Рыгор Кастусёў: Партыя БНФ будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі

Партыя БНФ будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі – гэта адназначна. Кажа старшыня Рыгор Кастусёў.

kastusiou_2.jpg

У сярэдзіне партыі было два прэтэндэнты. Цяпер партыя спынілася на кандыдатуры намесніка старшыні Аляксея Янукевіча. Для вылучэння трэба сабраць як найменей 100 тысяч подпісаў грамадзянаў Беларусі, якія маюць права галасаваць. А гэта, як паказалі папярэднія выбары, не самая лёгкая задача для апазіцыйных структураў. У партыі БНФ не губляюць надзеі выйсці на адзінага кандыдата, кажа яе старшыня Рыгор Кастусёў.
– Партыя БНФ сышлася на тым, што асноўны прэтэндэнт у нас Аляксей Янукевіч. Ужо ідзе фармаванне ініцыятыўнай групы для Аляксея Янукевіча. Мы таксама вельмі актыўна працуем і з іншымі палітычнымі структурамі Рэспублікі Беларусь у межах кампаніі “Права выбара”. Разам з гэтымі структурамі, якія працуюць у рамках кампаніі “Права выбара”, мы рыхтуем выхад на магчымага адзінага кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь ад дэмакратычных сілаў. Такая праца зараз ідзе, і я думаю, што яна будзе мець поспех.
Пра адзінага кандыдата дамаўляюцца і прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі, якая ўключае ў сябе Абʼяднаную грамадзянскую партыю, аргкамітэт партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і рух «За Свабоду». Яшчэ 25 верасня 2018 году гэтыя тры структуры абвесцілі намер вылучыць кандыдатаў, па адным ад кожнага субʼекта. Адпаведна Мікалай Казлоў, Павел Севярынец і Юрась Губарэвіч. Кандыдата ад правацэнтрыстаў вызначаць праз праймерыз.
Паводле Радыё Рацыя