«Палітычная замова на знішчэнне найбуйнейшай дэмакратычнай партыі» — Заява АГП
Аб'яднаная грамадзянская партыя выступіла з заявай, у якой патрабуе ад беларускіх уладаў вызвалення затрыманых сябраў партыі і просіць пра салідарнасць сярод палітычных сіл іншых еўрапейскіх краін.
27 ліпеня 2022 года былі затрыманы лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, чальцы партыі Антаніна Кавалёва, Аксана Аляксеева. «Паўторнае затрыманне лідара АГП Мікалая Казлова і арышт нашых паплечнікаў даюць падставы казаць пра пачатак рэалізацыі палітычнай замовы на знішчэнне найбуйнейшай дэмакратычнай партыі Беларусі. І гэта адбываецца, нягледзячы на тое, што АГП заўсёды дзейнічала ў межах існуючага прававога поля, крайне неспрыяльнага для апазіцыйных арганізацый», — гаворыцца ў заяве партыі.
Цяпер агулам у турмах, калоніях і следчых ізалятарах знаходзяцца 13 сябраў Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
Палітрада АГП адзначае, што разглядае затрыманні і арышты сваіх калегаў як грубае парушэнне дзейнай Канстытуцыі, закона «Аб палітычных партыях» і міжнародных абавязацельстваў Беларусі і кваліфікуе гэта як кампанію па запалохванні сябраў партыі і нашых прыхільнікаў.
АГП заклікае партыі ў іншых краінах, якія ўваходзяць у Еўрапейскую народную партыю (ЕРР) да кампаніі салідарнасці з затрыманымі, арыштаванымі і асуджанымі лідарамі і актывістамі АГП.