Нацыянальныя меншасці ў Беларусі: нябачная праблема, заўважныя рэпрэсіі

Партал «Delfi» расказвае, як беларусы літоўскага і польскага паходжання з фактару раздражнення для ўладаў сталі вялікім галаўным болем.

Нацыянальным меншасцям у Беларусі ў бліжэйшай будучыні не варта чакаць навучання на роднай мове... Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Нацыянальным меншасцям у Беларусі ў бліжэйшай будучыні не варта чакаць навучання на роднай мове... Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Літоўцы ў Беларусі: крыху лічбаў

Паводле даных перапісу насельніцтва 2019 года, у Беларусі пражывала 5287 літоўцаў. Гэта крыху больш, чым у 2009 годзе (5087 чалавек), але менш, чым у 1999-м (6387 чалавек). У Гродзенскай вобласці пражывае 2174 літоўцаў, у тым ліку 410 чалавек — у Воранаўскім раёне. Гэтыя лічбы толькі пацвярджаюць, што доля этнічных літоўцаў сярод больш чым дзевяціміліённага насельніцтва Беларусі з'яўляецца невялікай. Даныя апошняга перапісу таксама паказваюць на тое, што толькі ў памежным з Літвой Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці колькасць этнічных літоўцаў ледзь перавышае 2% насельніцтва. У сувязі з гэтым узнікае рытарычнае пытанне: якую пагрозу існуючай уладзе нясуць арганізацыі, што прадстаўляюць такую невялікую групу людзей, якія займаюцца выключна культурна-асветніцкай дзейнасцю, што ўключае ў сябе падтрыманне кантактаў з этнічна роднаснай Літвой?

Агулам тэматыка нацыянальных меншасцей не з'яўляецца важнай для беларускіх СМІ любой формы ўласнасці і палітычных перакананняў. Часцяком інфармацыя пра іх абмяжоўваецца якімі-небудзь культурнымі мерапрыемствамі — накшталт нацыянальных ці рэлігійных святаў. Таму жыццё літоўскай супольнасці Беларусі рэдка трапляла на старонкі беларускіх СМІ. Акрамя таго, наўрад ці можна сказаць пра якія-небудзь сур'ёзныя ўнутраныя ці знешнія канфлікты ў дачыненні да беларускіх літоўцаў.


У перыяд з чэрвеня 2018-га па люты 2022-га аўтар гэтага матэрыяла на «Delfi» падрыхтаваў 34 непублічныя штомесячныя аналітычныя агляды пра развіццё міжэтнічных адносін у Беларусі з акцэнтам на ранняе папярэджанне і прадухіленне канфліктаў. За ўвесь гэты час тэма літоўцаў прама ці ўскосна ўсплыла толькі ў двух кантэкстах і была звязаная з дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі пасля выбараў 2020 года.

Кантэкст першы: адукацыя на роднай мове

Да нядаўняга часу ў Беларусі існавалі польскія і літоўскія школы, дзе можна было прайсці ўвесь цыкл сярэдняй адукацыі на мове адпаведнай нацыянальнай меншасці. Усяго іх было 4, і ўсе знаходзіліся ў Гродзенскай вобласці. У СШ № 36 у Гродне і СШ №8 у Ваўкавыску выкладанне вялося на польскай мове. У Рымдзюнскай СШ у Астравецкім раёне і ў Пеляскай СШ у Воранаўскім раёне мовай навучання была літоўская.

Усе гэтыя чатыры школы працавалі па праграмах і вучэбных планах Міністэрства адукацыі Беларусі. Гэтае ж міністэрства ўстанаўлівала правілы атэстацыі засваення адукацыйных праграм навучэнцамі. Першы «трывожны званок» прагучаў у жніўні 2021 года — тады на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала была апублікавана пастанова Міністэрства адукацыі ад 11 жніўня 2021 г. № 170 «Аб змяненні пастаноў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20 чэрвеня 2011 г. № 38 і ад 21 чэрвеня 2021 г. № 129». Напісаныя сухой бюракратычнай мовай назва і тэкст дадзенага дакумента хавалі ў сабе адмену абавязковых выпускных экзаменаў па літоўскай або польскай мове для вучняў 9-х і 11-х класаў школ з адпаведнай мовай навучання. Згаданая ў назве пастанова № 129 гэтага ж міністэрства ад 21 чэрвеня 2021 года ўсё яшчэ прадугледжвала абавязковую здачу іспыта па мове адпаведнай нацыянальнай меншасці ў пісьмовай форме.

Такім чынам, «надлом» існуючай сістэмы школ нацыянальных меншасцей адбыўся летам 2021 года. Без інсайдарскай інфармацыі цяжка зрабіць выснову адносна канкрэтных прычын і выканаўцаў такога трука. Аднак тагачасны кантэкст адносін рэжыму Лукашэнкі з Літвой і Польшчай гаворыць пра тое, што правы грамадзян Беларусі літоўскай і польскай нацыянальнасцей на навучанне на роднай мове сталі ахвярай жаданняў зладзіць яшчэ адну дробную, але вельмі адчувальную гадасць суседзям, якія клапоцяцца пра сваіх суайчыннікаў за мяжой.


Цікава, што з больш-менш значных СМІ пра гэтую навіну напісаў толькі беларускі філіял «Спутніка». Астатнія беларускія СМІ практычна не заўважылі пачатку канца адукацыі на мовах нацыянальных меншасцей. Больш пільная ўвага СМІ да гэтага пытання стала з'яўляцца толькі пасля таго, як у студзені 2022 года быў падпісаны і апублікаваны закон, які зацвердзіў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. У адпаведнасці з ім, нацыянальныя меншасці былі пазбаўленыя магчымасці арганізацыі комплекснага працэсу навучання і выхавання на сваёй роднай мове пачынаючы з 2022/23 навучальнага года. Праблема, якая вынікае са зместу новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, згадвалася Вярхоўным камісарам АБСЕ па справах нацыянальных меншасцей Кайратам Абдрахманавым у яго штогадовым дакладзе ад 7 ліпеня 2022 года.

Пра сітуацыю з дзвюма літоўскімі школамі ў Беларусі і безвыніковыя спробы ўладаў Літвы паўплываць на сітуацыю напісала, напрыклад, «Люстэрка». У гэтым артыкуле ёсць і колькасць дзяцей, якіх гэтая праблема закранае: 127 вучняў у Пеляскай школе і 82 вучні ў Рымдзюнскай. Для параўнання, у польскай школе ў Гродне навучалася каля 620 вучняў, а ў Ваўкавыску — 250.

Штучныя абмежаванні па наборы першакласнікаў у абедзве польскія школы, якія мелі месца на працягу шэрагу гадоў і якія ўлады тлумачылі «санітарнымі нормамі», выносіліся ў медыйную прастору і да жніўня 2020 года. Яны былі прадметам міждзяржаўнага дыялогу. Розніца паміж польскімі і літоўскімі школамі ў Беларусі заключалася не толькі ў значна меншай колькасці вучняў, але і ў адсутнасці «медыйнасці» для апошніх: яны да жніўня 2020 года ніколі не траплялі на старонкі беларускіх СМІ ў кантэксце якіх-небудзь палітычных трэнняў паміж Беларуссю і Літвой. Наадварот, у студзені 2018 г. «Сельская газета», якая з'яўляецца часткай медыяхолдынга «Беларусь Сегодня», у хвалебных танах апісвала тое, што ў камфортных умовах Пеляскай школы з кожным годам хочуць вучыцца ўсё больш дзяцей. А вось прапагандысцкі ролік «Гродзенскай праўды» ад 12 жніўня 2022 года вуснамі гродзенскіх абласных чыноўнікаў расказваў пра тое, што ўмовы ў Пеляскай школе нібыта ствараюць пагрозу жыццю і здароўю вучняў. Гэта было зроблена, каб апраўдаць «неабходнасць» закрыцця школы.

Кантэкст другі: грамадскія арганізацыі 

Частковым тлумачэннем змены палітыкі рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да школ нацыянальных меншасцей можа быць шэраг яго заяў, зробленых летам 2021 года. 

22 ліпеня, гаворачы пра няўрадавыя арганізацыі, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што «ідзе зачыстка». Крыху пазней, 30 ліпеня, Лукашэнка згадаў пра тое, што ўлады праверылі прыкладна 1500 арганізацый грамадзянскай супольнасці і выявілі «185 дэструктыўных структур, якія ўяўляюць патэнцыйную пагрозу для нацыянальнай бяспекі». Ён абвінаваціў гэтыя арганізацыі ў «выкананні чужога палітычнага заказу», пасля чаго ў краіне пачалася масавая ліквідацыя розных арганізацый. 

Паводле звестак беларускіх праваабаронцаў, з верасня 2020 года па канец сакавіка 2023-га ў Беларусі былі прымусова ліквідаваныя прынамсі 1249 некамерцыйных арганізацый. На сайце ПЦ «Вясна» ў спісе такіх арганізацый можна знайсці і тыя, што звязаныя з польскай нацыянальнай меншасцю. 


Тут варта нагадаць яшчэ адну розніцу паміж польскімі і літоўскімі грамадскімі арганізацыямі ў Беларусі. Канфлікт вакол «Саюза палякаў Беларусі», у які аказаліся ўцягнутыя Мінск і Варшава, тлеў з 2005 года, калі старшынёй арганізацыі была абраная Анжаліка Борыс. У сакавіку 2021 года канфлікт Варшавы і Мінска набыў новыя фарбы. 28 лютага польскі консул Ежы Цімафеюк прысутнічаў на мерапрыемстве памяці «выклятых жаўнераў». Яно было арганізавана польскай скаўцкай грамадскай школай ім. Р. Траўгута ў Брэсце. Здавалася б, шараговае мерапрыемства вылілася ў дыпламатычны скандал. Для рэжыму Лукашэнкі гэта стала фармальнай падставай для таго, каб пачаць масіраваную атаку на арганізацыі польскай меншасці.

Дзяржаўныя СМІ перасталі выбіраць выразы, пачалі ствараць сюжэты пад загалоўкамі кшталту «Як польскія дыпламаты прасоўваюць нацызм у школах Беларусі». Называючы «выклятых жаўнераў» «ваеннымі злачынцамі» і «карнікамі», чыноўнікі і прапагандысты рэжыму Лукашэнкі гавораць пра распальванне міжнацыянальнай варожасці. У сваю чаргу, некаторыя тэзісы прарэжымных дзеячаў утрымліваюць відавочныя элементы распальвання міжнацыянальнай варожасці. Напрыклад, такія, дзе яны задаюцца пытаннем: а ці месца салдатам Арміі Краёвай на беларускай зямлі? 

Хлуслівыя тэзісы антыпольскіх наратываў беларускай дзяржаўнай прапаганды неаднаразова выкрываліся. Аднак дзеянні рэжыму Лукашэнкі прывялі да таго, што пасля апісанага канфлікту шэраг актывістаў нелегальнага «Саюза палякаў Беларусі» былі арыштаваныя або былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Таму наяўнасць грамадскіх арганізацый, звязаных з польскай меншасцю ў спісе «Вясны» не выклікае аніякага здзіўлення. 

Як ужо адзначалася, літоўскія грамадскія арганізацыі ў Беларусі ніколі не станавіліся галоўным аб'ектам увагі з боку СМІ, якія абслугоўваюць рэжым Лукашэнкі. Тым не менш ліквідацыя «Гімціне» наўрад ці з'яўляецца выпадковасцю хоць бы ў сілу таго, што Пеляса карысталася падвышанай увагай з боку літоўскіх уладаў. Тут гаворка ідзе не толькі пра факт кампактнага пражывання этнічных літоўцаў, але і пра наяўнасць школы. Яна была створана пры ўдзеле Міністэрства асветы і навукі Літвы і цалкам фінансавалася ўрадам краіны. Рэжым Лукашэнкі абраў самае простае рашэнне, дзейнічаючы па прынцыпе «няма інстытуцый  — няма праблем». Паколькі Літва як сябра Еўрасаюза прызнаная суб'ектам «недружалюбнай дзейнасці ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб», відавочна жаданне ўладаў у Мінску максімальна засцерагчы сябе ад «непажаданых» ачагоў уплыву з боку такіх краін. Літоўская абшчына ў Пелясе з'яўляецца такой ужо па факце актыўнага трансгранічнага супрацоўніцтва з этнічна роднаснай дзяржавай. Наяўнасць школы з літоўскай мовай навучання і «Гімціне» як юрыдычнай асобы, якая аб'ядноўвае мясцовых літоўцаў, спрыяла гэтаму эфектыўнаму супрацоўніцтву. Таму ліквідацыя «Гімціне» азначае знікненне юрыдычнай асобы, якая выказвала калектыўнае «Я» мясцовых літоўцаў.

Што далей? 

Ліквідацыя якога-небудзь суб'екта гаспадарання шмат каму здаецца самым простым рашэннем праблемы. Аднак каму рэжым Лукашэнкі зрабіў лепш, закрыўшы школы з літоўскай і польскай мовамі навучання? Адказ на яго відавочны: уласным грамадзянам. Паводле Канстытуцыі, «дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання». Аднак як паказала гісторыя з прыняццем новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і ліквідацыяй навучання на мовах нацыянальных меншасцей, фраза «у адпаведнасці з законам» з Канстытуцыі нагадвае гульню ў напарсткі. У адсутнасць эфектыўнага кантролю ў такой дзяржавы нельга выйграць, паколькі яна змяняе правілы пад свае імгненныя мэты. Варта выказаць здагадку, што многія чыноўнікі рэжыму Лукашэнкі, адказныя за прыняцце гэтых рашэнняў, нават не разумеюць неабходнасці падтрымкі нацыянальных культур народаў, якія жывуць у Беларусі, праз рэалізацыю права на свабоду асацыяцыі і адукацыі на роднай мове. У іх вачах такія школы і арганізацыі будуць здавацца агентамі ўплыву, якія ствараюць ўяўныя праблемы, што неабходна вырашаць. Таму наўрад ці ёсць сэнс гаварыць пра вяртанне паўнавартаснай адукацыі на мовах нацыянальных меншасцей у Беларусі ў агляднай перспектыве.