Рэнэ Фазель: Прадстаўнікі апазіцыі кажуць нам, што яны хочуць гэты чэмпіянат свету

Кіраўнік IIHF Рэнэ Фазель даў інтэрв’ю швейцарскаму выданню «Watson». У ім ён расказвае пра сваю паездку ў Мінск, сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам і пра сітуацыю вакол чэмпіяната свету па хакеі, які мусіў бы прайсці сёлета ў Мінску.

Рэнэ Фазель / hockey.by

Рэнэ Фазель / hockey.by

Тэлеграм-канал @motolkohelp прыводзіць некаторыя вытрымкі з інтэрв’ю кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакея, які нядаўна наведаў Беларусь з афіцыйным візітам.

У прыватнасці, Фазель заяўляе, што перад паездкай у яго былі кантакты з прадстаўнікамі Святланы Ціханоўскай: “Прадстаўнікі апазіцыі кажуць нам, што яны хочуць гэты чэмпіянат свету, што гэта чэмпіянат свету для народа”. Акрамя таго, падчас візіту еўрапейскага функцыянера нібыта запэўнілі, што ў Беларусі няма палітычных зняволеных — ёсць асуджаныя за злачынствы падчас масавых акцый пратэсту.

Выданне trybuna.com падае іншую частку інтэрв’ю. Яна датычыцца непасрэдна сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

  Як прайшоў ваш візіт да Аляксандра Лукашэнкі?

— Мы з [генсекам ІІХФ] Хорстам Ліхтнерам вылецелі ў Мінск праз Мюнхен у мінулую нядзелю і рыхтаваліся да сустрэчы з Лукашэнкам у нядзелю ўвечары і з прадстаўнікамі беларускай федэрацыі. Мы недвухсэнсоўна далі зразумець, што гэтая сустрэча будзе закрытай для публікі і медыя.

— І без тэлекамер.

— Так, і без тэлекамер. Напярэдадні ЧС у нас прынята сустракацца з прадстаўнікамі прымаючай краіны, але небяспека гэтай сустрэчы на фоне цяперашняй палітычнай сітуацыі нам была відавочная.

— Але тэлекамеры ўсё-ткі былі.

— Мы прыбылі ў Палац Незалежнасці ў панядзелак каля 10 гадзін раніцы. Там быў афіцыйны прыём з кіраўніком Федэрацыі хакея [Дзмітрыем Баскавым] і міністрам спорту [Сяргеем Кавальчуком], потым мы па пратаколе чакалі прыбыцця Лукашэнкі. Я ведаю яго ўжо 20 гадоў, а абдымкі ў мясцовай культуры гэтак жа звычайныя пры вітанні, як для нас поціск рукі. Дарэчы, магу вас супакоіць: мы ўжо перахварэлі на COVID-19, так што рызыкі для здароўя не было. Вось як з'явіліся гэтыя фотаздымкі. І яны не азначаюць, што мы [ІІХФ] згодныя з палітычнай сітуацыяй у Беларусі. Гэта была проста сустрэча двух людзей, якія ведаюць адзін аднаго 20 гадоў, ні больш ні менш.

— Перад уключанымі камерамі. Вы гэта разумелі?

— Я заўважыў камеры. Але нас запэўнілі, што здымка будзе толькі для ўнутранага карыстання, а праз пяць хвілін камеры зніклі. Я не разумеў, што далей нас таксама здымаюць. Усе чакалі Лукашэнку, усе былі напружаныя і нерваваліся, а потым мы сканцэнтраваліся на перамовах і ўжо не думалі, здымаюць нас ці не.

— І вы патрапілі ў пастку.

— Сябры з Усходу лічаць, што нас падманулі. Маёй прысутнасцю, напэўна, злоўжывалі. Ці так гэта на самой справе, я не магу сказаць. Праўда дзесьці пасярэдзіне, — сказаў Фазель.