Польшча чакае крокаў наперад
Адносіны Беларусі і Польшчы застаюцца стабільна добрымі. Але гэта тычыцца больш грамадзянаў і менш — палітыкі. Уласна кажучы, нічога дзіўнага: менавіта на грамадскае супрацоўніцтва «заточана» дзейнасць польскага пасольства.
Міхал Хабрас
Традыцыйна перад Калядамі польскае пасольства дае справаздачу беларускім журналістам аб сваёй дзейнасці. Зараз гэтую прэс-канферэнцыю правёў Часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь спадар Міхал Хабрас. Любы нам Лешак Шарэпка скончыў сваю місію ў жніўні гэтага года, а новы пасол праз польскія парламенцкія выбары, фармаванне ўрада і іншыя ўнутраныя польскія праблемы пакуль не прызначаны.
Міхал Хабрас адразу ж, з першых словаў заўважыў, што бачыць задачай пасольства «будаваць сувязі паміж польскай і беларускай грамадскасцю, паміж людзьмі». І таму пасольства робіць усё, каб «палегчыць грамадзянам Беларусі пазнаваць Польшчу».
Таму Польшча па-ранейшаму застаецца адным з лідараў па выдачы візаў для грамадзянаў сінявокай. За 11 месяцаў гэтага года, па словах Хабраса, выдадзена каля 370 тысячаў візаў. Гэта прыкладна такая ж лічба, якая была і ў мінулым годзе.
Праўда, усе мінулыя гады колькасць выдаваемых пасольствам візаў павялічвалася, а гэтым годам — толькі засталася на ўзроўні мінулага года. Спадар Хабрас тлумачыць гэта проста. Па-першае, Еўропа ўвяла біяметрычныя візы, што ўскладніла працэдуру афармлення «шэнгена». Па-другое, польскае пасольства ўсё часцей выдае «доўгія» візы — на два і тры гады. Такіх візаў у гэтым годзе выдадзена каля 200 тысяч. Таму колькасць зваротаў у пасольства і консульствы нашых грамадзянаў памяншаецца натуральным чынам. Ім не трэба больш звяртацца па візы штогод.
Адметна і тое, што 25% візаў, выдадзеныя пасольствам Польшчы — бясплатныя. Яны, у асноўным, выдаюцца маладым людзям, якія едуць у Польшчу па адмысловых адукацыйных праграмах. То бок, кожны чацверты атрыманец візы — студэнт, малады чалавек, навучэнец. Ну і, канешне, для беларусаў захоўваюцца цалкам бясплатныя нацыянальныя польскія візы.
Увогуле, пасольства Польшчы — ці не самае ліберальнае ў гэтым плане (па меркаванні спадара Хабраса, канешне). «Калі паглядзець на працэнт адмоваў у атрыманні візаў, мы пабачым, што ён складае менш 1%. То бок, трэба вельмі-вельмі пастарацца, каб не атрымаць візу», — зазначыў Часовы павераны.
Міхал Хабрас: каб не атрымаць нашую візу, трэба вельмі добра пастарацца
А ў наступным годзе будзе яшчэ лепей. У сярэдзіне 2016-га года ўрэшце запрацуюць польскія візавыя цэнтры ў беларускіх рэгіёнах. Яны адкрыюцца ў Мінску, Брэсце, Гродне, Лідзе, Баранавічах, Пінску, Гомелі і Магілёве. Зразумела, паслугі гэтых цэнтраў будуць не бясплатнымі, кошт апрацоўкі дадзеных (апроч кошту візы) складзе каля 15 еўра. Што ў прынцыпе супастаўляльна з коштам квітка, напрыклад, ад Гомеля да Мінска і назад. І нават танней паслугаў фірмаў-пасярэднікаў у гэтым пытанні. Хоць і за невялічкую аплату, але візавы цэнтр дазволіць афармляць візы, не ездзячы ў Мінск і назад два разы — спачатку, каб падаць дакументы, а потым, каб іх забраць.
Адначасова, для самых сквапных, застанецца магчымасць пазбегнуць гэтага збору, падаўшы дакументы непасрэдна ў пасольства Польшчы ў Мінску, альбо консульствы ў Брэсце і Гродна.
Чэрвень 2016-га — скрайні тэрмін пачатку працы гэтых цэнтраў, запэўніў прысутных Міхал Хабрас.
Што тычыцца міждзяржаўнага ўзроўню супрацоўніцтва, то тут усё больш складана. Найперш, канешне, журналістаў цікавіла палёгка таго ж візавага рэжыму. Але гэта ўжо — не ў кампетэнцыі Польшчы. Гэтыя перамовы вядуцца з Еўрапейскім саюзам, і ад яго, і ад беларускага боку залежыць, які прагрэс у гэтым сэнсе будзе дасягнуты.
Незразумелая пазіцыя сінявокай па адкрыцці малога памежнага руху з Польшчай. Тут спадар Хабрас адзначыў: «Мы чакаем рашэння беларускага боку». На польскім узроўні ўсе неабходныя дакументы для адкрыцця і развіцця такога руху ратыфікаваныя. Так што ў ягонай адсутнасці трэба вінаваціць беларускіх чыноўнікаў.
У гэтым годзе некалькі знізіўся таваразварот паміж Польшчай і Беларуссю. Але Міхал Хабрас не губляе аптымізму ў ягоным аднаўленні і нават перавышэнні. Асабліва зыходзячы з факта санкцыяў Расіі ў дачыненні да харчоў з Заходняй Еўропы. Канешне, займацца кантрабандай, везці польскі яблык пад выглядам беларускага ніхто не збіраецца. Але сама такая сітуацыя, расказаў Хабрас, падштурхнула польскіх бізнэсоўцаў больш уважліва паглядзець на Беларусь, як на пляцоўку для інвестыцый. У мінулым годзе ў сінявокай пабылі дзве місіі польскіх бізнэсоўцаў. Плануецца і працяг гэтай праграмы ў наступным годзе. «Могуць атрымацца некалькі праектаў, якія вярнуць наш таваразварот на мінулы ўзровень і нават павысяць яго», — асцярожна сказаў Часовы павераны.
Спадар Хабрас спадзяецца на сумесны беларуска-польскі бізнэс
Канешне, зазначыў Міхал Хабрас, структуры польскага бізнэсу і беларускага значна адрозныя. У Польшчы малы і сярэдні бізнэс дае 50% ВУП краіны, чаго не скажаш пра Беларусь. Аднак пасольства жадае, каб польскія «сярэднія» бізнесоўцы маглі пашыраць свае магчымасці, інвестуючы за мяжою. Дзеля гэтага і праводзяцца розныя канферэнцыі і «дэсанты» польскіх бізнесменаў у сінявокую.
І зноў спадар Хабрас адзначыў: гэта пашырае не толькі эканамічныя, але і сацыяльныя кантакты людзей з абодвух краінаў.
Карацей, падобна на тое, што ў Польшчы ёсць доўгатэрміновая суверэнная стратэгія развіцця адносінаў з Беларуссю, якая нязначна карэктуецца ў залежнасці ад пазіцыі ЕС да сінявокай. І гэтая стратэгія будзе ажыццяўляцца, калі, найперш, не «накасячыць» сам беларускі бок. Ці то ў адносінах да малога памежнага руху, ці то да Саюза палякаў. Пасольства Польшчы робіць усё, каб беларускія грамадзяне бачылі ў Польшчы добрага суседа. А вось крокаў насустрач беларускай улады пакуль што не бачна.