Расія кінула арыштаваных у Беларусі аўтараў Regnumа
Расія не будзе абараняць арыштаваных беларускіх грамадзян — аўтараў скандальных артыкулаў для расійскіх агенцтваў Regnum і Лента.ру, і пагадзілася з пазіцыяй беларускіх уладаў, што дзеянні такіх «пісьменнікаў» накіраваны на «ўбіванне клінаў» у адносіны паміж брацкімі народамі.
Як паведамлялася, Следчы камітэт РБ арыштаваў трох грамадзян Беларусі, якія пісалі заказныя артыкулы для згаданых рэсурсаў, і распачаў у дачыненні да затрыманых крымінальныя справы па арт.130 Крымінальнага кодэкса Беларусі — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці.
Сёння пасол Расіі ў Мінску Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі заявіў: «Вельмі моцна сумняемся, што ўсе гэтыя выступы (аўтараў Regnum і Лента.ру — рэд.) працуюць на ўмацаванне братэрскіх адносін паміж расійскім і беларускім народам. Гэта ўбіванне клінаў. Тут ёсць пытанні радыкалізму, разбурэння брацкага міждзяржаўнага сяброўства».
«Вельмі моцна сумняваюся, што гэтыя людзі сапраўдныя патрыёты краіны, у якой яны жывуць і з’яўляюцца яе грамадзянамі», — адзначыў дыпламат. «Таму што такія фармулёўкі як «недогосударство», «недонарод» не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны», — растлумачыў ён.
«У гэтай справе трэба вельмі добра разабрацца. Тут ёсць нейкая дысгармонія ў пытаннях свабоды слова, але ёсць і пытанні радыкалізму, разбурэння міждзяржаўнага сяброўства, ёсць вельмі шмат пытанняў. І тыя органы, якія гэтым займаюцца, павінны паглядзець і, не ўрываючыся ў пытанні свабоды слова, прыняць адпаведныя рашэнні», — адзначыў пасол.
Пры гэтым ён зазначыў, што, паколькі затрыманыя — грамадзяне Беларусі, то і «гэта працэсуальная справа беларуская».
Паводлеafn.by, interfax.by