Не твая, вось і шалееш. Чаму Лукашэнку і яго світу «бамбіць» ад дэмакратыі

Вольга Лойка у «Плане Б» разважае пра тое, як беларускія прапагандысты асвятлялі выбары ў Польшчы, і чаму ад падзей у нашай суседкі моцна «падгарае» ў беларускіх уладаў.

Фота РАР

Фота РАР

Польская павестка ў беларускіх дзяржСМІ невычэрпная, хоць не разнастайная. І надзея, што пасля парламенцкіх выбараў у суседзяў каманду Лукашэнкі адпусціць, не апраўдалася. Куды там. Апісанне жахаў жыцця ў Польшчы вартае пяра Кінга. Рэпрэсіі, галеча, інфляцыя і ЛГБТ-бязладдзі — хоць мяжу не перасякай. Жывым назад не выберашся.

І больш за ўсё таемныя струны душы Лукашэнкі кранаюць не эканамічныя дасягненні суседзяў. А вось любыя намёкі на тамтэйшую дэмакратычнасць — проста ўдар ніжэй пояса. Так не бывае! Маўляў, хлусня гэта ўсё і інтрыгі.

Мы выратавалі цябе, дэмакратыя

Гэта вам у вашых Еўрасаюзах падаецца, што выбары ў Польшчы прайшлі спакойна і мірна. Выйграла выбары партыя ўлады, у «Права і справядлівасці» 35,38% галасоў. Галоўны супернік, «Грамадзянская платформа», атрымала 30,7%, і з улікам хаўруснікаў, «Трэцяга шляху» (14,4%), і «Левіцы» (8,61%) у апазіцыі — большасць у парламенце. І добрыя шанцы ўбачыць Дональда Туска прэм'ерам.

Палякі дружна выйшлі на шматтысячныя апазіцыйныя мітынгі (апошні, па розных ацэнках, ад некалькіх сотняў тысяч да мільёна чалавек). І адстаялі шматгадзінныя чэргі на выбарчыя ўчасткі. Яўка на выбарах склала рэкордныя 74,38%. Ранейшы рэкорд актыўнасці быў на прэзідэнцкіх выбарах у далёкім 1995 годзе — 68,23%.

Шматлікія прыхільнікі апазіцыі не хавалі энтузіязму, вітаючы вяртанне ліберальнай праеўрапейскай Польшчы. І дзяліліся трывогамі: ці жарт, за крок ад аўтарытарызму былі. Хоць па беларускіх мерках крок гэты — памерам з прорву. Вельмі ўжо еўрапейскі аўтарытарызм не падобны на нашу суровую дэспатыю.

Пратэстаў вынікі выбараў не выклікалі. Партыя ўлады бадзёрыцца і абяцае адстаяць усе здабыткі. У астатніх і зусім пазітыўныя эмоцыі б'юць ключом. І дзясяткі тысяч лайкаў сабраў твіт экс-супрацоўніка МЗС Паўла Слюнькіна ў твітары пра выбары ў Польшчы. Павел напісаў, што ўпершыню ў жыцці ўбачыў мірны транзіт улады і заклікаў палякаў шанаваць і абараняць сваю дэмакратыю. Адрэагаваў нават Дональд Туск — падзякаваў экс-дыпламату за падтрымку.

Глядзіце таксама

Казкі далоў

Але беларускія дзяржаўныя СМІ не падманеш. «Радыё Свабода» звярнула ўвагу на выступ выкладчыка БДУ, палітолага Вадзіма Ялфімава ў апошнім «Клубе рэдактараў». Ён даводзіў, што парламенцкія выбары ў Польшчы сфальсіфікаваныя. І галоўная доказ — яўка. Маўляў, у нармальных дэмакратычных краінах яна «боўтаецца каля 50%», а калі вышэй — гэта заўсёды фальсіфікацыі.

Прама перад беларускім ЦВК нязручна атрымалася. Пад сумненні пастаўленыя вынікі літаральна ўсіх выбарчых кампаній найноўшай гісторыі Беларусі. Бо на прэзідэнцкіх выбарах 2001 годзе афіцыйная яўка была 85%, у 2006-м — 92%, у 2010 — 90%, 2015 — 87%, а ў 2020 — 84%.

Зрэшты, можа, палітолаг не лічыць Беларусь нармальнай дэмакратычнай краінай. Дзіўна, бо дэмакратычнасць і народаабранасць — фетыш Лукашэнкі. Хоць і паздзекавацца з ліберальных каштоўнасцей ён любіць.

«Я ж дыктатар. Мне цяжка разумець дэмакратыю, — казаў Лукашэнка. — Але гэта адзін з элементаў дэмакратыі — дысцыпліна: глядзім у адзін бок, рухаемся ў адзін бок. З рознымі меркаваннямі, але вызначаемся, каб рухацца наперад. Я не бачу дэмакратыю па-беларуску так, як яе бачаць у вольным свеце і апоры дэмакратыі — ЗША. Ніхто не выпрацаваў гэтыя дэмакратычныя стандарты, няхай гэта будзе на выбарах ці яшчэ дзесьці. Няма гэтых адзіных стандартаў. “Дэмас” — народ, “Кратас” — улада. Дэмакратыя — гэта ўлада народа, і рэферэндум — гэта і ёсць элемент гэтай дэмакратыі».

А яшчэ дэмакратыя па-лукашэнкаўску — гэта правы людзей. «Нас заўсёды вучылі: правы і абавязкі адразу. Вось твае правы — на працу, ахову здароўя, адукацыю, зарплату, калі ты працуеш. Хто не працуе, той не есць. Дэмакратыя — гэта правы і свабоды. У рамках закона. Маеш права, можаш праявіць сябе — ідзі стварай прадпрыемствы, працуй. Вось і ўся дэмакратыя. Яна павінна быць ад жыцця, ад народа, паколькі гэта ўлада народа».

Народа — не апазіцыі, усеклі? Але самому яму нешта перашкаджае шчасліва і поўна паверыць у народную любоў да сябе. І ні дабратворныя рэляцыі ЦВК, ні запэўніванні суперлаяльнага акружэння не пераконваюць. Сам бы народ спытаць. Але боязна. Лепш спытаю Качанаву. Яна, урэшце, таксама народ.

Глядзіце таксама

Гэта не ў нас няма дэмакратыі, яе наогул нідзе няма

У выніку ў Беларусі склалася тое, што аналітык Сяргей Чалы называе зваротным карга-культам. Кажаце, у Беларусі няма дэмакратыі? Ды нідзе няма дэмакратыі! Думаеце, у Беларусі рэпрэсіі? Не, гэта ў Польшчы рэпрэсіі!

І ніякія супярэчнасці не бянтэжаць прапагандыстаў. Ну якія рэпрэсіі, калі ля рэзідэнцыі Дуды палякі мітынгуюць у падтрымку Палестыны? Калі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ў Польшчы Анджэй Дуда перамог мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага ў другім туры (51,03% супраць 48,97%). І мэру за гэта нічога не было. Гэта ж кашмар нармальнага дыктатара: твой апанент працягвае ўзначальваць тваю сталіцу. Ходзіць побач з лідарам апазіцыі на маршах. Зусім беспакарана пратэстуе супраць... Ды супраць чаго хоча, супраць таго і пратэстуе. Свабодны чалавек у свабоднай краіне.

«Дуда перамог у Польшчы, сфальсіфікаваўшы выбары. Там нават адсотка перавагі не было. Сфальсіфікаваў. І адтуль усё пачалося. Яны хацелі стрэлкі перавесці на нас. А палякі не дурні, і там гэта ўсё пачалося», — вяшчаў Лукашэнка, які яшчэ не перажыў свае ўласныя электаральныя адчуванні, у 2021 годзе. А нічога, уласна, не пачалося. Гэта значыць непрызнаннем польскіх выбараў спадаром Лукашэнкам усё і пачалося, і скончылася.

Толькі не для самога Лукашэнкі. Ён баіцца транзіту ўлады, баіцца сыходу з яе, як баіцца таго, што — ты сам гэта адчуваеш — табе давядзецца калісьці зрабіць. Калі і страшна, і прыцягальна. Стаць кіраўніком УНС, а потым, чым чорт не жартуе, шчасліва састарэць кіраўніком Фонду першага... Улада прыцягальная, але і выбар прыцягальны. Выбраць іншае, напляваўшы на ўсіх.

Але, якая іронія, такая магчымасць даступная толькі пры дэмакратыі. Дыктатар асуджаны разам са сваёй дыктатурай. Інакш яго зжарэ яго ж асяроддзе. Як там Качанава казала: «Я з прэзідэнтам буду да канца сваіх дзён».

Няма выбараў — няма выбару. А ад вашай дэмакратыі адна праклятая, але такая прыцягальная нявызначанасць.