Святары пакідаюць РПЦ у сувязі з вайной
Тэолаг і палітолаг Наталля Васілевіч разважае над тым, што стане з праваслаўем у Беларусі пасля сканчэння вайны ва Украіне.
У пачатку красавіка 2023 года Сусветны патрыярх прыняў у сваю юрысдыкцыю двух беларускіх праваслаўных святароў — Георгія Роя і Аляксандра Кухту — на падставе таго, што апошнія «па меркаваннях сумлення» не маглі больш заставацца ў Маскоўскім патрыярхаце. Гэта звязана з пазіцыяй, якую кіраўніцтва Маскоўскага патрыярхату заняло ў адносінах да расійскага ўварвання ва Украіну, падтрымліваючы і апраўдваючы яго, піша «Нямецкая хв*ля».
Гэта не першы і не адзіны выпадак, калі святары Рускай праваслаўнай царквы ў сувязі з вайной ва Украіне звяртаюцца да Сусветнага патрыярха па кананічную абарону.
Прэцэдэнт у Амстэрдаме
Яшчэ ў самым пачатку поўнамаштабнай вайны святары Свята-Мікольскай праваслаўнай парафіі ў Амстэрдаме, адной з найбуйнейшых праваслаўных абшчын у краінах Бенілюкса, звярнуліся да Сусветнага патрыярха з просьбай прыняць іх у сваю юрысдыкцыю. 12 сакавіка 2023 года такое рашэнне прыняў савет рускай праваслаўнай парафіі. Прыход быў «рускім» — у плане гісторыі і юрысдыкцыйнай прыналежнасці, але па сутнасці ён быў інтэрнацыянальным. Набажэнствы праводзіліся на розных мовах, туды хадзілі людзі рознай этнічнай прыналежнасці, і доўгае знаходжанне ў Маскоўскім патрыярхаце ніяк гэтаму не перашкаджала.
Калі пачалося расійскае ўварванне ва Украіну, Маскоўскі патрыярх, чыё імя вернікі гэтай парафіі прамаўлялі як імя свайго духоўнага лідара, спачатку маўчаў, а потым падтрымаў вайну. Ні прыхаджане, ні святары не маглі з гэтым мірыцца і папрасілі абароны ў Сусветнага патрыярха.
У Праваслаўнай царкве існуюць правілы — каб перайсці ў іншую юрысдыкцыю, святару неабходна атрымаць у свайго мінулага ўладыкі спецыяльны дакумент, які называецца «адпускная грамата». У нармальнай сітуацыі іншы патрыярхат не можа прыняць да сябе святароў без гэтага дакумента. Але Канстанцінопальскі патрыярхат мяркуе, што мае такое права ў выключных выпадках — рашэнне аб прымяненні гэтага права прымае Сусветны патрыярх. Ён палічыў, што выпадак якраз выключны. Такім чынам прэцэдэнт быў створаны.
Аднак тут была важная ўмова: святар павінен быў знаходзіцца на кананічнай тэрыторыі Канстанцінопальскага патрыярхату. Так, напрыклад, у Польшчы, дзе дзейнічае аўтакефальная Польская праваслаўная царква, на тэрыторыі Расіі і Беларусі, дзе дзейнічае аўтакефальная Руская праваслаўная царква, падобны пераход быў немагчымым.
Канфлікт у Літве
Немагчымым ён быў і ў Літве — там таксама да лютага 2023 года дзейнічала праваслаўная епархія толькі Маскоўскага патрыярхату. Вясной-летам 2022 года ўнутры гэтай епархіі адбыўся канфлікт, звязаны з адмовай двух святароў памінаць патрыярха Кірыла. У выніку гэтага канфлікту кіраўніцтва епархіі несправядлівым і некананічным чынам абышлося з пяццю святарамі, пазбавіўшы іх сану. Каб аднавіць справядлівасць, святары звярнуліся да Сусветнага патрыярха як да вышэйшай судовай апеляцыйнай інстанцыі ў Праваслаўнай царкве. Справа праляжала доўгія месяцы — у Сусветным патрыярхаце шукалі аптымальнае рашэнне ў такой сітуацыі.
Да справы далучыліся таксама літоўская дзяржава і Каталіцкі касцёл ў Літве, якія падтрымалі дысідэнтаў маральна, а таксама паабяцалі, што ў выпадку аднаўлення іх у сане будуць аказваць і матэрыяльную, і палітычную падтрымку, забяспечаць афармленне новай структуры ў рамках дзеючага заканадаўства і дадуць ім памяшканні і прызнанне. Акрамя таго, у Канстанцінопаль звярнуліся і шэраг нацыянальных суполак Літвы, паказаўшы, што дзеючая структура будзе запатрабавана вернікамі.
У выніку доўгіх дыпламатычных перамоў 17 лютага 2023 года Сусветны патрыярхат аднавіў пяцярых літоўскіх святароў у сане, фактычна заклаўшы падмурак для новай царкоўнай структуры ў Літве, а ў сакавіку 2023 года Канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей наведаў Літву і заключыў з літоўскім урадам пагадненне. Адбылася і сустрэча патрыярха з прадстаўнікамі беларускай супольнасці ў Літве.
Менавіта праз гэтую новую структуру Сусветнага патрыярхату ў Літве, з падтрымкай літоўскіх субратаў двое беларускіх святароў і змаглі звярнуцца да патрыярха з просьбай прыняць іх пад свой амафор. Яны рушылі ўслед прэцэдэнту Амстэрдамскай парафіі.
Ці ёсць будучыня ў беларускага праваслаўя ў юрысдыкцыі Сусветнага патрыярхату?
Каб паўтарыць крок з пераходам у юрысдыкцыю Сусветнага патрыярхату, беларускаму святару трэба як мінімум знаходзіцца па-за тэрыторыяй Беларусі і мець згоду кіраўніцтва мясцовай царквы, гатовай яго прыняць. А каб пры гэтым праводзіць і беларускія богаслужэнні, патрэбны яшчэ хор, які можа спяваць па-беларуску, тэксты перакладаў, і, вядома, прыхаджане, якім гэта ўсё будзе патрэбна, г.зн. гаворка ў першую чаргу ідзе пра вялікія гарады тых краін, куды эмігруюць беларусы.
Вільня ў гэтым сэнсе аказалася вельмі ўдалай лакацыяй — на Вялікдзень богаслужэнне па-беларуску змагло сабраць 150 удзельнікаў. Гэта можа даць старт актыўнаму царкоўнаму жыццю ў асяроддзі беларускай дыяспары.
Акрамя Вільні праваслаўныя богаслужэнні па-беларуску раз на месяц праходзяць у Варшаве, а таксама з нядаўняга часу — у Парыжы. Існаванне такіх парафій дапамагае арганізаваць па-за Беларуссю пастарскую, культурную і інтэлектуальную дзейнасць: ствараць інфраструктуру для развіцця беларускага праваслаўя і ўводзіць яго ў кантэкст сусветнага. Тут важна не замыкацца ў рамках толькі беларускіх тэм, трэба інтэгравацца ў агульнае праваслаўнае жыццё, а беларускім парафіям у розных краінах — супрацоўнічаць і падтрымліваць адна адну: дзяліцца нотамі, ідэямі, дапамагаць у правядзенні богаслужэння.
Беларускія парафіі дзейнічаюць таксама ў ЗША і Канадзе, яны знаходзяцца ў юрысдыкцыі на дадзены момант не прызнанай у рамках сусветнага праваслаўя Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
У праваслаўных беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, з'яўляюцца ўсё новыя і новыя пункты збору, дзе можна рабіць тое, што ў Беларусі забараняецца і пераследуецца — свабодна выказвацца.
І для праваслаўных беларусаў, якія зараз знаходзяцца ва ўмовах рэпрэсій, такія парафіі і іх хрысціянскі кантэнт, вольны ад таталітарнай ідэалогіі і прапаганды, становяцца адной з кропак апоры, альтэрнатыўным голасам, які дапамагае выжываць у складаных царкоўных і палітычных умовах. Надзеяй на велікодны цуд.