«Дзе грошы, Аляксандр?». 17 гадоў таму прайшлі выбары з Мілінкевічам, Казуліным і «пацуком»

17 гадоў таму, 19 сакавіка 2006 года, адбыліся трэція прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Яны прынеслі такі самы вынік, як і першыя, другія, чацвёртыя, пятыя... Хаця многія лічаць, што ў 2006 годзе беларусы мелі шанц атрымаць новага прэзідэнта.

vybary_2006_tut.by.jpg

Два абнуленні Лукашэнкі

Што да нязменнага кіраўніка Беларусі, то ў 2006 годзе ён не мог балатавацца, бо ўжо адкіраваў два тэрміны, прадугледжаныя Канстытуцыяй. Больш за тое, у літаральным сэнсе — два тэрміны па пяць гадоў плюс яшчэ два гады, якія дадаліся праз абнуленне прэзідэнцтва ў выніку дзяржаўнага перавароту ў 1996 годзе. А перад выбарамі-2006 у 2004 годзе адбылося другое абнуленне — нічым не абцяжаранае. Лукашэнка правёў чарговы рэферэндум, на якім была скасавана канстытуцыйная норма пра абмежаванне прэзідэнцтва адной асобы двума тэрмінамі. Лукашэнка завалодаў правам балатавацца бясконцую колькасць разоў. Чарговы будзе сёлета. Магчыма, сапраўды мае пад сабой глебу версія, што шмат якія грамадска-палітычныя сцэнары ўлады спачатку абкатваюцца ў Беларусі, а потым рэалізуюцца ў Расіі. Гэта што да нядаўняга абнулення прэзідэнцкіх тэрмінаў Уладзіміра Пуціна.

Чакалася, што прэзідэнцкія выбары-2006 пройдуць улетку, але нечакана яны былі прызначаныя на пачатак вясны — 19 сакавіка. Відавочна, што мэтай уладаў было сціснуць тэрмін раскруткі адзінага кандыдата ад апазіцыі, якога тая наважылася абраць. На гэты статус прэтэндавалі палітыкі Анатоль Лябедзька і Аляксандр Мілінкевіч. На Кангрэсе дэмакратычных сілаў ва ўпартай барацьбе з перавагай у некалькі галасоў перамог Мілінкевіч. Гэта адбылося ў кастрычніку 2005-га. Да выбараў заставалася зусім мала часу.

Усяго было зарэгістравана восем ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Апрача Лукашэнкі і Мілінкевіча, да збору неабходных 100 тысяч подпісаў грамадзян былі гатовыя каманды яшчэ 6 палітыкаў. Гэта — былы рэктар Белдзяржуніверсітэту і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандр Казулін, былы старшыня Савету Рэспублікі і прэзідэнт Акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч, лідар КХП-БНФ Зянон Пазьняк, а таксама былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія ўваходзілі там у апазіцыйную групу «Рэспубліка», бізнесовец Сяргей Скрабец і генерал Валерый Фралоў. Двое апошніх зняліся на карысць Казуліна, а Вайтовіч і Пазьняк — проста так.

Астатнія чацвёра сабралі патрэбныя 100 тысяч подпісаў і былі зарэгістраваныя кандыдатамі. У той час па ўсёй краіне з трансляцыямі па тэлебачанні разгарнулася кампанія «За Беларусь!» у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі (канцэрты ды іншыя мерапрыемствы), агітацыйным кампаніям Аляксандраў Казуліна і Мілінкевіча ўлады ўсяляк заміналі. Дзясяткі ўдзельнікаў іх камандаў былі зняволеныя, многім пагражалі звальненнем з працы. Казуліна затрымалі пры спробе трапіць на Усебеларускі сход, які традыцыйна ладзіць перад выбарамі Аляксандр Лукашэнка. 2 і 3 сакавіка тэлеканалы транслявалі ягоныя выступы на гэтым форуме. У той самы час радыё- і тэлевыступы Мілінкевіча і Казуліна цэнзураваліся. Тым меней тэлевыступ былога рэктара БДУ нашумеў і многім запомніўся фразай «Дзе грошы, Аляксандр? Вярні народу гэтыя грошы!», адрасаваным кіраўніку Беларусі.



У асноўны дзень галасавання 19 сакавіка штабы Мілінкевіча і Казуліна дамовіліся аб правядзенні сумеснай вулічнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Улады пачалі запужваць яе патэнцыйных удзельнікаў. Тагачасны старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка заявіў: «Паводле артыкулу аб тэрарызме будуць прыцягвацца да адказнасці ўсе, хто возьме актыўны ўдзел у акцыях дэстабілізацыі абстаноўкі». Пры гэтым было нагадана пра максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — пажыццёвае зняволенне або расстрэл.

Аперацыя «Пацук»

Таксама Сухарэнка абвінаваціў Грузію ў падрыхтоўцы баевікоў для незаконных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі. У тым ліку нібыта планавалася спецаперацыя па атручанні насельніцтва праз водаправод. «Каб атруціць насельніцтва, трэба было злавіць пацука і кінуць яго ў вядро з вадой. Хай два тыдні ён там раскладаецца. Тады ўжо — гатовая атрута. Потым застаецца толькі кінуць яе ў сістэму водазабеспячэння», — нібыта распавёў сведка з ліку падрыхтаваных дыверсантаў.
Цэнтрвыбаркам абвесціў такія вынікі выбараў: Лукашэнка — 82,6%, Мілінкевіч — 6%, Гайдукевіч — 3,5,%, Казулін — 2,3% (у красавіку Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў спытае беларусаў, як яны галасавалі: Лукашэнка — 58%, Мілінкевіч — 19%, Казулін — 5%). На вулічную акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыяў выбараў і з патрабаваннем новых дэмакратычных выбараў выйшлі каля 30 тысяч чалавек. Мітынг пастанавіў сабрацца зноў на наступны дзень, але прыйшло ўсяго некалькі тысяч чалавек, якія ўсталявалі на Кастрычніцкай плошчы непадалёк ад Адміністрацыі прэзідэнта намётавы лагер. Маштабнай хвалі пратэстаў не атрымалася, і праз некалькі дзён намёты былі знесеныя АМАПам, а некалькі соцень удзельнікаў Плошчы былі затрыманыя.

Плошча-2006 у цэнтры Мінска. Фота Леаніда Варламава

Плошча-2006 у цэнтры Мінска. Фота Леаніда Варламава

Аляксандр Мілінкевіч адмовіўся ад удзелу ў далейшых акцыях пратэсту, а Аляксандр Казулін 25 сакавіка, на Дзень Волі, павёў калону дэманстрантаў патрабаваць вызвалення арыштаваных да ізалятара на мінскай вуліцы Акрэсціна. Па дарозе туды калону жорстка разагнаў АМАП. Казулін атрымаў турэмны тэрмін. Падчас яго адбыцця ў палітыка памерла жонка Ірына, а сам ён пасля зняволення пакінуў палітыку. Аляксандру Мілінкевічу не ўдалося застацца, як меркавалася, лідарам апазіцыі, бо яе адзінства чарговы раз разбурылася. Мілінкевіч працяглы час узначальваў рух «За свабоду», а праз нейкі час фактычна адышоў ад палітыкі.