Пётр Кузняцоў пра словы Макея: Выказванні, якія трэба чытаць роўна наадварот
Заснавальнік «Моцных навін» паразважаў наконт тэзаў Уладзіміра Макея аб рызыках страты дзяржаўнасці ў выпадку ўзрастання санкцыйнага ціску.
— Тэма дня — відавочна, выказванне Макея аб тым, што калі ЕС не спыніць санкцыі, то гэта прывядзе да страты дзяржаўнасці Беларусі, — пішаПётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале. — Мне, вядома, цяжка ўтрымацца і не адзначыць, наколькі гэты пасаж наўпрост пацвярджае ўсё, сказанае мною ў папярэднім пасце ў фармаце «шматлітар» — галоўным чынам тое, што ўсе «пасы» ў бок Расіі з нагоды ядзернай зброі, Крыма, Украіны і інтэграцыі — гэта не «капітулявалі» і «Крэмль даціснуў», гэта якраз шантаж Еўропы: размаўляеце з намі, ці мы зробім вось так. І робіцца гэта не для таго, каб «легчы пад Расію», а як раз наадварот: каб, схіліўшы ЕС да дыялогу, атрымаць прастору для манеўру, каб ад Крамля і яго сцэнарыяў ухіліцца.
Гэта такое «рабі са мной што хочаш, толькі не кідай у
цярновы куст», — выказванні, якія трэба чытаць роўна наадварот.
І Макей сёння прамовіў гэта адкрытым тэкстам.
Дзяржаўнасць, калі ёй размахваць як рэальным (і, магчыма, апошнім) аргументам, — гэта сур'ёзна. Асабліва калі ўспомніць, што «дзяржавай» яны называюць выключна сябе і маюць на ўвазе пад ёй выключна сваю ўладу.
Таму, нягледзячы на ўсю сур'ёзнасць аргументу, шанцаў на
тое, што ён будзе пачуты, думаю, вельмі і вельмі мала, гэта значыць, прыкладна
нуль.
Праблема ж у тым, што ў Еўропе (ды і не толькі) пад
дзяржавай разумеюць якую-ніякую, а сістэму інстытутаў, асновай дзейнасці якой
з'яўляецца, як гэта ні дзіўна можа прагучаць, такая непатрэбная ў Беларусі
штука, як Закон.
Тэрыторыя, над якой садзяць самалёты і з якой адпраўляюць
суседзям полчышчы мігрантаў, паралельна слепячы памежнікаў, якія абараняюць
мяжу (гэта значыць, выконваюць закон) лазерам — гэта ў еўрапейскім разуменні не
зусім, каб ужо дзяржава, хутчэй — нейкі анклаў (беззаконня). І калі нават
звышпрагматычны еўрапейскі бюракрат глядзіць на свет выключна праз прызму сваіх
інтарэсаў, а на ўсякія там правы чалавека і свабоду слова яму і напляваць з
высокай званіцы, то нават для такога палітыка сэнс і каштоўнасць Беларусі і
ўлады ў ёй былі толькі да моманту, пакуль на яе можна было глядзець, як на
буфер бяспекі паміж ЕС і Расіяй.
Але ў сённяшняй сітуацыі гэта ўжо нават у сэнсе real
politics ніякі не буфер, а наадварот — крыніца дадатковых рызык і выдаткаў. Вось
у ЕС ёсць свой участак судотыку з Расіяй — Калінінградская вобласць. Там такой вакханаліі не адбываецца, — падумае еўрапейскі бюракрат і будзе мець рацыю.
Не хачу здацца занудным, але нешта падказвае, што ў бягучым статус-кво нават гандаль такім сур'ёзным лотам, як «дзяржаўнасць», шанцаў на поспех не мае. Таму што без законнасці гэта паняцце — пусты гук.
І калі нават у рэжыма захоўваецца нейкая, хай тэарэтычная,
магчымасць пераканаць Захад, што з Мінскам трэба мець справу проста па факце,
таму што іншай улады ўсё роўна няма, а рашэнні прымае гэтая, то пачынаць трэба
з вяртання ў краіну законнасці — як галоўнага індыкатара наяўнасці свядомасці «партнёра».
Бо на што здольныя ў рэжыме «не да законаў», ужо добра паказалі, усіх уразілі, усе ацанілі і мець далей з такой уладай справу... Ну, не вельмі ахвота.