«Рэнэ, а нашы палітвязні змогуць наведаць хакей?»

Вечарам у панядзелак Рэнэ Фазель сядзеў у VIP-ложы «Мінск-Арэны» і моўчкі глядзеў на лёд. Там, унізе, коўзаліся, перастукваючы клюшкамі, хакеісты мінскага «Дынама» і магнітагорскага «Металурга».

Рэнэ Фазель (newsbel.by)

Рэнэ Фазель (newsbel.by)


Гаспадары прайгралі, але тое мала ўзрушыла заўзятараў ды самога Фазеля. Што там гэты шараговы матч КХЛ — сёння перамог, заўтра саступіў — беларусы яшчэ ў жніўні страцілі эмпатыю да сваіх сервільных ды безгалосых «зуброў».
Хто выйграе спрэчку за чэмпіянат свету–2021? Вось сапраўдны «гамбіт», які хвалюе мільёны, мае выразны палітычны складнік і здольны хаця б іміджава, але пахіснуць беларускі рэжым. Пакуль ён у асноўным гуляецца пад дываном, але гэта толькі надае працэсу інтрыгі.

Лорд Вестэроса

Чарговы акт «гамбіту» адбыўся напачатку тыдня, калі прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея намаляваўся ў беларускай сталіцы. І быў прадказальна прыняты на самым вышэйшым узроўні. І яшчэ на парозе доўга абдымаўся з Лукашэнкам, яны ціскалі адзін другому рукі і абыходліва, як Чычыкаў з Манілавым, раскланьваліся перад тэлекамерамі і фотааб’ектывамі. Пакуль усё ж не пакрочылі ў залу прыёмаў Палацу Незалежнасці — туды, дзе камін з ляпнінай, цяжкая жырандоля з крыштальнымі пацеркамі ды разная мэбля, якой пазайздросціў бы нават майстар Гамбс.
Фазеля віталі сапраўды як нейкага лорда Вестэроса. Кіраўніка ІІХФ, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, сустракалі і яго сын Віктар Лукашэнка, і прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, і міністр спорту Сяргей Кавальчук… І нават старшыня Беларускай федэрацыі хакея (ФХБ) Дзмітрый Баскаў — дарма што за плячыма ганебная гісторыя, якая скончылася трагічнай смерцю мінскага мастака-пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.
Па ўсім было відаць, што ў госці завітала апошняя надзея Беларусі на чэмпіянат свету, супраць мінскай прапіскі якога пасля 9 жніўня выступае ці не ўся сусветная — і не толькі спартыўная — супольнасць.
Нібыта ў пацверджанне гэтага, Лукашэнка адразу пусціўся ў шматслоўныя разважанні пра тое, што няма ў нашым цэнтры Еўропы аніводнай перашкоды, каб правесці хакейны форум на касмічным узроўні.
«Як прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі і асабістага сябра Беларусі хачу запэўніць, што ніякай небяспекі ні па якіх пытаннях у Беларусі няма і не будзе — ні па каронавірусе, ні з пункту гледжання палітычнай бяспекі ці фізічнай бяспекі людзей, якія жывуць тут і прыязджаюць да нас як госці», — казаў Лукашэнка, а Фазель яго ўважліва слухаў.
Далей — больш, і ў працяг уступнай часткі гарант «беларускай стабільнасці» старанна пераконваў 70-гадовага Фазеля шмат у чым. У тым, што беларускія пратэстоўцы бяскрыўдныя — «не штурмуюць урадавыя ўстановы і капітоліі». Што, нягледзячы на 30 тысяч затрыманняў, сотні крымінальных спраў і палітвязняў, «у нас цалкам нармальная абстаноўка з пункту гледжання развіцця дэмакратычных працэсаў». Што ўвесь вэрхал вакол ЧС прыўнесены, канешне ж, звонку: «Мяне хочуць абвінаваціць у тым, што я абараняю сваю краіну і сваіх людзей, але мяне для гэтага і абралі. Я абавязаны забяспечыць грамадскую, унутраную і знешнюю бяспеку людзей і дзяржавы. Можа быць, мае дзеянні ў сувязі з гэтым камусьці на Захадзе не падабаюцца, але гэта іх меркаванні».
Да Фазеля ён звяртаўся як да стрыечнага брата, гаварыў «ты» і называў без цырымоній — проста «Рэнэ».Зрэшты, калі ад летуценных гарантый справа дайшла да рэальных перспектыў, рыторыка Лукашэнкі стала падкрэслена асцярожнай: «Адказваючы на галоўнае пытанне, як я ўспрымаю ўвесь ажыятаж вакол правядзення чэмпіянату свету ў Беларусі. Скажу шчыра: вельмі спакойна. Здолее Міжнародная федэрацыя хакея выстаяць супраць несправядлівага ціску — значыць, мы правядзем чэмпіянат свету. Адмовіцца Латвія — мы правядзем чэмпіянат у Беларусі, і гэта будзе лепшы чэмпіянат свету ў гісторыі. Калі ж Міжнародная федэрацыя не справіцца з ціскам асобных палітычных колаў асобных краін — значыць, не будзе чэмпіянату свету ў Беларусі. Усё залежыць цяпер ад вас… Таму рабі так, як будзе лепш хакею. Так, як будзе лепш тваім сябрам і табе асабіста. Мы крыўды ўтойваць не будзем».

З асаблівым цынізмам

Характэрна, што зрабіць «як лепш» Фазель не можа проста фізічна. Як мы ўжо адзначалі напрыканцы мінулага года, у прэзідэнта ІІХФ занадта кароткія рукі, каб асабіста прызначаць і пераносіць чэмпіянаты — і ўвогуле прымаць важныя стратэгічныя рашэнні.
На гэты выпадак у Міжнароднай федэрацыі ёсць аператыўны калегіяльны орган — Савет, куды ўваходзяць, кожны з правам голасу, чатырнаццаць чалавек з трынаццаці краін свету. Яны і вырашаць на спецыяльным пасяджэнні лёс ЧС–2021, які першапачаткова быў аддадзены Беларусі і Латвіі. Дата нарады пакуль не вядомая — дзесьці напрыканцы студзеня. Вынікі галасавання, зразумела, таксама прадказаць цяжка. Але, здаецца, Фазель на гэтым тыдні, сам таго не жадаючы, зрабіў вельмі шмат, каб настроіць супраць сябе ці не ўвесь хакейны свет.
Не, ну Лукашэнку ў панядзелак ён адказваў дыпламатычна. Калі адкінуць лішняе, то перш за ўсё заўважыў, што «сітуацыя сёння трохі адрозніваецца ад той, якая была ў 2014 годзе». Але ў працяг абнадзеіў сябра Аляксандра: «Мы тут — каб выправіць сітуацыю і знайсці канструктыўныя рашэнні».
Так, у 2014-м ЧС ужо праходзіў у Беларусі — і за тое рашэнне ІІХФ міжнародная супольнасць добра патузала Фазеля за вусы. Аднак цяпер сітуацыя прынцыпова іншая — і змянілася яна зусім не «трохі». Прававы дэфолт, гвалт і здзекі ў РУУС і на Акрэсціна, судовы канвеер са сведкамі Іванамі Івановымі ў балаклавах, малацільня дубінкамі на вуліцах, размахванне зброяй людзьмі без апазнавальных знакаў… І ўрэшце — чалавечыя ахвяры.
Ад любой з гэтых дзікунскіх праяў у любога еўрапейца імгненна палезуць на лоб вочы. Вунь ужо і Міжнародны алімпійскі камітэт, не вытрымаўшы, наклаў санкцыі на кіраўніцтва беларускага НАК на чале з Лукашэнкам.Але Фазель — не любы. Седзячы ў сваім крэсле з 1994-га, ён даўно адметны сваімі сімпатыямі да аўтакратычных рэжымаў — такіх, як Беларусь ды Расія. І ў гэты прыезд у Мінск сваё рэнамэ швейцарац пацвердзіў на ўсе сто. Бо дэманстрацыйнымі абдымкамі з Лукашэнкам прэзідэнт ІІХФ не абмежаваўся.
Вечарам таго ж дня — на ўзгаданым вышэй матчы мінскага «Дынама» — ён абдымаўся ўжо з Баскавым… Ці не самай таксічнай фігурай сённяшняга хакея, няўязным у Еўрасаюз аматарам пазразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў мінскіх дварах. І зноў жа дэманстрацыйна, пазіруючы перад фотакамерай, з шырокай усмешкай на твары.
Ці гэта была выпадковасць, бо старарэжымны дзед Рэнэ не думаў, што фота патрапіць у сеціва… Ці гэты свядомы выклік грамадскасці — «нахабны і мэтанакіраваны», з асаблівым цынізмам… Гэта ўжо значэння не мае. Як і тое, што ўласна паразмаўляць з Баскавым прэзідэнту ІІХФ у прынцыпе было неабходна — пра той жа чэмпіянат, яго апошнія бессаромныя ўчынкі. Але ж у строгай дзелавой абстаноўцы, а не падчас нефармальнай сяброўскай вечарыны, пасля якой — хоць у рэйд на барацьбу з няправільнай сімволікай…
Вось ад таго часу Фазеля і клянуць на ўсе лады — не толькі ў Беларусі, але і на Захадзе. Ды так, што ніякай фантазіі не хапае, каб уявіць, як ён будзе агітаваць Савет ІІХФ пакінуць чэмпіянат Мінску. Усё той жа надакучлівай і беззмястоўнай мантрай пра «спорт па-за палітыкай»?

Так і да байкоту недалёка

«Абдымкі з дыктатарам, які адправіў у турмы дзясяткі тысяч людзей!» «Абдымкі з чалавекам, які сфальсіфікаваў выбары, а цяпер жорстка абыходзіцца з беларусамі!» «Поўная адсутнасць маралі!» «ІІХФ павінна звольніць Фазеля!» «Гэта проста мярзотна і непрымальна!»
Вось толькі частка той лексікі, што цяпер кучна ляціць у бок кіраўніка Міжнароднай хакейнай федэрацыі. Прадукуюць яе самыя розныя саслоўі заходняга соцыуму — парламентарыі, міністры, дыпламаты, журналісты, чыноўнікі Еўрасаюза, дэпутаты Бундэстага…
Яшчэ большы пажар у сацсетках, дзе за мінскія братанні з Лукашэнкам і Баскавым Фазеля крыюць на самых розных мовах. Прыгадваюць беспрынцыповасць, адсутнасць увагі да рэпрэсій у Беларусі, былыя падазрэнні ў карумпаванасці… У нейкі час гэтая зваротная сувязь прыняла такія формы, што SMMшчыкі ІІХФ спачатку закрылі каментары ў інстаграме, а пасля — нябачаная рэч — увогуле выдалілі ў афіцыйным фэйсбуку ранішнюю навіну пра візіт свайго боса.
Акрамя анлайну, фіксавалася панядзелкавым вечарам і пратэсная актыўнасць у афлайне. У розных частках розных гарадоў беларусы выходзілі з недвухсэнсоўным меседжам для візіцёра з Цюрыха. Жыхары мінскага мікрараёна Лебядзіны — таго самага, дзе бацькоў некалі затрымлівалі наўпрост у дварах разам з дзецьмі ці адрываючы ад калыскі з немаўлём, — рушылі адразу да «Мінск-Арэны», балазе яна побач. «Рэнэ, а нашы палітвязні змогуць наведаць хакей?» — такі надпіс змясцілі яны на прыкметнай расцяжцы.
Зразумела, Фазель нічога гэтага не бачыў. Хакейны матч «Дынама» — «Металург» на той час ужо скончыўся, і боса ІІХФ паважна адвезлі ў гатэль. Але калі перад сном ён паспеў праглядзець стужкі навін, то павінен быў заўважыць: тэма байкоту чэмпіянату, калі частка яго пройдзе ў Мінску, абмяркоўваецца ўжо ў сямі краінах — амаль палове з тых, чые зборныя мусяць удзельнічаць у турніры. Швецыя, Фінляндыя, Нарвегія, Данія, Чэхія, Германія, Латвія… Мала сумневу, што заўтра ў аналагічным ракурсе могуць паставіць пытанне іншыя — Канада, ЗША, Вялікабрытанія, Швейцарыя…
З чым тады застанецца шаноўны спадар Фазель? З арэолам адваката Лукашэнкі, абкладзенага міжнароднымі санкцыямі і непрызнанага прэзідэнтам? З німбам апекуна Баскава, супраць якога распачалі расследаванне нават дысцыплінарныя органы той жа ІІХФ? З рэпутацыяй лабіста, якога перад цьмянымі мэтамі не хвалююць аніякія маральныя выдаткі?
Ці гэтага хочацца напрыканцы сваёй кар’еры Рэнэ Фазелю — 70-гадоваму дантысту з Фрыбура, які кіруе сусветным хакеем ужо больш за чвэрць стагоддзя?