Шанаванне крывавага перавароту
Беларусь, краіна ў цэнтры цывілізаванай Еўропы, застаецца апошняй, дзе 7 лістапада ўсё яшчэ адзначаецца гадавіна кастрычніцкага перавароту 1917 года як свята «Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі».
І гэта там, дзе слова «рэвалюцыя» ў самой уладзе выклікае нервовыя зрывы ды ныркавыя колікі.
Дагэтуль 7 лістапада застаецца ў Беларусі «чырвоным лістком календара», выходным днём. Нават у суседняй Расіі яшчэ пры «цары Барысе» (Ельцыне) гэты дзень
перастаў быць святам, але быў прызнаны гадавінай велізарнай трагедыі. Таму крамлёўцы ў свой час вырашылі не святкаваць больш тую гадавіну, але 4 лістапада адзначаюць нейкі там дзень нейкага там
замірэння. У тое, што такое «замірэнне па-руску», паглыбляцца не будзем — сённяшнія падзеі ўнутры самой «паўстаючай з каленяў» імперыі і яе паводзіны на
знешнім накірунку, напрыклад, у дачыненні да Украіны, сведчаць самі за сябе.
Нягледзячы нават на тое, што цяперашні расійскі правадыр Пуцін неаднойчы заяўляў, што развал Савецкага Саюза быў «галоўнай геапалітычнай трагедыяй дваццатага стагоддзя», у
Расіі свята «Вялікага Кастрычніка» не адрадзілі. Не той час, не тыя ўмовы ды абставіны. Не тая кан’юнктура. Там сёння папулярныя ідэі адраджэння манархіі, і нават усё
часцей агучваецца імя таго, хто варты зноўку стаць расійскім «Імператарам усяе-ўсяе-ўсяе і гэтак далей». Толькі вось «гэтак далей» — дзе яно? Але не пра
гэта гаворка.
У Беларусі так і не спрычыніліся да адмены таго знакавага савецкага свята. Дык чаму гэты анахранізм працягвае адзначацца ў нашай краіне?
Навідавоку прымітыўны, але, відаць, верны адказ: дзейная беларуская ўлада па сваёй сутнасці прынцыпова нічым не адрозніваецца ад улады тых, што 70 гадоў трымалі ў сваіх кіпцюрах ледзь не
палову свету. Камунізм нікуды з Беларусі не падзеўся: існаванне так званай «Лініі Сталіна», безліч помнікаў чырвоным правадырам па ўсёй краіне, тапаніміка, калі нават у
цэнтры беларускай сталіцы куды ні зірні, паўсюль камуністычныя назвы.
Мала вуліц з імёнамі слынных беларускіх ваяроў, пісьменнікаў, паэтаў, навукоўцаў, іншых вартых таго асобаў, затое ў нас шануюць Розу Люксембург і Клару Цэткін, Уладзіміра Леніна і Міхаіла
Калініна, Фелікса Дзяржынскага ды іншых Мясніковых і Мяржынскіх et cetera.
Камуністычная вакханалія пад назвай «ХХХV з’езд СКП-КПСС» мінулаю суботаю таксама адбылася ў сталіцы Беларусі. Гэтая тусоўка нават была вітаная
афіцыйным беларускім лідарам. Праўда, персанальна ён там не з’явіўся. Але пісьмова прывітаў. А потым таварыш Зюганаў — фюрэр КПРФ — заклікаў да супольнай барацьбы з
«кіеўскай бандэраўска-фашысцкай хунтай», нават нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка шматкроць заяўляў пра сваё прыязнае стаўленне да новага ўкраінскага кіраўніцтва.
Вось дык прыгрэў сапраўдную «пятую калону» міжнароднага ўзроўню!
Трэба прызнаць, што Беларусь і дагэтуль па вялікім рахунку застаецца чырвонай, камуністычнай. Гэтая камуністычнасць, хоць і не афіцыйная, пакідае нашу краіну па-за цывілізаваным светам.
Паводзіны ўлады і сілавікоў нагадваюць нават не брэжнеўскія, але сталінскія часы з невялікімі папраўкамі на гістарычны перыяд і на адкрытасць грамадства ды сучасныя інфармацыйныя
тэхналогіі.
Страх ды безыніцыятыўнасць у грамадстве, камандна-планавая сістэма ў эканоміцы, усёдазволенасць і беспакаранасць сілавікоў маюць месца і цяпер.
Афіцыйнае «свята» 7 лістапада, віншаванні, прынамсі, у сталічным грамадскім транспарце ад імя «Мінскага гарадскога савета дэпутатаў і Мінскага гарадскога выканаўчага
камітэта» з днём «Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі» — наша рэальнасць.
І хоць у гэты дзень ужо не праводзяцца дэманстрацыі ці парады, дух камунізму ўсё яшчэ лунае над нашай краінай, якая ад камуна-бальшавізму, як і ад гітлераўскага фашызму, пацярпела, бадай, больш
за іншых.