«Нованабытая геапалітычная веліч не адмяняе ніякіх старых праблем»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівым яму публіцыстычным стылі расказвае, што прымусіла кампанію «Yara» адмовіцца ад беларускага калію насамрэч і які ў гэтым можна пабачыць знак.
Усё ж такі «Yara» нарэшце здалася і абвясціла, што з 1 красавіка не будзе купляць беларускія ўгнаенні. Якраз з моманту ўступлення ў сілу амерыканскіх санкцый. Гэта значыць, нельга сказаць, што кампанія гэта зрабіла з-за турботаў пра дэмакратыю і правы якога-небудзь чалавека. Проста высветлілася, што санкцыі ЗША ствараюць непераадольныя перашкоды для далейшых узаемавыгадных стасункаў. Вось як ты ні старайся, а купляць беларускі калій з абцяжараннем у выглядзе амерыканскіх санкцый — не выходзіць.
І атрымліваецца, што з 1 красавіка «Беларуськалій» не проста губляе пакупніка, на якога прыходзілася ад 10 да 15 працэнтаў экспарту. Трэба думаць, у іншых пакупнікоў паўстануць такія ж непераадольныя супярэчнасці паміж жаданнем купіць беларускі калій і магчымасцю яго сабе прывезці. Таму што з альтэрнатыўнымі маршрутамі, якімі беларускія ўлады хваліліся, справа, мабыць, не пайшла. У тым сэнсе, што маршруты аказаліся занадта віртуальнай уласцівасці — распавядаць пра іх можна, а вазіць угнаенні ўжо цяжка.
Вось падзеі ў Казахстане ўзнеслі беларускія ўлады ва ўсялякія там геапалітычныя эмпірэі. Зменшага, у іх уяўленні пра сябе. А «Yara», атрымліваецца, даслала прывітанне з грэшнай зямлі. Таму што нованабытая геапалітычная веліч не адмяняе ніякіх старых праблем. А некаторыя з гэтых праблем здольная толькі пагоршыць.
Хоць новай велічы, мяркуючы па ўсім, таксама надоўга не хопіць. Пасрэдніцкія паслугі беларускіх уладаў аказаліся незапатрабаванымі ў жорсткай і месцамі нават абразлівай форме. А міратворчай місіі, мяркуючы па ўсім, хопіць яшчэ прыкладна на тыдзень. Прынамсі, прэзідэнт Казахстана намякнуў, што саюзным міратворцам пара ўжо і дадому і што казахскай гасціннасці ім надоўга не хопіць.
Да таго ж, выявілася, што, насуперак усім намаганням саюзнікаў, у Казахстана няма ніякіх планаў пасварыцца з Захадам. Варта было прэзідэнту Такаеву пагаварыць учора з Высокім прадстаўніком ЕС, як канчаткова высветлілася, што заходнія лялькаводы не маюць ніякага дачынення да падзей у Казахстане. Хоць, трэба прызнаць, што насуперак усім намёкам з саюзнага тэлевізара, улады Казахстана і раней сумняваліся ў разбуральнай ролі Еўрасаюза або амерыканскага Дзярждэпартамента.
Увогуле, унутрыпалітычны крызіс у Казахстане сыходзіць на нішто, а на знешнепалітычны крызіс не настроены ні ўлады Казахстана, ні іх заходнія партнёры. І гэта значыць, што пасля ўсіх геапалітычных манеўраў на вышэйшым узроўні беларускім уладам зноў прыйдзецца вяртацца ў маркотную рэальнасць. Тую, у якой масты падаюць проста пасярод горада.