На ўручэнні Нобелеўскай прэміі Беларусь будзе прадстаўляць Ціханоўская. Пасла РБ не запрасілі
Паслы Беларусі і Расіі не запрошаныя на цырымонію ўручэння Нобелеўскіх прэмій 10 снежня. Пра рашэнне абвясціў Фонд Нобеля.
«Фонд Нобеля запрашае паслоў, якія знаходзяцца ў Стакгольме, але маючы на ўвазе ўварванне Расіі ва Украіну, Фонд вырашыў не запрашаць паслоў Расіі і Беларусі на цырымонію ўручэння Нобелеўскіх прэмій у Стакгольме», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Затое запрашэнне на цырымонію атрымала дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская. Запрашэнне прыйшло ад дырэктара Нарвежскага Нобелеўскага інстытуту.
«Гэта добрая нагода прыцягнуць увагу да справы Алеся Бяляцкага, беларускіх палітвязняў, і ўсіх беларусаў, якія зараз змагаюцца за свабоду», — пракаментавала Ціханоўская.
Нобелеўскую прэмію міру ў гэтым годзе падзялілі беларускі праваабаронца, палітвязень Алесь Бяляцкі, расійскае таварыства «Мемарыял» і ўкраінская арганізацыя «Цэнтр Грамадзянскіх Свабод».
У беларускім МЗС назвалі рашэнне Нобелеўскага камітэта палітызаваным.