Сахашчык: Грамадзянскай вайны ў Беларусі мы не дапусцім
Былы вайсковец, а цяпер — адзін з кіраўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл Валерый Сахашчык каментуе адносіны Беларусі і Украіны, памылкі пратэсту 2020 года, а таксама магчымую будучыню для нашай краіны.
Прадстаўнік па абароне і нацбяспецы Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык расказаў пра ўзаемадзеянне з украінскім кіраўніцтвам і прадставіў сваё бачанне будучыні Беларусі. У прыватнасці, ён пракаментаваў словы Кірыла Буданава, які, па сутнасці, пахваліў Лукашэнку за тое, што той не дапусціў паўторнага прарыву з тэрыторыі Беларусі.
— Трэба прызнаць, што Украіна знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы. І нават гэты факт, увайшлі ці не ўвайшлі з Беларусі, з'яўляецца вельмі істотным для Украіны. Таму я магу зразумець Кірыла Буданава як генерала краіны, якая цяжка ваюе, — адзначыў Валерый Сахашчык у інтэрв'ю «Нашай ніве».
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета лічыць, што на сённяшні дзень якая-кольвек стратэгія Украіны па Беларусі адсутнічае.
— Цяпер Украіна занятая тым, каб абараніць сваю свабоду і незалежнасць. Пасля гэтага яны ўжо будзе думаць над тым, як выбудоўваць адносіны з суседзямі, — адзначае Сахашчык.
Ён не выключае, што паміж беларускім рэжымам і ўкраінскім кіраўніцтвам можа існаваць кулуарная дамоўленасць аб тым, што Зяленскі не будзе падтрымліваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а Лукашэнка наўзамен не дапусціць паўторнага ўварвання з тэрыторыі краіны.
— Я думаю, што прамых кантактаў паміж Зяленскім і Лукашэнкам няма, але на нейкім іншым узроўні кантакты, безумоўна, ёсць. Зносіны ішлі на працягу ўсяго перыяду вайны, — адзначае Сахашчык.
На пытанне, што павінны зрабіць беларусы, каб з іх краінай сталі лічыцца, ён заўважае:
— З беларусамі, якія ваююць ва Украіне, лічацца, нас там вельмі паважаюць і ніякіх прэтэнзій не прад'яўляюць. Думаю, што беларусы, якія дапамагаюць Украіне ў розных месцах, на розных узроўнях, таксама карыстаюцца павагай. Ну а каб да ўсёй краіны так ставіліся, трэба паказаць, што мы не ўяўляем ніякай пагрозы Украіне і здольныя быць добрымі суседамі. Нам усё гэта яшчэ трэба будзе зрабіць.
На яго думку, таго, што беларусы паказалі ў 2020 годзе, на жаль, недастаткова.
— Мы не давялі справу да лагічнага завяршэння, нам не ўдалося перамагчы. Украінцам складана растлумачыць, чаму мы не перамаглі, што прычынай гэтаму не з'яўляецца наша баязлівасць, маладушнасць. Украінцы жывуць у іншай сітуацыі. У іх змянілася пяць прэзідэнтаў. Я не кажу, што ім было лёгка. Яны панеслі вялікія ахвяры, яны цалкам сумленна сваю свабоду і незалежнасць купілі, заплаціўшы за гэта дарагую цану сваёй крывёю.
Але разам з тым украінцы не разумеюць, як так беларусы не могуць памяняць уладу. Для іх — як і для еўрапейцаў і для амерыканцаў — такая думка не ўкладаецца ў іх стандарт мыслення.
На пытанне, чаму не атрымалася ў беларусаў, Сахашчык адзначае:
— Скажам шчыра, Лукашэнка перайграў народ. Народ быў раз'яднаны, усе лідары былі альбо арыштаваныя, альбо выправаджаныя за мяжу, арганізацыі не было, плана не было, аніякага сілавога кампанента не было. Міліцыянты і КДБшнікі ладзілі бязмежжа, будучы цалкам упэўненымі, што адказваць за гэта не давядзецца.
Лукашэнка змог сур'ёзна падрыхтавацца да гэтага. Хоць мы ўсе бачылі, што першыя некалькі тыдняў ён быў напалоханы, яго самалёты, я ўпэўнены, былі загружаныя і стаялі гатовымі да адлёту ў Зімбабвэ ці куды яшчэ, і шалі вагаліся.
Лукашэнка быў вельмі перапалоханы, усе мянты былі вельмі перапалоханыя і падыходзіць да народа баяліся. Я бачыў гэты спалох у вачах праз прарэзы ў чорных масках. Яны разумелі, што, калі народ вырашыцца і пойдзе, то яны нічога не змогуць рабіць. Але народ не адважыўся і не пайшоў.
Паводле слоў Валерыя Сахашчыка, некаторыя афіцэры спецпадраздзяленняў, якія ў той час былі па іншы бок барыкад, гаварылі яму, што, калі б адзін раз беларусы не сышлі дадому, а засталіся, рэсурсы сілавікоў скончыліся б і яны нічога не змаглі б зрабіць.
— Але тады нам здавалася ўсё па-іншаму. Мы вельмі талерантныя, мы вельмі міралюбныя, мы вельмі марылі жыць у прававой краіне і ўсё рабіць толькі паводле закону, таму тады мы вось гэтую мяжу пераступіць не змаглі — і атрымалася як атрымалася.
Але я ўсё-ткі лічу, што гэта не пройгрыш беларускага народа. Мы прайгралі бітву, але дакладна не прайгралі ўсю вайну. Мы яе выйграем. Самае галоўнае — што мы ўбачылі, што мы вялікая, магутная, прыгожая нацыя. Тое, што мы цяпер прыпыніліся — гэта толькі часовая праблема.
Ён таксама пракаментаваў заявы добраахвотніка Янкі, што для вызвалення Беларусі трэба 250 тысяч падрыхтаваных байцоў.
— Я быў у шэрагу краін, якія перажылі грамадзянскую вайну. У Анголе грамадзянская вайна быццам бы скончылася два дзясяткі гадоў таму, а наступствы бачныя дагэтуль. Я нават думкі не дапускаю, што мы можам давесці Беларусь да такога сцэнара. Я абсалютна ўпэўнены, што мы зробім гэта па-іншаму, — кажа Сахашчык.
На яго думку, не трэба ў Беларусь уваходзіць велізарнымі войскамі. Трэба толькі ліквідаваць раскол у грамадстве, які рэжым унёс у 2020 годзе, а на справе — яшчэ раней.
— Мы зможам зрабіць так, што і «ябацькі», і «змагары» зразумеюць, што мы ўсё-ткі адзін народ і мы не будзем страляць адно ў аднаго. А калі нейкія сітуацыі, якія будуць мець сілавы сцэнар, і ўзнікнуць, то гэта будуць прыватныя выпадкі. Масавага кровапраліцця мы не дапусцім. І мы забяспечым перамены, забяспечым абарону новай, дэмакратычнай Беларусі ад усіх знешніх пагроз.
Чаму я так кажу? Таму што я дастаткова добра ведаю, што ў галовах у людзей унутры Беларусі, якія цяпер носяць пагоны, — запэўніў прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета.