Сёння для Лукашэнкі сітуацыя больш складаная, чым на мінулых выбарах
Такога меркавання прытрымліваюцца дасведчаныя палітыкі.
Прэзідэнцкая гонка працягвае падносіць сюрпрызы. 26 мая сваю кандыдатуру зняў лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, які раптам перадумаў ўдзельнічаць у выбарах пасля некалькіх дзён збору подпісаў.
У той жа час блогер Сяргей Ціханоўскі працягвае збіраць на свае пікеты сотні людзей. У Слуцку ён заявіў журналістам, што ў яго ўжо ёсць папярэдні план на выпадак, калі выбары будуць зноў сфальсіфікаваныя:
«Людзі выйдуць кожны ў сваім горадзе спачатку да выбарчых участкаў, потым да выканкамаў на цэнтральныя плошчы. У кожным абласным і раённым горадзе, не кажучы пра сталіцу».
Сюрпрызы прэзідэнцкай кампаніі UDF.BY пракаментавалі дасведчаныя палітыкі.
«Пратэстны рух зараз выглядае больш моцным, чым у папярэднія гады»
Адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбараў-2001 Уладзімір Ганчарык у каментары UDF.BY адзначыў, што сумняецца ў тым, што Гайдукевіч прыняў рашэнне аб зняцці самастойна.
«Магчыма, вядома, што рашэнне было і яго асабістым — Гайдукевічу маглі давацца пэўныя абяцанні. Але больш падобна на падказку з боку Адміністрацыі прэзідэнта. Рашэнне выглядае прадыктаваным сітуацыяй. Думаю, улада зробіць усё магчымае, каб выбаршчыкі, якія могуць прагаласаваць за цяперашняга прэзідэнта, не адцягваліся на іншыя кандыдатуры. А Гайдукевіч увогуле выступаў на электаральным полі дзейнага кіраўніка дзяржавы. Вось і вырашылі расчысьціць поле для Лукашэнкі», — сказаў Ганчарык.
Былы кандыдат у прэзідэнты лічыць, што цяперашняя перадвыбарчая кампанія істотна адрозніваецца ад папярэдніх.
«Сёння для Лукашэнкі сітуацыя больш складаная, чым на мінулых выбарах. Калі б існаваў сумленны падлік галасоў, вынікі маглі быць для яго непрадказальнымі», — мяркуе Ганчарык.
Блогер Ціханоўскі, па сутнасці, прапануе людзям чарговы варыянт Плошчы. Але ці гатовыя сёння масы да вулічнага сцэнары?
«Зразумела, што Ціханоўскі ўвасабляе пратэстны рух. Зараз ён выглядае больш моцным, чым у папярэднія гады. Але разважаць пра тое, колькі людзей гатова выйсці на Плошчу, занадта рана — прэзідэнцкая кампанія пачалася толькі нядаўна», — сказаў Ганчарык.
«Сёння людзі яшчэ не гатовыя выйсці на вуліцу»
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб у каментары UDF.BY адзначыў, што Гайдукевіч мог прыняць рашэнне аб зняцці кандыдатуры пасля атрымання інфармацыі з Расіі.
«Выразна Гайдукевіч не растлумачыў, чаму так хутка адмовіўся ад барацьбы. Прычыны ў яго маглі быць вельмі рознымі. Дзейсныя ўлады маглі настойліва яму парэкамендаваць зняць кандыдатуру, бо не маюць патрэбы ў спарынг-партнёрстве. А магчыма, Гайдукевіч атрымаў важную інфармацыю з Расіі — у яго структуры старыя сувязі з партыяй Жырыноўскага», — не выключае Грыб.
За дзейнасцю блогера Ціханоўскі ён сочыць з цікавасцю.
«Відавочна, што незадаволеных сёння вельмі шмат. І гэта зразумела: 26 гадоў кіравання аднаго чалавека не маглі прайсці бясследна, ён амаль усім надакучыў. Але гэта яшчэ не значыць, што ўсе незадаволеныя гатовыя выйсці на вуліцу. Сёння, на мой погляд, людзі яшчэ да гэтага не гатовыя. Але да выбараў яшчэ два месяцы, за гэты час іх настроі яшчэ могуць змяніцца — перадумоў да паляпшэння іх жыцця не назіраецца», — адзначыў былы старшыня Вярхоўнага Савета.
Грыб распавёў аб адным з момантаў, якія яго здзіўляюць ў бягучай перадвыбарнай кампаніі:
«Кіраўніцтва краіны нават не дапускае думкі, што іх улада можа быць не вечнай, што яны з ёю могуць расстацца».
Паводле udf.by