«Надзвычай цяжкі пэрыяд у вельмі прыгожым горадзе». Сяргей Навумчык пра праскі пэрыяд жыцьця Васіля Быкава

У Славянскай бібліятэцы Прагі завяршылася экспанаваньне выставы пра Васіля Быкава. «Новы Час» паразмаўляў з адным зь яе стваральнікаў, вядомым палітычным дзяячом, журналістам Сяргеем Навумчыкам пра праскі пэрыяд жыцьця беларускага Генія і прычыны яго эміграцыі.

— Распавядзіце, калі ласка, пра выставу, якая экспанавалася ў Славянскай бібліятэцы? Адкуль паходзяць матэрыялы й хто працаваў над яе стварэньнем?

— Ідэя зрабіць выставу, прысьвечаную Васілю Быкаву, зьявілася ў беларусаў Прагі з двух прычынаў: па-першае, набліжаўся 100-гадовы юбілей пісьменьніка, а па-другое, Славянская бібліятэка (яна зьяўляецца часткай Нацыянальнай бібліятэкі) нядаўна ўжо зладзіла выставы, прысьвечаныя Ларысе Геніюш, якая доўгі час жыла ў Чэхаславаччыне, і 100-годзьдзю пераезду Рады БНР у Прагу. Актывісты беларускай асьветнай суполкі «Скарына» вырашылі сумясьціць адкрыцьцё выставы з «быкаўскай» канфэрэнцыяй і правялі яе 19 чэрвеня, якраз у дзень 100-годзьдзя Быкава. Людзей сабралося шмат — і беларусаў, і чэхаў, праз відэазаапіс да прысутных зьвярнуліся Сьвятлана Алексіевіч з Бэрліну і прафэсар канадыйскага ўнівэрсытэту Ватэрлоо, аўтар зьмястоўнай кнігі пра Быкава Зінаіда Гімпілевіч.

Выстава сфармаваная з дзьвюх крыніцаў. Славянская бібліятэка (і тут варта адзначыць спрыяньне яе дырэктара Лукаша Бабкі) прадставіла выданьні Быкава, якія выйшлі ў Празе і Братыславе, а я са свайго архіву даў некаторыя быкаўскія дакумэнты і рэчы (напрыклад, ручку, тэлефон, якім Васіль Уладзімеравіч пэўны час карыстаўся). Над фармаваньнем выставы працавалі з нашага боку актывісты асьветнай суполкі «Скарына».

Мабільны тэлефон, якія карыстаўся пісьменьнік, на выставе прысвечанай 100-годзьдзю Быкава. Фота аўтара

Мабільны тэлефон, якія карыстаўся пісьменьнік, на выставе прысвечанай 100-годзьдзю Быкава. Фота аўтара

Акрамя вітрынаў з мэмарыяльнымі экспанатамі, наведнікі маглі бачыць і стэнды, якія распавядаюць пра жыцьцёвы шлях Быкава, ягоную літаратурную біяграфію і грамадзкую дзейнасьць. 

 Стэнд, які прысьвечаны праскаму пэрыяду жыцьця Васіля Быкава. Фота аўтара

 Стэнд, які прысьвечаны праскаму пэрыяду жыцьця Васіля Быкава. Фота аўтара

— Ці можна было б асабліва адзначыць нейкія матэрыялы з выставы? Магчыма з некаторымі зьвязана нейкая цікава або неардынарная гісторыя?

— Думаю, пра нейкую «градацыю каштоўнасьці» можна казаць толькі ўмоўна. Бо як вызначыць, што больш каштоўна — некалькі напісаных рукой Быкава летам 1990-га старонак адказаў на пытаньні пра Дэкларацыю аб суверэнітэце Беларусі (гэта было інтэрвію для штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва») ці кубак з праскай кватэры, на якім засталіся сьляды кавы? А заява аб прызнаньні Рады БНР у якасьці «легітымнага прадстаўніка сувэрэнных правоў беларускага народу, замацаваных Актам 25 Сакавіка 1918 году» мае важнае палітычнае значэньне, і я, шчыра кажучы, сумняваўся, ці перадаць на выставу арыгінал гэтага важнага для нацыянальнай гісторыі дакумэнта, ці зрабіць копію (усё ж, даў арыгінал).

Рукапісы і асабістыя рэчы Васіля Быкава. Фота Сяргея Навумчыка.

Рукапісы і асабістыя рэчы Васіля Быкава. Фота Сяргея Навумчыка.

Між іншым, калі вярнуцца да згаданага інтэрвію. Тое было першае маё інтэрвію з Быкавым, потым будзе яшчэ некалькі ў Менску і больш дзясятка — ужо на чужыне. У Менску Васіль Уладзімеравіч прасіў даць яму магчымасьць адказаць пісьмова — бо тэмы мы бралі палітычныя, і ён хацеў без мітусьні, грунтоўна падумаць над адказамі. Праз некалькі дзён я атрымліваў ці напісаныя ад рукі адказы, ці надрукаваныя Ірынай Міхайлаўнай на машынцы, як правіла, з быкаўскай праўкай і дадаткамі. Натуральна, усе іх я захоўваю. А вось ужо потым, калі я працаваў на Радыё Свабода, гутаркі былі без «падрыхтоўкі», па тэлефоне альбо ў студыі ў Празе. І калі потым я складаў кнігу «Быкаў на Свабодзе» і здымаў тэксты з аўдыёзапісаў, пабачыў адну цікавую, прыкметную акалічнасьць.

Быкаў, калі размаўляў, мог ужываць нейкія, я б назваў іх, «словы-зьвязкі», кшталту «ну», «так сказаць» і падобныя. Некаторыя называюць іх «словамі-паразітамі». Але калі вы з аўдыё здымалі быкаўскую гаворку і вычышчалі гэтыя «зьвязкі» — вы атрымлівалі проста ідэальны па стылістыцы і лексіцы тэкст. У якім такая сэнсавая глыбіня, што гэта, па сутнасьці, быў гатовы афарызм. Проста Быкаў, калі гаварыў, імкнуўся максымальна дакладна сфармуляваць думку, і вось гэтыя «словы-зьвязкі» проста запаўнялі паўзы. Увогуле, такое ўласьціва шмат каму з бліскуча адукаваных людзей.  

З такіх выказваньняў мы ў Празе зрабілі разьдзел «Сто цытатаў» у кнізе «Быкаў 100», хаця афарызмаў можна было б сабраць у дзесяць разоў болей.

Кніга «Васіль Быкаў 100. Выданьне 2-е, дапоўненае». Фота аўтара

Кніга «Васіль Быкаў 100. Выданьне 2-е, дапоўненае». Фота аўтара

І тут Быкаў прадстае філосафам, адным з найбольш глыбокіх беларускіх мысьляроў сучаснасьці.  

— Як вы б маглі акрэсьліць праскі пэрыяд жыцьця Васіля Уладзімеравіча? Ці быў ён плённым для Быкава з пункту гледжаньня творчасьці і ці падабалася чэская сталіца беларускаму Генію?

— Гэта быў надзвычай цяжкі пэрыяд у вельмі прыгожым горадзе — я б вось гэтак сказаў.

Найперш мы павінны памятаць, што ў 1998 годзе Быкаў быў вымушаны пакінуць Беларусь ня ў пошуках нейкіх матэрыяльных дабротаў. Ён бы мог мець усё, калі б пайшоў на паклон ці хаця б на супрацоўніцтва з Лукашэнкам. Але ён заставаўся верны ідэям нацыянальнага Адраджэньня, якое Лукашэнка мэтанакіравана зьнішчаў і ўрэшце закатаў пад асфальт.

Каб сучаснай моладзі была зразумелая ступень цкаваньня Быкава ўладай, прыгадаю такі эпізод. На дзяржаўным тэлебачаньні казалі, што існуе вэрсія, нібыта Васіль Быкаў — гэта ніякі не Васіль Быкаў. Сапраўдны Быкаў загінуў на вайне, а нейкі іншы чалавек скраў ягоныя дакумэнты, уцёрся ў давер да бацькоў Быкава і пачаў пісаць «антысавецкія» творы, падтрымаў Пазьняка і г.д. Абсурднасьць такой «вэрсіі» нават няма патрэбы камэнтаваць, але ж гэта, паўтараю, гучала па тэлебачаньні на ўсю Беларусь, гэта чулі мільёны людзей!

Глядзіце таксама

І гэта толькі адзін прыклад. Як у такой атмасфэры мог жыць Быкаў?

Васіль Уладзімеравіч з жонкай Ірынай Міхайлаўнай пераехалі ў Прагу ў сьнежні 2002-га зь Нямеччыны, дзе ў іх скончвалася віза, а Чэхія давала магчымасьць сталага жыхарства. Канешне, разьлічвалі на добрае, але ўсё адразу пайшло кепска: яшчэ да пераезду, калі мы афармлялі Быкавым чэскія дакумэнты, Чэхію напаткала паводка, у выніку якой тысячы жыхароў страцілі свае дамы, і тое жытло для Быкавых, на якое мы спачатку разьлічвалі, атрымаць не ўдалося. А потым у Быкава знайшлі рак, была апэрацыя. Так што атрымаць асалоду ад старажытнай чэскай сталіцы Васілю Ўладзімеравічу ў гэтыя месяцы не атрымалася, хаця ў ранейшыя свае прыезды ён казаў, што Прага яму вельмі падабаецца, гэта я ад яго чуў неаднаразова. 

— Якія б месцы ў Празе, зьвязаныя з Васілём Быкавым, вы параіце наведаць беларусам? І чым яны адметныя?

— Кватэры, дзе жыў Васіль Уладзімеравіч ў праскіх Галешовіцах і ў Вршовіцах знаходзяцца ў нічым не прыкметных будынках. Але на Вршовіцах Васіль Уладзімеравіч, калі прыходзіў у сябе пасьля апэрацыі, любіў гуляць у Гаўлічкавых садах. Гэта вельмі прыгожае месца. Ну і раіў бы наведаць Нацыянальны музэй у цэнтры Прагі, новы ягоны корпус — там калісьці быў чэхаславацкі парлямэнт, а з 1995 па 2010 год месьцілася Радыё Свабода, у тым ліку і беларуская рэдакцыя, дзе Васіль Уладзімеравіч быў шмат разоў і дзе перад мікрафонам начытаў свае ўспаміны «Доўгая дарога да дому».

Гаўлічкавы сады ў Празе — адно з улюбёных мейсцаў Быкава ў чэскай сталіцы

Гаўлічкавы сады ў Празе — адно з улюбёных мейсцаў Быкава ў чэскай сталіцы

— На выставе ёсьць кніга з аўтографам Вацлаву Жыдліцкаму — чэскаму літаратуразнаўцу і перакладніку. Наколькі вядома імя Быкава было ў Чэхіі? Ці шмат было перакладаў твораў беларускага пісьменьніка на чэскую мову і наколькі вялікая яго была папулярнасьць?

— У кнізе «Быкаў 100», якую мы ў Празе выдалі да юбілею пры фінансавай падтрымцы Рады БНР і іншых фундатараў, ёсьць разьдзел Аляксандра Лукашука, прысьвечаны якраз перакладам Быкава ў тагачаснай Чэхаславаччыне. Статыстыка ўражвае: выйшла дванаццаць кніг па чэску, сем па-славацку і дзьве — па-угорску (у Славаччыне жыве ўгорская меншасьць). Усе творы Быкава, якія лічацца асноўнымі (у тым ліку «Мертвым не баліць», «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Пайсьці і не вярнуцца», «Яго батальён», «Знак бяды», «Кар'ер») былі тут выдадзеныя.

Дарэчы, напісаная ў 1965 годзе аповесьць «Мёртвым не баліць» у Празе асобнай кнігай выйшла амаль на 20 гадоў раней, чым у Беларусі, у 1967, якраз у часы «праскай вясны», якая праз год будзе раздаўлена гусеніцамі савецкіх танкаў. Мясцовая крытыка ацаніла аповесьць як «экзыстэнцыйны жах».

Звычайна быкаўскія творы выходзілі ў перакладах з расейскай, але перакладаліся і наўпрост з беларускай, у тым ліку і згаданым вамі прафэсарам Вацлавам Жыдліцкім (дарэчы, сябрам Уладзімера Караткевіча). Жыдліцкі, прыгадваючы вучобу Быкава ў Віцебскай мастацкай вучэльні, назваў яго «партрэтыстам з рэмбрантаўскім пачуцьцём унутранай драмы характару, з разуменьнем дынамікі індывідуальнага выяўленьня, а не стваральнікам іканаграфічнай застыласьці».

 Кніга з аўтографам Васіля Быкава Вацлаву Шыдлоўскаму. Фота аўтара

 Кніга з аўтографам Васіля Быкава Вацлаву Шыдлоўскаму. Фота аўтара

Агульны наклад выдадзеных тут кніг Быкава — 200 тысяч. Многа гэта ці мала? Гэта больш, чым агульная колькасьць накладу кніг Быкава, выдадзеных у Беларусі за ўсе трыццаць гадоў кіраваньня Лукашэнкі (нават з улікам таго, што ў незалежных выдавецтвах Быкава друкавалі часьцей, чым у дзяржаўных). Быкаў і цяпер застаецца і па колькасьці кніг, і па накладах самым папулярным беларускім аўтарам і, думаю, у бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі яго ўжо ніхто не пераўзыдзе.