Навумчык: Лёс беларускай незалежнасці вырашаецца нашымі ваярамі
Журналіст Радыё Свабода, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык у сваім ТГ-канале разважае над тым, як Беларусі дасталася незалежнасць і наколькі наша краіна незалежная цяпер.
Мне неяк няёмка ў які ўжо раз спрачацца з Міколам Бугаём, і ўсё ж колькі слоў пра яго сцвярджэнне ў «Нашай Ніве», што «у 1918 і 1991 гадах Беларусь наўрад ці абвясціла незалежнасць, калі б Украіна не зрабіла таго першай».
Адносна абвяшчэння незалежнасці БНР можна дэбатаваць, а вось наконт падзей 25 жніўня 1991 года ісціна для мяне як непасрэднага ўдзельніка падзеі відавочная.
Увогуле, кожнае тое ці іншае палітычнае рашэнне прымаецца пад уздзеяннем розных як унутраных, гэтак і знешніх фактараў, і часам цяжка вызначыць, якія з іх адыгралі галоўную ролю, а якія — другасную.
Безумоўна, прыняцце Акта незалежнасці Вярхоўнай Радай Украіны 24 жніўня зрабіла істотны ўплыў на дэпутатаў — і на нас, дэпутатаў Апазіцыі БНФ (дадало нам ўпэўненасці), і на камуністаў (прымусіла задумацца).
Але ўпэўненасці і настойлівасці ў нас на Сесіі Незалежнасці 24 і 25 жніўня хапала — інакш бы мы не патрабавалі зноў і зноў вярнуцца да пытання надання Дэкларацыі аб суверэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, якое парламенцкая большасць адмовілася ўключыць у парадак дня.
Ці была падзея ў Кіеве вызначальнай для парламенцкай камуністычнай большаьці? Задумацца, паўтараю, прымусіла, але вызначальнай — не была.
Магчыма, шаноўны Мікола Бугай блытае абвяшчэнне незалежнасці ў жніўні 1991-га з ратыфікацыяй Белавежскіх пагадненняў у снежні 1991-га — вось тады сапраўды на рашэнне дэпутатаў галасаваць паўплывала паведамленне, што «ўкраінскія дэпутаты ўжо прагаласавалі». Насамрэч у той момант яшчэ не; пазней Лукашэнка і іншыя казалі, што дэпутатаў «падманулі», «абвялі вакол пальца».
Зрэшты, пры ратвфікацыі Белавежскіх пагадненняў ніхто з аўтаматам Калашнікава над дэпутатамі не стаяў, рукі не выкручваў. Але калі ёсць паняцце «ваенная хітрасць» — хай будзе хітрасць парламенцкая.
Не магу не прыгадаць, як аднойчы нам трэба было «кроў з носу» заблакаваць закон аб адкліканні дэпутата, паводле якога практычна ўсіх дэпутатаў БНФ маглі пазбавіць мандатаў. Камуністы ўжо паціралі рукі, але мы падрыхтавалі для іх сюрпрыз.
Калі закон быў пастаўлены на галасаванне, Пазняк узняўся са свайго крэсла: «Апазіцыя, галасуем! Баршчэўскі, Навумчык! Хлопцы, давайце хутка на месца, галасуем!». Некалькі дэпутатаў БНФ былі «выпадкова» у іншых месцах Авальнай залі, і пабеглі да сваіх месцаў, каб нібыта паспець націснуць кнопку (давалася 10 секунд, і секунды гэтыя адлічваліся на табло).
Камуністы не разумелі, што адбываецца. Адны проста разгубіліся і прапусцілі гэтыя 10 секунд, іншыя вырашылі, што, калі гэты закон раптам зрабіўся выгадным БНФ, — галасаваць за яго нельга. У выніку галасоў для прыняцця не хапіла. Некаторыя з нашых не вытрымалі і рассмяяліся, зарагаталі і камуністы: «Ну, вы нас абдурылі!» (паўторна закон на сесію не выносіўся). Вядома, зрабіць такі «фінт» можна было толькі аднойчы.
Калі ж вярнуцца ў жнівень 1991-га і ўявіць, што 24 жніўня ўкраінцы незалежнасць не абвясцілі — я перакананы, што беларуская незалежнасць была б абвешчаная ўсё адно.
Што, ясна, ані ў якім разе не прымяншае значнасці чыну нашых украінскіх калег.
У значна большай ступені на настроі ў Авальнай залі 25 жніўня паўплывалі прыпыненне ўказам Ельцына дзейнасці КПСС і адстаўка Гарбачова з пасады генсека. Дэпутаты-камуністы, мякка кажучы, не мелі сімпатый да Гарбачова, але Ельцына яны не любілі яшчэ болей і, да таго ж, баяліся.
Гэта і выкарыстаў Пазняк, калі выступіў перад галасаваннем з крытыкай Ельцына (камуністы чакалі, што ён будзе яго як пераможцу путча ўсхваляць — у тыя дні Ельцына ўсхваляў увесь свет). Пазняк сказаў, што расійскія дэмакраты — імперцы па сваёй сутнасці, што Ельцын будзе праводзіць ў дачыненні да нас палітыку шантажу. І што нам, беларусам, незалежна ад палітычных поглядаў, трэба скарыстаць шанец і нарэшце самім вырашаць свой лёс.
Як вядома, Пазняка падтрымалі сакратары абкамаў і старшыні аблвыканкамаў, а Кебіч паведаміў пра гутарку з кіраўніком расійскага ўрада, сутнасць якой цалкам укладалася ў тэрмін «шантаж». Вынік галасавання быў станоўчы.
Не ведаю, якую пазіцыю адносна тэорыі «Лукашэнка — гарант незалежнасці» займаў Мікола Бугай раней, але ў сваім цяперашнім артыкуле ён слушна адзначае поўную залежнасць Лукашэнкі ад Крамля (ва ўсялякім разе, я гэтак зразумеў). Мне з 1994 года даводзілася даказваць, што ніякі Лукашэнка не «гарант», і ў выпадку ўзнікненьня рэальнага шанцу атрымаць «шапку Манамаха» ён здасць Беларусь пад Расію за тры сэкунды.
Гарантам беларускай незалежнасці можа быць толькі беларускі народ, а ён прыдушаны і пазбаўлены права голасу. У такіх варунках лёс беларускай незалежнасці вырашаецца тымі, хто зброяй (зброяй у самым прамым сэнсе) змагаецца з яе галоўным праціўнікам — расійскім імперыялізмам і яго арміяй.