Выбары: інструмент карэкціроўкі курсу vs. інструмент утрымання ўлады
«Паслухайце! Калі выбары праводзяць — значыць, гэта камусьці трэба? Значыць, хтосьці хоча, каб яны былі? Значыць, хтосьці называе гэтыя плявочкі жамчужынай?»
Няхай даруе мне Уладзімір Уладзіміравіч. Не, не Пуцін, а яго цёзка — паэт Маякоўскі. Урэшце, у знакамітай цытаце я замяніў толькі адно слова.
У XXI стагоддзі «гэтыя плявочкі» здольны выконваць дзве задачы. Па-першае, карэкціраваць курс. Свежы прыклад — парламенцкія выбары ў Польшчы.
Восем гадоў партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) пад кіраўніцтвам Яраслава Качыньскага будавала ў Польшчы досыць экзатычны па еўрапейскіх мерках варыянт «дэмакратыі з прыметнікам». Гэтым разам — дэмакратыі неліберальнай.
Вось якім чынам паражэнне ПіС на парламенцкіх выбарах, якія адбыліся 15 кастрычніка, ахарактарызаваў французскі журналіст, дэпутат Еўрапейскага парламента Бернар Гета: «Для Польшчы, Еўропы і ўсяго свету гэта велізарная палёгка. Дзякуючы такой відавочнай перамозе апазіцыі палякі пазбавіліся ад пастаяннага звужэння меж прававой дзяржавы, абмежавання свабоды прэсы і правоў жанчын, што навязвала ім большасць, якая сыходзіць. Еўрасаюз, са свайго боку, бачыць, што пазбег небяспекі, якую венгерска-польска-славацкая кааліцыя магла б уяўляць для яго функцыянавання, прыняцця рашэнняў і безумоўнай падтрымкі Украіны».
Такі погляд на перамены ў Польшчы з берагоў Сены. А з берагоў Свіслачы? Нядзіўна, што ён зноў аказаўся дыяметральна процілеглы.
Дадзім слова аналітыку Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксею Аўдоніну: «Гэта (паражэнне ПіС. – Рэд.) кажа пра тое, што ў польскага народа ёсць разуменне таго, што тая кіруючая эліта, якая на працягу доўгага часу знаходзілася ва ўладзе, дзейнічае ў інтарэсах Захаду, арыентуецца на мілітарызацыю рэгіёна і нейкія незразумелыя амбіцыйныя мэты і задачы, што прывяло да рэзкага пагаршэння сацыяльна-эканамічных умоў жыцця ў Польшчы».
Пацешна, але звыкла. Дэпутат Еўрапарламента ацаніў дзейнасць партыі ПіС як антыеўрапейскую, а беларускі аналітык — як залішне праеўрапейскую, за што нібыта і паплацілася кіруючая партыя.
Нескладана заўважыць, што французскі палітык і беларускі аналітык, калі ацэньвалі вынікі польскіх выбараў, абапіраліся на розныя крытэрыі. Француз заклапочаны праблемай захавання правоў, беларуса хвалюе мілітарызацыя заходняга суседа, якую аналітык наўпрост звязвае з рэжымам акупацыі з боку ЗША і Вялікабрытаніі. Таму казаць пра сумленныя і справядлівыя выбары ў акупаванай краіне — «гэта падманваць саміх сябе».
Аднак, нягледзячы на тое, што «ЗША і ўвесь англасаксонскі свет уклалі ў Польшчу пачынаючы з 1990-х гадоў велізарныя грашовыя сродкі», кіруючая партыя прайграла. Палітычныя тэхналогіі не далі належнага выніку. Электаральная большасць Польшчы адпрэчыла курс на мілітарызацыю і ўзмацненне канфрантацыі з Беларуссю.
Тут у аналітыка канцы з канцамі не зводзяцца, бо пераможцы на чале з Дональдам Тускам з'яўляюцца актыўнымі прыхільнікамі Украіны ў яе супрацьстаянні з Масквой і адначасова не менш актыўнымі праціўнікамі палітычнага рэжыму, які склаўся ў Беларусі. Яны за ўзмацненне еўрапейскага курсу.
Чарговая слабасць заходняй мадэлі дэмакратыі
Але падымемся ўверх па аналітычнай лесвіцы. На думку добра знаёмага нам генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна, «мінулыя парламенцкія выбары ў Польшчы не толькі не разрадзілі палітычную абстаноўку ў краіне, а хутчэй наадварот — толькі падагрэлі жарсці. І гэта сведчанне слабасці заходняй мадэлі дэмакратыі, якая аказваецца ўжо няздольнай вырашаць вострыя праблемы, якія стаяць перад грамадствам».
Выбары чарговы раз паказалі ілюзорнасць славутай заходняй мадэлі дэмакратыі, якая яшчэ ў 1990‑х гадах была механічна перанесена ва Усходнюю Еўропу.
Заходняя мадэль дэмакратыі, калі хто прызабыў — «гэта такі палітычны лад, у якім кіруючая партыя можа прайграць выбары». Прынамсі, так лічыць амерыканскі палітолаг польскага паходжання Адам Пшэворскі.
На думку Вадзіма Гігіна, калі «партыі, якія змагаюцца за месцы ў парламенце, да адурэння спрачаюцца ці ледзь не б'юцца з-за самых другарадных і нязначных пытанняў», пройгрышу кіруючай партыі здзіўляцца не прыходзіцца. Як не даводзіцца здзіўляцца, што «ўсялякі нават намёк на мірнае ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу або наладжванне добрасуседскіх адносін з Беларуссю і Расіяй тут жа выкліча абвінавачванні ледзь не ў здрадзе радзіме».
Выбары ў рэжыме спецаперацыі
На пытанне, чаму вайна ва Украіне і адносіны з Беларуссю аказаліся на задворках выбарчай кампаніі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі адказу так і не даў. А куфэрак між тым адкрываецца проста. У Польшчы, як і ў большасці еўрапейскіх краін, наконт гэтых пытанняў існуе базавы кансэнсус.
Але Гігін мае рацыю, калі кажа пра раскол польскага грамадства. Вось толькі лінія расколу праходзіць не там, дзе ёй належыць быць на думку спецыялістаў у пытаннях беларускай дзяржаўнай ідэалогіі.
Праблема ў тым, што заходні лібералізм, у які з дзвюх рук шпурляюць камяні прыхільнікі традыцыйных каштоўнасцей, круціцца вакол ідэі права, у той час як свет будаўнікоў «моцнай дзяржавы» зацыклены на ідэі ўлады. Таму «будаўнікам» не зразумець, як можна выбудоўваць палітыку, напрыклад, у дачыненні да абортаў і падобных дробных ды неістотных праблем.
Але калі ўлада — наша ўсё, то сутнасць палітычнай дзейнасці зводзіцца не толькі да яе заваявання, але і да яе ўтрымання. Пры гэтым выбары з інструмента карэкціроўкі курсу (інструмента абнаўлення кіруючай эліты) ператвараюцца ў дадатковы інструмент ўтрымання ўлады (інструмент легітымацыі кіруючай эліты).
Такія выбары, як і ўсё ў такіх краінах, праводзяцца ў рэжыме спецаперацый. Да жалю кагосьці, а для кагосьці наадварот, яны не заўсёды праходзяць удала. Але ў такім выпадку на сучасным слэнгу выбары прынята называць «каляровымі рэвалюцыямі».