Пераступаючы праз нябожчыкаў
Чым больш жорсткая «вертыкаль» улады, тым вышэйшы ўзровень прававога нігілізму, бо па-іншаму кіраваць грамадствам у «ручным рэжыме»
немагчыма.
Чарговую «Азбуку паліталогіі» я планаваў прысвяціць пасланню «адзінага палітыка» (АП), але штосьці на вяршыні ўладнай «вертыкалі» не спрацавала,
і абвешчаная на 19 красавіка падзея не здарылася. АП узяў паўзу. Вось і давялося мне ў пошуках тэмы звярнуцца да свайго кампутарнага архіву.
Чым больш жорсткая «вертыкаль» улады, тым вышэйшы ўзровень прававога нігілізму, бо па-іншаму кіраваць грамадствам у «ручным рэжыме»
немагчыма.
Чарговую «Азбуку паліталогіі» я планаваў прысвяціць пасланню «адзінага палітыка» (АП), але штосьці на вяршыні ўладнай «вертыкалі» не спрацавала,
і абвешчаная на 19 красавіка падзея не здарылася. АП узяў паўзу. Вось і давялося мне ў пошуках тэмы звярнуцца да свайго кампутарнага архіву.
Адкрыў адзін з файлаў-загатовак, названы «Акупацыя». Ён утрымліваў усяго дзве нататкі: «чыноўнік гаспадарнічае ў краіне як заваёўнік» (Аляксей Давыдаў,
культуролаг) і «Бацька, Кіеў, 1933». Пагадзіцеся, няшмат. Аднак тэрмін здачы артыкулу падціскаў, і я мусіў пачаць працу.
Па дарозе ў школу
Да перабудовы Гарбачова мае веды ў галіне гуманітарных навук абмяжоўваліся стандартным курсам марксізму-ленінізму. Асаблівых пярэчанняў ён не выклікаў. Адзінае выключэнне — 1937 год. У мяне
быў уласны погляд на прычыны сталінскіх рэпрэсій. Я лічыў, што пасля таго, як партыя бальшавікоў стала кіроўнай, яна ператварылася ў своеасаблівы пыласос, што збіраў кар’ерыстаў. Да 1937
года канцэнтрацыя кар’ерыстаў ва ўладзе дасягнула крытычнай масы, і яны зладзілі контррэвалюцыйны пераварот — знішчылі «ленінскую гвардыю».
Часопіс «Огонек» зруйнаваў маю паліталагічную канструкцыю. «Гвардзейцы» апынуліся не ахвярамі, а катамі, што разгарнулі рэпрэсіі супраць уласнага народа ўжо на
наступны дзень пасля захопу ўлады. З «Огонька» я ўпершыню даведаўся і пра Галадамор з яго мільёнамі ахвяр.
Я звярнуўся да бацькі, каб высветліць падрабязнасці. Ён нарадзіўся ў Кіеве ў 1921 годзе і падзеі 1933 года павінен быў памятаць. І ён памятаў, ды і ці можа забыцца дванаццацігадовае дзіця, як па
дарозе ў школу яму часам даводзілася пераступаць праз нябожчыкаў?! Днём памерлых прыбіралі, але на наступную раніцу яны з’яўляліся зноў. Такі жыццёвы досвед не зрабіў з майго бацькі
дысідэнта. У партыю ён уступіў на фронце, і пасля развалу СССР не здаў партбілет.
Абрэвіятура з трох літар
«Акупацыя» (лац. occupation) — ключавое слова гэтай «Азбукі паліталогіі». Яго слоўнікавае значэнне: «часовае займанне ўзброенымі сіламі дзяржавы
тэрыторыі іншай дзяржавы без набыцця суверэнных правоў на яе». Як будзе паказана ніжэй, часовае лёгка трансфармуецца ў пастаяннае, знешняя акупацыя — ва ўнутраную. Гэта дазваляе
акупантам набываць суверэнныя правы на занятую тэрыторыю. Для далейшага руху па шляху азбукавага аналізу нам спатрэбіцца абрэвіятура КПК (круг прамых камунікацый), запазычаная з тэорыі
кіравання.
Кожнаму з нас уласцівыя фундаментальныя абмежаванні па выкарыстанні інфармацыі. З гэтай прычыны сацыяльныя супольнасці, заснаваныя на прамых камунікацыях сваіх чальцоў, абмежаваныя ў памерах. Памеры
КПК дарослай асобы складаюць прыкладна 100 чалавек і не залежаць ад канкрэтных формаў чалавечай жыццядзейнасці. З вялікай колькасцю людзей падтрымліваць устойлівыя адносіны мы не здольныя.
Няцяжка здагадацца, што для пераходу ад малых груп да вялікіх чалавецтву неабходна было вынайсці кіроўныя іерархіі, якія сталі папярэднікамі сучасных уладных «вертыкаляў».
Двухузроўневая вертыкаль дазваляе каардынаваць дзейнасць 10 тысяч (100x100) чалавек, трохузроўневая — каля 1 мільёна (100x100x100) чалавек і г. д.
Шматузроўневая сістэма можа будавацца двума спосабамі — на аснове акупацыі (каланізацыі) і на аснове самаразвіцця. Пры першым спосабе абшчына са 100 чалавек захоплівае падобныя ёй абшчыны і,
падпарадкоўваючы іх сабе, фармуе мясцовае кіраўніцтва, якое адказвае перад захопнікамі і кантралюе дзейнасць падуладных абшчын. «У гэтым выпадку патрэбныя каланізатарам культурныя формы
ўкараняюцца больш-менш аднолькава ва ўсіх абшчынах, так што захопнікі не маюць патрэбы ў істотным змяненні ўласных паводзін і працягваюць наўпрост і непасрэдна ўмешвацца ў жыццё абшчын. Пры такой
каланізацыі сістэматычна душацца мясцовыя культурныя формы і ўкараняецца «ручны рэжым» кіравання» (Уладзімір Пашынскі, сацыёлаг). Істотная дэталь: паміж спецыялістамі па
«ручным кіраванні» магчымыя толькі наўпроставыя (асобасныя) камунікацыі.
Узгадаем карты з савецкіх падручнікаў гісторыі, якія адлюстроўваюць рост Маскоўскага княства. За кошт чаго адбываўся гэты рост? За кошт акупацыі суседніх тэрыторый. Гэты прынцып, як эстафетную
палачку, ад князёў падхапілі цары, затым імператары і генеральныя сакратары. На ўсіх далучаных тэрыторыях акупанты перадавалі ўладу мясцовым адміністрацыям, фактычна ператвараючы іх у акупантаў
унутраных.
Дый самі маскоўскія князі ў часы мангольскага іга і выконвалі ролю ўнутраных акупантаў, спраўна збіраючы з падкантрольнага ім насельніцтва даніну на карысць ардынскіх ханаў, за што атрымлівалі ярлык
на княжанне. Адносіны такога тыпу (васальныя адносіны) былі шырокая распаўсюджаныя ў сярэднявеччы як у Заходняй Еўропе, так і на ўсходзе. Характэрная дэталь: з заканчэннем іга, падатковая нагрузка на
насельніцтва не паменшылася. Унутраныя акупанты заўсёды ставіліся да сваіх падданых як да рэсурсу, імкнуліся здабыць з яго максімум асабістай выгады.
З тых часоў у адносінах паміж уладай і грамадствам мала што змянілася. Дам слова культуролагу Андрэю Пеліпенку: «Пазіцыя ўлады — гэта пазіцыя акупанта, які дыктуе падуладнаму
насельніцтву сваю дэспатычную волю. Адзіная магчымая форма зносін з падуладным — маналог. Ідэя дыялогу адмаўляецца ў прынцыпе незалежна ад яго зместу, паколькі ў гэтым выпадку лічыцца, што
бакі хоць бы ў нейкай ступені калі нават не роўныя, то сіметрычныя. Такая дыспазіцыя непазбежна руйнуе сакральна-іерархічны статус улады. Статус жа, у сваю чаргу, вызначае і адпаведную карціны свету:
акрамя самой Улады (менавіта з вялікай літары) і добрага («правільнага») народа, існуе толькі Вораг (таксама з вялікай літары)».
Мэра — нельга, прэзідэнта — можна
Зараз пяройдзем да другога спосабу будаўніцтва шматузроўневых сістэм — самаразвіцця. Ужо знаёмы нам Уладзімір Пашынскі адзначае: «Шлях самаразвіцця процілеглы каланізацыі і палягае
ў тым, што на аснове добраахвотнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва чальцоў розных КПК-абшчын асяроддзе са 100 абшчын паступова фармуе агульны орган кіравання са 100 чалавек, у склад якога
ўваходзяць па адным прадстаўніку ад кожнай абшчыны. Пры гэтым кожная абшчына захоўвае свае ўласныя культурныя формы, а для каардынацыі дзейнасці вынаходзіцца прынцыпова адрозны ад прамой камунікацыі
інстытут, заснаваны на дэлегаванні паўнамоцтваў, — сістэма працэдур і нормаў. Яны аднолькавыя для ўсіх чальцоў супольнасці і забяспечваюць кіравальнасць усёй супольнасці».
Зразумела, кіраванне, заснаванае на ўніверсальных працэдурах і нормах, цалкам не адмяняе прамых камунікацый, але яно дазваляе каардынаваць сумесную дзейнасць з дапамогай камунікацый
апасродкаваных.
Прыкладам сістэмы, што самаразвіваецца, з’яўляецца сярэднявечны горад, насельніцтва якога было арганізавана ў шматлікія гільдыі, цэхі, брацтвы і да т. п. Кожная з гэтых адзінак уяўляла
больш-менш блізкі аналаг КПК-супольнасці са сваімі ўнікальнымі асаблівасцямі. У сукупнасці ж яны ўтваралі адмысловую цэласнасць, якая кіруецца на аснове права.
Тут мне цяжка ўстрымацца, каб не ўзгадаць героя трох папярэдніх «Азбук паліталогіі» акадэміка Анатоля Рубінава з яго тэорыяй Закона і Парадку, адзінай крыніцай якіх выступае
«сильная централизованная власть» на чале з важаком. Такая крыніца, як мы бачым, была анахранізмам ужо ў сярэднявечным еўрапейскім горадзе, чыё самакіраванне засноўвалася на
Магдэбургскім праве.
Не, акадэмік не «супраць» дэмакратыі, ён дзвюма рукамі «за», але з агаворкай: «Обществу нужна не демократия как таковая, а оптимальные условия для
эффективного саморазвития. И если для данного общества на данном историческом этапе демократия этому способствует, то она подходит, а если мешает, то не подходит». Выдатная спасылка на
«данный исторический этап». Нагадаю, Брэст атрымаў Магдэбургскае права ў 1390 годзе, Мінск — у 1499-м, а гэта азначае, што ў XIV–XV стагоддзі гарадское
самакіраванне спрыяла эфектыўнаму самаразвіццю нашых продкаў. Сёння ж грамадзяне рэспублікі пазбаўлены магчымасці выбіраць мэраў. Гэта, мабыць, галоўная асаблівасць нашага «общества на
данном историческом этапе». А як жа тады выбары кіраўніка дзяржавы? Ці можна даручыць абіраць прэзідэнта тым, хто не ў стане абраць кіраўніка раённага цэнтра?
«Зверху ўніз» vs «знізу ўверх»
Чым больш жорсткая «вертыкаль» улады, тым вышэйшы ўзровень прававога нігілізму, бо па-іншаму кіраваць грамадствам у «ручным рэжыме» немагчыма. Гэта вам не
сярэднявечны горад з яго пастаянным узгадненнем інтарэсаў шматлікіх сацыяльных груп. Невыпадкова галоўны герой маіх апавяданняў сам сябе называе «адзіным палітыкам». Гэта
ўнікальнасць азначае, што ў краіне няма палітыкі як такой, г. зн. няма дзейнасці па ўзгадненні нечых інтарэсаў.
Дзеля справядлівасці варта прызнаць, што ў краіне няма і сацыяльных груп, здольных артыкуляваць свае інтарэсы. Гэта прамое следства шматвяковага панавання акупацыйных рэжымаў на беларускай зямлі,
якія з маніякальнай зацятасцю знішчалі любыя спробы фармавання інстытутаў самакіравання.
Дамінаванне прамых камунікацый пры акупацыйных рэжымах блакуе развіццё кантролю ў кірунку «знізу ўверх», таму ў якасці кампенсацыі акупанты вымушаны ствараць шматлікія структуры,
якія здзяйсняюць кантроль у накірунку «зверху ўніз».
І на заканчэнне «Азбукі паліталогіі» адзначу, што ў наш час акупацыйныя рэжымы сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі падчас прыстасавання да акаляючай міжнароднай рэальнасці.
Няздольныя арганізаваць унутранае жыццё на аснове ўніверсальных прававых нормаў, яны і адносіны са знешнімі партнёрамі спрабуюць выбудоўваць па лякалах сваёй унікальнасці. Прыклады далёка шукаць не
трэба.