Сенат ЗША ўхваліў «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі»
Сенат ЗША ўхваліў законапраект «Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі» (Belarus Democracy, Human Rights, and Sovereignty Act). Як паведамлялася раней, дакумент дае дадатковыя паўнамоцтвы прэзідэнту ЗША па ўвядзенні санкцый у сувязі з выбарамі 2020 года ў Беларусі і наступнымі за імі падзеямі.
Законапраект быў прадстаўлены кангрэсмэнам Крысам Смітам. Ён з'яўляецца адным з аўтараў актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў.
Як адзначаецца ў тлумачэнні да дакумента, тым самым пашыраюцца «паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША па ўвядзенні санкцый» у сувязі з выбарамі 2020 года ў Беларусі.
«Прэзідэнт ЗША можа ўвесці візавыя санкцыі супраць любога замежніка, які з'яўляецца сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на выбарах, або ў дачыненні да ўрадавай асобы, адказнай за пераслед незалежных СМІ, альбо прадстаўніка Саюзнай дзяржавы, альбо расійскага грамадзяніна, які прымаў значны ўдзел у пераследзе СМІ, парушэнні правоў чалавека датычна палітычных рэпрэсій у Беларусі», — гаворыцца ў тэксце, пераклад якога прыводзіць TUT.BY.
Акрамя таго, абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі змяшчае наступныя палажэнні:
1. прызнае Каардынацыйны савет законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і не прызнае Аляксандра Лукашэнку «законна абраным лідарам Беларусі»;
2. заклікае правесці новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў свабоднай і справядлівай форме ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ;
3. паклікае вызваліць усіх палітычных зняволеных без усялякіх папярэдніх умоў;
4. падтрымлівае імкненне народа Беларусі ў свабодзе веравызнання;
5. дазваляе дапамогу ў прасоўванні дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;
6. заяўляе, што ЗША не прызнаюць ўключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расеяй;
7. патрабуе ад Злучаных Штатаў стратэгіі па прасоўванні вяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
8. аказвае падтрымку беларускім СМІ і прадстаўнікоў IT-сектара.
Раней дакумент ўхваліла Палата прадстаўнікоў. Цяпер ён павінен паступіць на подпіс прэзідэнту.