ПВК Вагнера будзе наймаць байцоў у Беларусі і падцягвае бронетэхніку
Сумнавядомая злачынная групоўка ПВК Вагнера не толькі замацоўваецца ў Беларусі, але і анансуе набор у свае шэрагі новых наймітаў. У тым ліку беларусаў. На гэта звярнула ўвагу «Еўрарадыё».
З сённяшняга дня «пункт
збору» ПВК Вагнера ў Расіі закрываецца, адрас новага «пункту» вагнераўцы
паабяцалі абвясціць крыху пазней. Пры гэтым яны адзначылі, што хутчэй за ўсё «ён
будзе бліжэйшы да пункта часовай дыслакацыі ў РБ».
Адначасова вагнераўцы агучылі патрабаванні да прэтэндэнтаў. Браць гатовыя і беларусаў. Патрабаванні з гледзішча адсутнасці захворванняў і праблем з законам зрабіліся больш жорсткімі. Ад беларусаў патрабуюць таго ж, чаго і ад расіян. Абяцаюць падабраць пасаду, зыходзячы з навыкаў і вопыту. Патрэбныя, відаць, усе: ад штурмавікоў і снайпераў да кіроўцаў і рамонтнікаў.
Ужо ёсць беларусы, якія пытаюцца, што рабіць без «замежпаспарта».
Тым часам праект «Беларусі Гаюн» паведамляе, што вагнераўцы ўпершыню прыехалі ў Беларусь на бронеаўтамабілях. Іх заўважылі ў 11-й калоне, якая ў аўторак рухалася па трасе ў Магілёўскай вобласці. У яе складзе было амаль тры дзясяткі адзінак аўтатэхнікі, у асноўным розных грузавікоў. Згаданыя бронеаўтамабілі — гэта «Шчука» («Чэкан»), якія выкарыстоўваюцца ПВК Вагнера.
Аўтакалона рухалася на базу вагнераўцаў каля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне.
Вагнераўцы ў Беларусі трэніруюць не толькі беларускае войска, тэрабарону, але і ўнутраныя войскі, розныя спецпадраздзяленні МУС ды амапаўцаў. Колькі іх ужо прыехала ў нашу краіну, невядома. Паводле некаторых звестак, у пошуках алкаголя вагнераўцы ездзяць у Асіповіцкім раёне з баявой стралковай зброяй.
Нагадаем, напрыканцы чэрвеня лідар наймітаў Яўген Прыгожын сабраў сваё войска і выправіўся ў паход на Маскву. Рэйд вагнераўцаў атрымаў назву мяцежу і нібыта меў мэтай звяржэнне рэжыму Уладзіміра Пуціна. Аднак неўзабаве калона ПВК спынілася і пасля перамоваў «на высокім узроўні» заявіла, што ў расійскую сталіцу не пойдзе.
У выніку вагнераўцы апынуліся ў Беларусі. Лукашэнка хваліўся, што гэта дзякуючы яму была «вытаравана Расія», але «лёсавызначальную» ролю беларускага дыктатара ў вырашэнні крызіса абвяргае шмат экспертаў, у тым ліку тыя, хто спасылаецца на свае крыніцы інфармацыі.
Як бы тое ні было, але зараз прыгожынцы ў Беларусі і,
выглядае, што Лукашэнка не ведае, што з імі рабіць. Паводле яго слоў, найміты
нібыта цяпер гатовый ісці маршам на Польшчу, але гэты відавочнае трызненне. Відавочна,
што для эфектыўнага ўварвання на тэрыторыю NATO у ПВК
недастаткова рэсурсу і неўзабаве пасля перасячэння мяжы групоўка будзе
знішчана.