Працэс пайшоў
Палітыка «перапрацоўкі насельніцтва ў асабісты дабрабыт», якую праводзіць Пуцін і Кº, блізкая да вычэрпвання.
Паводле ЦВК, 4 сакавіка за Пуціна прагаласавала 45 602 075 расіян, аднак ніводны з іх не выйшаў павітаць свайго прэзідэнта ў дзень інаўгурацыі на вуліцы Масквы. А калі б і выйшаў, то меў рэальны
шанец атрымаць дубінкай па галаве. Аналагічным чынам 200 гадоў таму ў Крэмль уязджаў Напалеон.
Палітыка «перапрацоўкі насельніцтва ў асабісты дабрабыт», якую праводзіць Пуцін і Кº, блізкая да вычэрпвання.
Паводле ЦВК, 4 сакавіка за Пуціна прагаласавала 45 602 075 расіян, аднак ніводны з іх не выйшаў павітаць свайго прэзідэнта ў дзень інаўгурацыі на вуліцы Масквы. А калі б і выйшаў, то меў рэальны
шанец атрымаць дубінкай па галаве. Аналагічным чынам 200 гадоў таму ў Крэмль уязджаў Напалеон.
У адной з апошніх «азбук паліталогіі» я адзначаў, што палітычныя рэжымы кшталту расійскага можна смела адносіць да акупацыйных. Многія аналітыкі 7 мая звярнулі на гэта ўвагу.
Абмяжуюся адной цытатай: «Інаўгурацыя Пуціна зрабіла вельмі сумнае ўражанне: відовішча цяжкага картэжу, які пераможна нясецца па пустых сталічных вуліцах, занадта нагадвала акупацыйнае
мерапрыемства — прычым у майскія святочныя дні гэта асабліва навязліва кідалася ў вочы» (Сяргей Егішанц, фінансавы аналітык).
Дзяржава бюджэтных патрыётаў
Прэзідэнт Расіі — «гарант Канстытуцыі, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна». Так абвяшчае 80-ы артыкул асноўнага закона краіны. Але ці ў стане Пуцін даць рады ролі
гаранта? Існуе сур’ёзная нагода ў гэтым усумніцца. Сам факт абрання Пуціна на трэці тэрмін супярэчыць Канстытуцыі. Паводле артыкула 81-га, адна і тая ж асоба не можа знаходзіцца на пасадзе
прэзідэнта Расіі больш за два тэрміны запар. Гэтыя два тэрміны для Пуціна мінулі ў 2008 годзе. Яшчэ 5 лістапада 1998 года Канстытуцыйны суд растлумачыў, што два тэрміна запар — гэта мяжа, і
ніякага трэцяга тэрміну пасля перапынку быць не можа. У 2001 годзе 25 студзеня Вярхоўны суд пацвердзіў гэта. У 2009 годзе быў апублікаваны каментар пад рэдакцыяй Зоркіна, цяперашняга старшыні
Канстытуцыйнага суда, і прафесара Лазарава, найбуйнейшага спецыяліста па канстытуцыйным праве Расіі. Каментар змяшчае тыя ж высновы.
24 мая Цэнтр стратэгічных распрацовак (ЦСР) апублікаваў свой чарговы даклад. Неабходна растлумачыць, што гэтая аналітычная структура не была заўважана ў схільнасці падыгрываць апазіцыі. Яе
Назіральную раду ўзначальвае не апошні чалавек ва ўладнай іерархіі — кіраўнік Ашчадбанка Герман Грэф. Асноўная ідэя шматстаронкавага дакладу — у расійскім грамадстве актыўна
фармуецца запыт на змены, спіс якіх узначальвае забеспячэнне асабістай бяспекі і вяршэнства закона.
Закон, нароўні з Сілай і Верай, належыць да базавых элементаў, якія кансалідуюць вялікія супольнасці. Спецыфіка Расіі палягае ў тым, што ў згаданай тройцы Закон заўсёды адыгрываў дапаможную
ролю. Пры гэтым ён так і не ператварыўся ў інструмент абароны натуральных — г. зн. дадзеных ад прыроды — правоў і свабодаў грамадзян, а працягвае служыць прыладай абароны кіроўнага
класа.
Яго прадстаўнікі і віталі Пуціна ў Крамлі апладысментамі. Там не было выпадковых людзей з вуліцы. Як адзначыў нядаўна адхілены ад галоўнага «цела» паліттэхнолаг Глеб Паўлоўскі,
Пуцін стварыў умовы для ўзбагачэння людзей, значная частка з якіх — яго знаёмыя. Ён асабіста прымаў рашэнні, каго прызначаць мільярдэрамі. Свае капіталы яны нажылі галоўным чынам за кошт
засваення бюджэтных рэсурсаў. Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што «яны, — паводле трапнай заўвагі Паўлоўскага, — палюбілі дзяржаву, яны — бюджэтныя патрыёты, яны
— вялікія бюджэтныя патрыёты».
Паспяховасць палітыкі Пуціна па вырошчванні бюджэтных патрыётаў дэманстраваў склад папярэдняй Думы, сярод 450 дэпутатаў якой было 49 мільянераў і 6 мільярдэраў. Няцяжка здагадацца, якой якасці
прававы прадукт выходзіў з-пад асадак выразнікаў народных інтарэсаў, падабраных такім арыгінальным чынам. Але калі законы не маюць усеагульнага характару, то яны ператвараюцца ў інструмент
самаўпраўства. Расійскаму грамадству спатрэбілася 12 пуцінскіх гадоў, каб усвядоміць гэту аксіёму.
Хто ж адмовіцца ад дармаўшчыны?
Сярод аналітыкаў існуе папулярнае меркаванне, што пасля «ліхіх дзевяностых» Пуцін здолеў умацаваць дзяржаву, і гэтым ён заваяваў падтрымку «большасці». Прызнаюся,
і мне імпанаваў такі погляд на прычыну палітычнага даўгалецця Пуціна. Палітолаг Ірына Бусыгіна дапамагла мне па-новаму зірнуць на, здавалася б, агульнапрынятую ісціну. Дам слова ёй: «Мы
часта кажам, што з моманту прыходу Пуціна ў нас змяніўся характар дзяржавы. У нас дзяржава была слабай, неэфектыўнай, дзяржава наогул не мела рычагоў кантролю за тым, што адбываецца ў рэгіёнах. З
прыходам Пуціна дзяржава стала моцнай, эфектыўнай і інш. Гэта зусім не так. У нас змяніўся не характар дзяржавы, яна такая ж слабая, такая ж неэфектыўная і яшчэ больш карумпаваная. Што змянілася?
Змяніўся аб’ём тых рэсурсаў, якія апынуліся ў распараджэнні гэтай дзяржавы».
Ельцын прапанаваў мясцовым элітам браць суверэнітэту столькі, колькі яны змогуць пераварыць. А што ён мог прапанаваць ім пры кошце нафты не больш за 10 долараў за барэль? У Пуціна прынцыпова іншыя
магчымасці, але максімум, чаго ён сёння здольны дамагчыся, — гэта электаральнай лаяльнасці. Формула яе простая: рабі на выбарах вынік такім, як я хачу, і каб у рэгіёнах было
«ціха». На астатняе я гатовы заплюшчыць вочы.
Калі рост прыбыткаў беларусаў у «нулявыя» гады забяспечваўся за кошт расійскіх датацый і знешніх запазычанняў (да апошніх дзяржава стала актыўна звяртацца пасля 2007 года), то
расійскія зарплаты і пенсіі раслі на прыроднай рэнце. З 1999 па 2008 гады сярэднегадавыя тэмпы росту нафтагазавай рэнты ў Расіі складалі 26,6%. У студзені 2012 года на сыравіну і неапрацаваныя
прадукты прыйшлося 88% экспарту. Вось вынік будаўніцтва Энергетычнай дзяржавы. Як гаворыцца, за што змагаліся…
Такая крыніца росту матэрыяльнага дабрабыту ўсіх задавальняла. Хто ж адмовіцца ад дармаўшчыны! Вынік апынуўся прадказальным: у дзяржавы і грамадства паўстала своеасаблівая
«нарка(рэнта)залежнасць». Для далейшага росту прыбыткаў (а без яго сацыяльную стабільнасць не ўтрымаць) неабходныя дадатковыя дозы сыравіннай рэнты. Аднак сусветны эканамічны крызіс
не дае надзей на звыклы прагрэс з гадавой амплітудай у 26,6%.
Але гэта яшчэ паўбяды. Эфектыўнасць выкарыстання прыроднай рэнты імкліва зніжаецца (не без дапамогі бюджэтных патрыётаў), здабываць жа яе даводзіцца пры дапамозе абсталявання, якое засталося ў
спадчыну ад СССР. У выніку падаражанне нафты ў 2011 годзе на 40% упершыню не прывяло да паскарэння росту ВУП, а рэальныя прыбыткі насельніцтва выраслі ўсяго толькі на 0,8%.
Неабходная перазагрузка
Крот гісторыі рые павольна, але без перакураў і выходных. Прыведзеная вышэй эканамічная статыстыка не магла не запусціць адпаведныя сацыяльна-палітычныя працэсы. Зноў звернемся да дакладу ЦСР:
«Атрыманы намі матэрыял сведчыць пра тое, што крызіс набыў незваротны характар. Незалежна ад сцэнараў яго далейшага развіцця, захаванне палітычнай устойлівасці, а тым больш зварот да
дакрызіснага статус-кво, ужо не ўяўляецца магчымым».
Сур’ёзная выснова. На мове Міхаіла Гарбачова гэта называецца «працэс пайшоў». Ці можна спыніць яго, калі звярнуцца да традыцыйнага для Расіі спосабу —
«закручвання гаек»? Сёння пра гэта шмат хто кажа. Баюся, аднак, у ахвотнікаў узяць у рукі гаечны ключ (а такія, безумоўна, маюцца) наўрад ці нешта атрымаецца.
Не варта пераацэньваць магчымасці традыцыйнага для Расіі спосабу. Яго эфектыўнасць вызначаецца не рашучасцю і прафесіяналізмам «слесара», а адпаведным запытам з боку грамадства.
Ельцын спыніў свой выбар на Пуціне, бо ўсведамляў, што ў грамадстве сфармаваўся запыт на «моцную руку». Гайдары і Нямцовы засталіся ў мінулым, таму свайго наступніка ён шукаў
выключна сярод сілавікоў. Папярэднікамі штатнага супрацоўніка Ленінградскага ўпраўлення КДБ Пуціна на кастынгу пераемнікаў былі Мікалай Бардзюжа (дырэктар Федэральнай памежнай службы), Яўген Прымакоў
(ён у якасці супрацоўніка Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін цесна супрацоўнічаў з выведкай, таму далёка не выпадкова быў прызначаны ў 1996 годзе дырэктарам Знешняй выведкі Расіі) і
Сяргей Сцяпашын (кіраўнік Ленінградскага ўпраўлення КДБ).
У 2003 годзе, паводле Левада-цэнтра, 64% расіян пагаджаліся з тым, што ФСБ будзе ўзмацняцца, і гэта пойдзе на карысць Расіі. Іх апанентамі выступілі толькі 9%. Але сёння, як ужо адзначалася вышэй, у
грамадстве фармуецца запыт не на «моцную руку», а на вяршэнства закона. Мне ўжо неаднаразова даводзілася апісваць расійскі ківач, які вагаецца паміж аўтарытарызмам і лібералізмам. У
момант максімальнага набліжэння да ліберальнага полюсу і распаўся таталітарны Савецкі Саюз, і на першых прэзідэнцкіх выбарах у 1991 годзе перамог «ліберал» Ельцын. Але за апошняе
дзесяцігоддзе XX стагоддзя ківач паспеў вярнуцца на зыходную пазіцыю, і людзі ў пагонах занялі ўсе ключавыя пасады ў дзяржаве і бізнэсе.
Безумоўна, адной просценькай схемай страту палітычнай устойлівасці краіны з насельніцтвам звыш 140 мільёнаў чалавек не растлумачыць. Не варта забываць, што ў жыццё актыўна ўступае пакаленне
«заплечнікаў». Яго сацыялізацыя прайшла ў прынцыпова іншых умовах. Джынсы і аўтамабілі «Лада» не з’яўляюцца ўжо мяжой мараў большасці, і ва ўмовах
масавага распаўсюджвання інтэрнэту ад сакральнага арэолу ўлады мала што застаецца.
Апытанні Левада-цэнтра сведчаць, што «вобраз Пуціна згасае ўстойліва і незваротна». У 2000 годзе дзелавыя якасці Пуціна адзначалі 49% рускіх, у 2008 — 62%, сёння —
39%. Губляюць прывабнасць нават найбольш істотныя якасці — «моцны, валявы, мужны», на якіх заўсёды трымаўся яго імідж. Цяпер ім надаюць значэнне 18% апытаных. 12 гадоў таму
было 25%, чатыры гады таму — 34%.
За заможныя «нулявыя» гады расійская ўлада, паводле выслоўя эканаміста Міхаіла Дзялягіна, захапілася «перапрацоўкай насельніцтва ў асабістыя дабрабыт». Нечакана
высветлілася, што ў такой палітыкі ёсць мяжа. Неабходная перазагрузка. Ці зможа лідар, які згасае, вярнуць сабе былую папулярнасць? У расійскай гісторыі такога прэцэдэнту не было.