«На «ўсходнім кірунку» для беларускіх уладаў усё вельмі трывожна»
Карцінкі выходных дзён і панядзелка — гэта відавочная эскалацыя. Гэта ўжо не проста — "да нас прылятаюць турысты, а мы іх не можам усіх адсачыць, каб вас абараняць, таму што пад санкцыямі". Гэта ўжо відавочны action, прамыя, актыўныя і адкрытыя дзеянні з беларускага боку, піша аналітык Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале.
Усе ўжо, мусіць, убачылі велізарную калону «турыстаў», якія адкрыта і не хаваючыся рухаюцца на мяжу з Беларусі прама па трасе. А прэс-сакратар міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын ужо ахарактарызаваў тое, што адбываецца, як «найбуйнейшую спробу сілавога ўварвання ў Польшчу».
Найбуйнейшая спроба сілавога ўварвання ў Польшчу. Трэба сказаць: гэта гучыць.
Аб міграцыйным крызісе ўжо гаворана-перагаворана з усіх бакоў і сёння хацелася напісаць зусім пра іншае. Але сітуацыя відавочна ў дынаміцы і пачынае здабываць якасна новыя абрысы. Таму некаторыя моманты хацелася б асэнсаваць.
Карцінкі выходных дзён і панядзелка — гэта відавочная эскалацыя. Гэта ўжо не проста — "да нас прылятаюць турысты, а мы іх не можам усіх адсачыць, каб вас абараняць, таму што пад санкцыямі". Гэта ўжо відавочны action, прамыя, актыўныя і адкрытыя дзеянні з беларускага боку. Уласна, менавіта так гэта і зразумеў польскі міністр — каардынатар спецслужбаў. І зразумеў, і назваў.
Як ужо неаднаразова адзначалася, найбольш верагодным матывам афіцыйнага Мінска для развязвання прымежнай гібрыднай вайны такога кшталту напэўна з'яўляецца імкненне прымусіць Еўразвяз да дыялогу на сваіх умовах і разблакаваць заходні палітычны вектар. Іншых колькі-небудзь рацыянальных прычын тут не праглядаецца.
Калі прыняць гэта, то варта звярнуць увагу на той факт, што прыгранічная эскалацыя апошніх дзён пачалася адразу ж пасля заканчэння «эпахальнага» Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, падпісання карт інтэграцыі і кулуарных зносінаў беларускага кіраўніка з Пуціным, падрабязнасці якога шырокай публіцы невядомыя.
Гэта нават не са сферы варажбы і здагадак, гэта проста банальная логіка: раз узнікла запатрабаванне так прыспешваць падзеі і дзейнічаць гэтак напорыста і адкрыта, гэта можа казаць толькі пра тое, што, па-першае, на «ўсходнім кірунку» для беларускіх уладаў усё вельмі і вельмі трывожна і хаця б нейкія зрухі на «заходнім фронце» проста жыццёва неабходныя, прычым, як мага хутчэй. Па-другое, гэта кажа яшчэ і аб тым, што сур'ёзна інтэгравацца ў Мінску ніхто не збіраецца — калі б такія планы рэальна стаялі на парадку дня, пытанне балансавання знешняй палітыкі літаральна любой цаной, напэўна, проста б не стаяла. Было б неактуальнае.
У выніку адбываецца тое, што адбываецца. Зрэшты, сумневаў у тым, што ў Еўропе разумеюць усе тыя складанасці, з якімі сутыкнуўся беларускі рэжым, практычна няма. Абраны ж вобраз дзеянняў відавочна не выклікае ў еўрапейскіх сталіцах нават мінімальнага разумення і прыняцця, з чаго вынікае, што рэалізаваная стратэгія асуджана на непазбежны правал.
У сухой рэшце развіццё сітуацыі ў сённяшнім ключы вядзе беларускія ўлады да ўзмацнення геапалітычнай ізаляцыі, магчымага новага вітка санкцыйнага ціску і да неабходнасці нешта «вырашаць» з Масквой. Што да апошняга: асабіста я не падзяляю таго пункту гледжання, што Лукашэнка літаральна гатовы і з радасцю здасць суверэнітэт Беларусі толькі з боязі эканамічнага крызісу і новых пратэстаў. "Здаць суверэнітэт" для яго = "адмовіцца ад улады", а менавіта гэта і толькі гэта з'яўляецца катэгарычна непрымальным.
Так што ў сярэднетэрміновай перспектыве нам, хутчэй, давядзецца назіраць, як усе спробы Мінска вырвацца з зачараванага кола "Тут — молат, а там — кавадла" будуць прыводзіць толькі да пагаршэння яго становішча і перспектыў. Якія менавіта формы гэта ўсё будзе прымаць і ў якім выглядзе вырашыцца — гэтага не ведае ніхто.
Але ў адным можна не сумнявацца. Калі ў Еўропе, ды яшчэ з-за памежнай Беларусі, раптам не ўспыхне рэальная вялікая вайна, то доўга такі ачаг нестабільнасці і рызык, у які ператварылася за апошні год наша краіна, у такім геаграфічным месцы, праіснаваць не зможа.
І навядзенню элементарнага парадку будуць садзейнічаць усе бакі.