Беларусь збіраецца экспартаваць праз расійскія парты 2,3 млн т нафтапрадуктаў
Беларусь па выніках года мае намер паставіць праз расійскія парты 2,3 млн т нафтапрадуктаў, што на 35 працэнтаў больш за першапачаткова запланаваны аб'ём. Пра гэта сёння заявіў старшыня "Белнафтахіма" Андрэй Рыбакоў.
«Мы ўжо пераарыентавалі нашы пастаўкі на парты Расейскай Федэрацыі. Мы ацэньваем па выніках года, што пры планах недзе 1,7 млн т мы выйдзем па факце на пастаўкі не менш як 2,3 млн т», — прыводзіць яго словы БелТА.
Экспарт нафтапрадуктаў праз расійскія парты пачаўся з сакавіка. Пагадненне аб іх перавалцы было падпісана ў лютым. Раней асноўны аб'ём экспарту нафтапрадуктаў марскім транспартам ішоў з Беларусі цераз парты краін Балтыі.
Рыбакоў заявіў, што расійскі маршрут з'яўляецца выгадным для беларускіх НПЗ.
«Для нас на сённяшні дзень гэта выгадна. Мы працуем», — сказаў ён.
reform.by