пашкоджаньням забойцу, каб прадухіліць забойства. Праўда, бываюць і іншыя прыклады,
калі наадварот. Я чытаў, як у Гомелі, чалавек, прадухіліўшы крадзеж уласнага магнітафону, выскачыў за рабаўніком, параніў яго, а потым бег за параненым і зарэзаў яго. Пазьней быў вызвалены на свабоду
асабістым указам кіраўніка гэтай улады. Бываюць і такія выпадкі.
Але ўлада вырашыла сфальшаваць выбары ў чарговы раз і задумала яшчэ адно злачынства — расправу над дэмакратычнымі сіламі, над тымі, хто пратэставаў супраць фальсыфікацыяў. Расправа гэтая
рыхтавалася загадзя.
Я спасылаюся на Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне, якое пасьля новага году дэманстравала зьвесткі, дакумэнты, што нібыта апазыцыя замаўляла халодную зброю на дзяржаўным заводзе.
Гэта насамрэч сьведчыць пра тое, што яшчэ задоўга да 19 сьнежня на дзяржпрадпрыемстве замаўляліся заточкі, каб потым абвінаваціць, магчыма, мяне. Але потым, мабыць, зразумелі, што гэта занадта белымі
ніткамі шытае. Але спроба была. У СІЗА КДБ мне распавялі, што за шмат дзён там пачалі рыхтавацца да вялікай колькасьці арыштантаў, пачалі зьбіваць шчыты, каб спалі новыя арыштанты, бо ўсім месцаў не
хапае.
Нават па матэрыялах справы бачна, што прадстаўнікі міліцыі абышлі ўсе ўстановы ўздоўж праспэкту Незалежнасьці і папярэдзілі, што будуць масавыя беспарадкі, маўляў, зачыняйцеся. У матэрыялах справы
ёсьць ліст ад «МакДональдса», дзе напісана, што яны закрыліся ў 20.15 у сувязі з масавымі беспарадкамі. А ў 20.15 толькі пачынаўся мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Усё гэта сьведчыць
па тое, што акцыя была загадзя сплянаваная.
Правакацыя пачалася з нападу ў 19.30 на двух кандыдатаў, калі галасаваньне яшчэ ішло. Мэтай нападу было ня толькі нанесьці цялесныя пашкоджаньні, але каб узбудзіць ва ўдзельніках акцыі на
Кастрычніцкай плошчы пачуцьцё помсты, каб атрымаць разбуральны натоўп, атрымаць нагоду для далейшай расправы. Людзі павялі сябе адказна і не паддаліся тады на правакацыю. Калі пачалася дэманстрацыя,
улады мэтанакіравана блякавалі кандыдатаў, спынілі галаву калёны, каб былі беспарадкі. Але зноў людзі паводзілі сябе прыстойна, адказна.
Далей падчас мітынгу на плошчы Незалежнасьці нейкія невядомыя пачалі біць шкло. Потым яны крычалі «ГУВД», калі іх білі (мы гэта бачылі на відэа). Да іх далучыліся некаторыя
мітынгоўцы. Я іх не асуджаю. Хто выпадкова павёўся, а нехта спрабаваў такім чынам прадухіліць большае злачынства — краінай кіруе самазванец. Я думаю, што і зараз ў значнай часткі грамадзтва
гэтыя маладыя людзі ўспрымаюцца як героі. Мабыць, хутка будзе гэтак, што шмат людзей будуць хваліцца, што ўдзельнічалі ў тых падзеях.
Кіраўнік рэжыму ў інтэрвію «Вашынгтон пост» хваліўся, што ў рэжыме онлайн кіраваў сытуацыяй каля Дому ўраду. Ён усё бачыў, аддаваў каманды. Ён, мабыць, аддаў каманду, калі падышоў
АМОН, і людзі адышлі ад Дому ураду, каб АМОН сышоў, справакаваўшы такім чынам далейшы працяг удараў па гэтых дзьвярах. Бо я ня веру, што нейкі афіцэр мог на сябе ўзяць такую адказнасьць без каманды
зьверху.
Скарыстаўшыся гэтай сытуацыяй улады нацкавалі спэцназ на мірных людзей. Сотні людзей зьбілі, хаця яны не супраціўляліся. Потым, калі падзеі завяршыліся, паглядзелі, што не хапае.
Мэта расправы была адцягнуць увагу ад сапраўднага злачынства — захопу ўлады. Паглядзелі, не хапіла доказаў. Тады пайшлі на фальшаваньне рэчавых доказаў. Прывезьлі бутэлек нібыта з кактэйлем
Молатава, прывезьлі, раскідалі і зрабілі пратакол. Але знайшліся экспэрты, якія паказалі, што там звычайная вада, і ёсьць дакумэнт. Але гэтыя рэчы суткі да агляду мусілі ляжаць на марозе і мусілі
замерзнуць у лёд, а яны напісалі — вадкасьць. Унікальная беларуская вада, якая не замярзае пры 14 градусах марозу.
Увага грамадзкасьці была адцягнутая. Бо арыштаваныя дзясяткі людзей. Замест таго, каб абмяркоўваць захоп улады, мы абмяркоўвае гэта. Непараўнальныя рэчы. Ён уладу захапіў, а яму дзьверы
пабілі на 14 мільёнаў беларускіх рублёў. Зараз паводле рэальнага курсу гэта 2 тысячы даляраў, праз некалькі месяцаў 1 тысяча даляраў будзе. З другога боку толькі даход Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта,
які нікім не кантралюецца ў дзяржаве, складае 100 мільёнаў даляраў у месяц. За кадэнцыю прэзыдэнцкую 5пяцігадовую гэта 6 мільярдаў.
Да нашай сытуацыі вельмі добра падыходзіць гэтае слова -- муляжы.
Зараз мы ўбачым муляж правасудзьдзя. Зьнешне ўсё нармальна — адвакаты, пракурор, судзьдзя — але насамрэч муляж з загадзя вызначаным канцом. Як і з выбарамі — муляж.
Парлямэнт — муляж. Хто ў гэтым сумняваецца?
Нават нашу эканоміку, якая ў неблагім стане засталася ад савецкіх часоў, праелі і паступова ператвараюць у муляж, як і беларускую валюту.
Гэтак і наша жыцьцё ператвараюць у муляж — быццам эўрапейцы, апранутыя нармальна. Але насамрэч як муляжы жывём. А насамрэч за ўсім гэтым страх, залежнасьць і неабароненасьць ад любых
нечаканасьцяў, ад таго, якія тараканы ў высокай галаве прабягуць. Час вяртаць Беларусь да нармальнага жыцьця. На жаль, але гэта немагчыма без змаганьня. На жаль, гэтае змаганьне не абыходзіцца без
ахвяраваньняў.
Дзякую за мужнасьць тым, хто не напалохаўся і прыйшоў на Плошчу. І прашу прабачэньня у тых, хто быў ні за што зьбіты, апынуўся на нарах, ў клетках. Хачу сказаць родным і блізкім гэтых людзей, што вам
не павінна быць сорамна за сваіх сыноў, братоў, якія сядзяць у клетцы. Зараз на дадзены момант гэта высокае месца. Значна больш высокае, чым на тым баку залі.
Зьвяртаюся да дыпляматаў разьвітых эўрапейскіх краінаў — ня трэба прапаноўваць рэжыму грошы за нашу свабоду. Калі вы зробіце гэтага, у нас будуць новыя закладнікі. А я згодны ахвяраваць
сабой. У злачынцаў закладнікаў выкупаць нельга. Калі вы зробіце гэта, значыць будуць іншыя закладнікі, і сытуацыя доўга ня зьменіцца.
Што да асабіста мяне і прапановы пракурора. Я гатовы ахвяраваць сваёй уласнай свабодай дзеля таго, каб наблізіць свабоду сваёй краіны. Я веру ў тое, што Беларусь будзе вольнай.
http://www.svaboda.org