Нас не нахіляць?
Масква двойчы падрывае перадвыбарчы слоган Аляксандра Рыгоравіча «За будучыню незалежнай Беларусі». Якая можа быць незалежнасць, калі ў краіне — чужыя войскі, чужыя банкі і чужыя грошы?
Крэмль агучыў цікавыя ініцыятывы, якія наўпрост тычацца Беларусі.
Першая ініцыятыва — гэта даўно абяцанае Рыгоравічам стварэнне ваенна-паветранай базы Расіі ў Беларусі. Урад Расіі вырашыў перадаць на подпіс Пуціну пагадненне з Мінскам аб расійскай авіяцыйнай базе на беларускай тэрыторыі.
Як адзначаецца на сайце расійскага ўрада, «палажэнні пагаднення доўгатэрмінова замацуюць расійскую ваенную прысутнасць у рэгіёне і будуць садзейнічаць умацаванню яго бяспекі».
Гэтая ініцыятыва Крамля вельмі балюча б’е па іміджу Аляксандра Рыгоравіча перад выбарамі. Найперш, яна разбурае ягоны імідж «міратворцы». Лукашэнка нават у інтэрв’ю недзяржаўным СМІ падкрэсліваў: хоць у нас і ёсць на тэрыторыі расійскія аб’екты, але яны «мірныя»: радыёлакацыйныя станцыі ў Ганцавічах і Вілейцы. Нават пра звяно расійскіх знішчальнікаў у Баранавічах ён казаў, што, «можа, тыя ўжо і зляцелі».
Калі ў Беларусі будзе створаная паўнавартасная вайсковая расійская база, не выключана, што ў такім разе ўсе «мінскія дамоўленасці» будуць абмяркоўвацца ў іншым месцы.
Ёсць і другі бок гэтага медалю. Тэму расійскай ваеннай прысутнасці ў краіне актыўна педалюе апазіцыя. Да таго ж, паводле чэрвеньскага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва), 45% беларусаў адмоўна паставіліся да ідэі размясціць у краіне расійскую авіябазу.
Педаляваннем пытання пра базу акурат напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Масква падклала калі не свінню, дык падсвінка Аляксандру Рыгоравічу. Адмовіцца ад свайго скрайне непапулярнага абяцання ён не можа. І гэта дае маленькі, але бяспройгрышны козыр ягоным апанентам. Маўляў, сённяшні кіраўнік дзяржавы ставіць у небяспеку наш «мір і стабільнасць», абяцаючы Расіі стварэнне вайсковых базаў, а вось мы — супраць. І гэта мы за мірную і незалежную Беларусь, а не ён.
Другую свінку малодшаму брату падклаў непасрэдна Пуцін. Ён унёс на разгляд у Дзярждуму законапраект, які прадугледжвае адмову ад долара і еўра ў разліках паміж краінамі СНД.
Згодна з паведамленнем на сайце кіраўніка Расіі, у межах «Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне арганізацыі інтэграванага валютнага рынку дзяржаў — удзельніц СНД» будзе створаны механізм, які дазволіць адмовіцца ад долара і еўра ў якасці прамежкавай валюты ў разліках.
Пагадненнем прадугледжваецца наўпроставы допуск банкаў-рэзідэнтаў бакоў на ўнутраныя валютныя рынкі адзін аднаго для правядзення міжбанкаўскіх канверсійных аперацый на ўмовах не менш спрыяльных, чым тыя, якія прадастаўлены нацыянальным камерцыйным банкам.
У што гэта можа выліцца?Найперш, пакладзе канец беларускаму экспарту, 50% якога прыпадае на Расію. Калі зараз мы яшчэ можам выцыганіць з расійскіх кампаній цвердую валюту ў якасці аплаты за нашыя тавары, то потым мы цалкам будзем пастаўленыя ў залежнасць ад нестабільнага расійскага рубля. І цяпер ступень гэтай залежнасці недаацэньваць не прыходзіцца — амаль усе нашы апошнія дэвальвацыі здарыліся пасля падзення расійскай валюты. А ўжо калі мы ва ўзаемаразліках поўнасцю пяройдзем на суседнюю валюту — увогуле будуць кранты.
Цікавая і ідэя пра «наўпроставы допуск банкаў-рэзідэнтаў бакоў на ўнутраныя валютныя рынкі адзін аднаго». Гэта значыць, у сінявокую прыйдуць расійскія дзяржаўныя банкі. Якія, канешне, не змогуць не скарыстацца момантам па скупцы «нашай» валюты. Няцяжка прадказаць, што тады здарыцца з нашым валютным рынкам.
Ёсць яшчэ шэраг іншых, больш дробных нюансаў у такой сітуацыі, але адмыслоўцы сыходзяцца на адным: праз такія разлікі эмісійны цэнтр у Маскве будзе дэ-факта кантраляваць слабыя эканомікі краінаў СНД. Эканаміст Барыс Жаліба нават лічыць, што ў выніку праз расійскі рубель мы можам страціць суверэнітэт.
Такім чынам, Масква двойчы падрывае перадвыбарчы слоган Аляксандра Рыгоравіча «За будучыню незалежнай Беларусі». Якая можа быць незалежнасць, калі ў краіне — чужыя войскі, чужыя банкі і чужыя грошы?
Але чаму Пуцін зрабіў гэта зараз, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў?
Па меркаванні палітолага Валера Карбалевіча, гэта зроблена таму, што менавіта ў электаральны час кіраўнік Беларусі апынуўся асабліва ўразлівым. «Заявы Крамля разлічаныя, пралічаныя, і трапілі ў болевую кропку. Невыпадкова беларускі бок у адказ на гэтыя ініцыятывы маўчыць. Бо яны разбураюць перадвыбарчую праграму Лукашэнкі пра мір, стабільнасць і незалежнасць Беларусі», — зазначае эксперт.
Масква давіць на Лукашэнку, пераследуючы дзве мэты, лічыць палітолаг. Першая — усё ж дамагчыся падпісання пагаднення пра вайсковую базу. І другая — не дапусціць, каб «нармалізацыя адносінаў з Захадам» у Беларусі зайшла вельмі далёка.
Што атрымаецца са спробы Крамля «нахіліць» Лукашэнку — пытанне адкрытае.