«Раўненне на Швейцарыю»: у якіх умовах сёння працуюць беларускія дыпламатычныя службы і чаго ім не хапае

Аналітык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч у новым выпуску «Пульса Леніна-19» расказвае, што сёння адбываецца з дыпламатычнай сеткай Беларусі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі. Фота «НЧ»

Міністэрства замежных спраў Беларусі. Фота «НЧ»


Павел Мацукевіч у «Пульсе Леніна-19» расказвае гісторыю станаўлення дзеючай карты беларускіх дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў, дае аналіз яе недахопаў і фармулюе тыя змены і дапаўненні, якія неабходныя сетцы дыпламатычных устаноў для таго, каб забяспечыць максімальны ахоп і прасоўванне інтарэсаў Беларусі і беларусаў, а таксама іх абарону.

Рэжым абмежаваных магчымасцей

Сетка замежных устаноў патрабуе пэўнай адаптацыі на кожным новым этапе развіцця дзяржавы (і грамадства) або змены міжнароднай сітуацыі. Аднак гэтае пытанне не павінна залежаць ад магчымасцей улады, таму што ў выпадку, калі кіраўніцтва краіны не ў стане забяспечваць інтарэсы дзяржавы і сваіх грамадзян, павінна мяняцца ўлада, а не прыярытэты краіны і ператасоўвацца дыппрадстаўніцтва. Для змены карты замежных устаноў існуюць іншыя крытэрыі і прычыны.

У Беларусі гарантаваныя Канстытуцыяй і законамі правы і магчымасці змены ўлады не працуюць. Таму ў тых выпадках, калі павінна была мяняцца ўлада ці хаця б змяняцца лінія яе паводзінаў, усё роўна «аптымізавалася» сетка, падладжваючыся пад знешнепалітычныя магчымасці ўлады, якімі б сціплымі яны ні аказваліся.


Чарговая ратацыя прыярытэтаў у знешняй палітыцы пасля 2020 года (разварот на Азію) прывяла да новай «аптымізацыі» замежнага дыппрадстаўніцтва Беларусі. Працэс перакідання дыпламатаў з Захаду на далёкую дугу стартаваў з закрыцця пасольства ў Канадзе і адкрыцця ў Зімбабвэ і, верагодней за ўсё, пакуль яшчэ не завершаны. Адкрытыя за гэты час генконсульствы ў Мумбаі, Хашыміне і Ганконгу напрошваліся і прапрацоўваліся даўно і без аптымізацыі.

Сетка не ловіць

Відавочна, што карта беларускага дыпламатычнага пакрыцця, прадыктаваная не інтарэсамі краіны, а патэнцыялам улады, не можа быць аптымальнай. І такой не з'яўляецца. Інтарэсы Беларусі і беларусаў значна шырэйшыя за дзеючую сетку, ахопліваюць усе населеныя кантыненты і патрабуюць яе пашырэння нават у тых краінах, якія лаяльна ставяцца да Лукашэнкі і дзе ўжо маюцца беларускія дыпламатычныя і консульскія прадстаўніцтвы.

Малалікія па складзе дыпламатычныя місіі прадстаўляюць і прасоўваюць інтарэсы Беларусі часта адразу ў некалькіх краінах, нярэдка буйных і аддаленых адна ад адной (напрыклад, з Егіпта прасоўваюцца адносіны з Аманам, з Японіі — з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй). Са 105 краін, у якіх Беларусь прадстаўлена дыппрадстаўніцтвамі, прыкладна палова — на ўмовах сумяшчальніцтва. Такі фармат прысутнасці апраўданы толькі ў асобных выпадках і не дазваляе разлічваць на рэалізацыю патэнцыялу адносін.

Неўласцівыя функцыі

Асноўнай задачай беларускай дыпламатыі з'яўляецца нарошчванне паставак агракамбіната або гіпермаркета. Кожнае пасольства атрымлівае заданне па росце экспарту на наступны год. Абсурднасць пагаршаецца ўзяццем лічбаў для вызначэння паказчыкаў фактычна са столі, паколькі прагноз экспарту не можа быць адмоўным. Між тым, адкрыццё замежных устаноў зусім не азначае пачатак буму гандлю. Прамая сувязь паміж наяўнасцю дыпмісіі і ростам экспарту адсутнічае.


Асноўная функцыя замежных устаноў — быць правадніком і лабістам інтарэсаў Беларусі і беларусаў. Гэта патрабуе зрушэння акцэнту з гандлю на развіццё палітычнага дыялогу. Разам з гэтым, дыпламатычная і консульская сетка павінна абавязкова пакрываць і падладжвацца пад месцы пастаяннага (дыяспара) або часовага збору (турызм, заробкі) беларусаў як мінімум прапановай запатрабаваных консульскіх паслуг.

Адток беларусаў з краіны стаў адным з вынікаў палітычнага крызісу ў Беларусі і саўдзелу рэжыму ў вайне ва Украіне і працягваецца дагэтуль. Праведзеныя ўладамі карэкціроўка і пераразмеркаванне дыпламатычных рэсурсаў ніяк не ўлічваюць геаграфію беларускай міграцыйнай плыні. Паўтаруся: функцыя дзяржавы — быць побач з беларусамі, каб забяспечваць іх абарону і інтарэсы.

Разварот на Швейцарыю

Як быць з разваротам на Азію? Асноўны ўпор у развіцці дыпламатычнай і консульскай сеткі павінен рабіцца ўсё-ткі на рэгіён, у якім знаходзіцца Беларусь, і, у першую чаргу, гэта краіны-суседзі. На іх завязаны асноўны масіў адносінаў ва ўсіх сферах, у іх галоўны патэнцыял, і менавіта суседнія краіны з'яўляюцца месцамі самага масавага пражывання беларусаў за межамі Беларусі.

Неабходнасць узаемадзеяння з дзяржавамі ў іншых частках свету і на іншых кантынентах не выклікае сумневаў. Яна прадыктавана адкрытай эканомікай Беларусі і прынцыпам адкрытасці беларускай знешняй палітыкі, які павінен стаць галоўным. Далёкая дуга надзвычай важная, але ўсё ж другасная адносна свайго рэгіёнау.

Усё пазнаецца ў параўнанні. Параўнанняў у даследаванні няшмат, і для іх абраная Швейцарыя. Як і Беларусь, кантынентальная краіна без непасрэднага выхаду да мора з супастаўнай колькасцю насельніцтва, таксама экспартаарыентаваная і таксама мае справу з буйным суседам (Еўрасаюз), які ўмее аказваць жорсткі ціск. Плюс да гэтых паралеляў — Беларусь прэтэндавала на ролю усходнееўрапейскай Швейцарыі, і цалкам магчыма, што да такога замежнапалітычнага іміджу яшчэ вернецца.

Швейцарыя з'яўляецца высокай планкай, займае вельмі годнае месца ў свеце, забяспечвае высокі ўзровень развіцця і якасць жыцця для сваіх грамадзян, аказвае сусветнай супольнасці добрыя паслугі. Параўнанне з ёю дае ўяўленне пра тое, якімі дыпламатычнымі і фінансавымі рэсурсамі гэта месца, гэты ўзровень і гэта якасць забяспечваюцца.