Рада БНР: Дзейнасць БПЦ павінна быць прадметам пільнага расследавання
Рада БНР у сваёй заяве называе Рускую праваслаўную царкву і яе беларускі экзархат «галоўнай крыніцай міжрэлігійнай напружанасці» ў Беларусі.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі асуджае ўмяшальніцтва Рускай праваслаўнай царквы ў дзейнасць іншых рэлігійных супольнасцей Беларусі, у тым ліку спробы РПЦ перашкодзіць стварэнню Апостальскай адміністратуры для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі.
Беларусь (Вялікае Княства Літоўскае) традыцыйна была месцам рэлігійнай талерантнасці і мірнага суіснавання розных рэлігійных супольнасцей: грэка-каталіцкай большасці, а таксама рыма-каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкіх меншасцей, а таксама нехрысціянскіх меншасцей, перадусім прадстаўленых мусульманамі і іўдзеямі, што знайшлі на Беларусі прытулак пасля выгнання з іншых краін. Цярпімасць і павага да разнастайнасці былі, ёсць і застануцца аднымі з галоўных каштоўнасцей для беларускага народа.
Галоўнай крыніцай міжрэлігійнай напружанасці ў Беларусі з'яўляецца Руская праваслаўная царква, гвалтам насаджаная беларусам у першай палове XIX стагоддзя, а ў цяперашнім выглядзе сфарміраваная ў сталінскім СССР у 1943 годзе і прадстаўленая сёння несамастойным экзархатам пад фальшывай назвай «Беларуская праваслаўная царква».
За час сваёй дзейнасці на тэрыторыі Беларусі гэтая арганізацыя праявіла сябе перадусім не як царква, а як расійскі каланіяльны інстытут, інструмент русіфікацыі і ціску на традыцыйныя беларускія хрысціянскія цэрквы, да якіх сама Руская праваслаўная царква не належыць. У савецкі час РПЦ была інструментам у руках таталітарнага савецкага рэжыму, які праводзіў палітыку этнацыду беларусаў і палітычнага тэрору супраць любых іншадумцаў. Шматлікія іерархі РПЦ былі супрацоўнікамі злачыннай арганізацыі КДБ СССР і застаюцца агентамі спецслужбаў аўтарытарных рэжымаў Лукашэнкі і пуцінскай Расіі.
У сучаснай Беларусі РПЦ з'яўляецца адным з ідэалагічных апірышчаў рэжыму А. Лукашэнкі і карыстаецца неабгрунтаванымі прывілеямі з боку аўтарытарнай лукашэнкаўскай дзяржавы, у той час як многія іншыя беларускія хрысціянскія цэрквы церпяць дыскрымінацыю, канфіскацыю маёмасці і рэпрэсіі супраць святароў. Беларускае аўтакефальнае праваслаўе, якое з'яўляецца сапраўдным працягам мясцовых праваслаўных традыцый на беларускіх землях ад Сярэднявечча і якое шмат гадоў было і застаецца адным з духоўных апірышчаў многіх беларусаў у выгнанні, вымушана ў Беларусі існаваць ва ўмовах асабліва жорсткага пераследу.
Насуперак асновам хрысціянскага вучэння так званая «Беларуская праваслаўная царква» не асуджае гвалту, забойстваў і катаванняў, за якія нясе адказнасць рэжым Лукашэнкі. Наадварот, з шэрагаў беларускага экзархату РПЦ сістэматычна і мэтанакіравана выціскаюцца святары і актывісты, якія стаяць на сумленных хрысціянскіх — і пагатоў на дэмакратычных прабеларускіх — пазіцыях. Дзесяцігоддзямі РПЦ займаецца індактрынацыяй праваслаўных беларусаў у духу расійскага нацыяналізму і «рускага свету».
Найбольш красамоўна сваю сутнасць РПЦ праявіла ў кантэксце цяперашняй вайны Расіі супраць Украіны. Кіраўніцтва РПЦ і яе беларускага экзархата адкрыта падтрымлівае расійскую ваенную агрэсію і бласлаўляе расійскіх захопнікаў, якія здзяйсняюць ваенныя злачынствы на тэрыторыі Украіны. Структуры так званай БПЦ былі заўважаны ў зборы матэрыяльнай дапамогі для расійскіх агрэсараў.
Дзейнасць Беларускага экзархата РПЦ павінна быць прадметам пільнага расследавання з боку органаў аховы закона і канстытуцыйнага ладу ў будучай дэмакратычнай Беларусі. Так званая «Беларуская праваслаўная царква» Маскоўскага патрыярхату нясе адказнасць за прасоўванне экстрэмісцкай антыдзяржаўнай ідэалогіі, падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне і падтрымку дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.
Традыцыйныя беларускія цэрквы ўсходняга абраду, у тым ліку Беларуская грэка-каталіцкая царква, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква маюць поўнае права самастойна вызначаць сваю ўнутраную арганізацыйную структуру, а таксама павінны карыстацца ўсялякай падтрымкай будучай дэмакратычнай беларускай дзяржавы як інстытуты, што ўяўляюць гістарычную і духоўную каштоўнасць.