МУС размясціла замову на рамонт 290 электрашокераў на суму каля 16 тысяч рублёў

Радыё Свабода паглядзела сайт дзяржаўных закупаў і даведалася, што набывалі сілавікі напярэдадні і пасля выбараў.

ama.jpg

290 электрашокераў
Столькі электрашокераў хочуць адрамантаваць у галоўным упраўленні камандуючага ўнутранымі войскамі МУС, менавіта такі тэндэр абвешчаны на сайце дзяржаўных закупаў 8 жніўня. Тэрмін выканання паводле закупкі – да 15 жніўня. На гэта хочуць патраціць 16 240 рублёў.
Падобную заяўку ўнутраныя войскі пакідалі на тэндэрах яшчэ ў ліпені, але тады прызналі, што аўкцыён не адбыўся.
«Гэты тэндэр не звязаны з падзеямі апошняга тыдня, – паведаміў Свабодзе адказны за выкананне тэндэру Дзяніс Кірычук.Гэта планавы рамонт абсталявання».
Як сведчаць затрыманыя 9–12 жніўня, сілавікі ўжывалі электрашокеры супраць іх. Пра катаванні электрашокерам расказаў Сяргей Мельянец, вернік-баптыст, якога выцягнулі з машыны, прыпаркаванай ля канцэртнай залі «Менск». Таксама шокерам білі 16-ці гадовага падлетка Цімура, як сведчыць ягоная сястра. Пасля збіцця і катаванняў у РУУС Цімур знаходзіўся ў коме ў аддзяленні рэанімацыі 3-га дзіцячага шпіталя.
55 электрамегафонаў
Тыя ж унутраныя войскі, як відаць на сайце дзяржаўных закупаў, у ліпені набылі 55 электрамегафонаў за 8100 рублёў. Сродкі бюджэтныя.
Абарончыя шаломы з унутранай сувяззю
15 камплектаў тэлефанізаваных шаломаў у ліпені закупілі ўнутраныя войскі. Гэта шаломы з унутранай сувяззю, каб чалавек мог атрымліваць каманды. На гэта патрацілі 6600 рублёў.
Беспілотнік
Дрон за 9600 рублёў плануюць набыць для ўнутраных войскаў з 12 жніўня па 10 верасня. Крыніца – бюджэтныя сродкі. Дрон за такую суму мае добрую якасць здымкаў.
6 сістэмаў запісу голасу
Дэпартамент фінансаў і тылу МУС патраціць 13 500 рублёў на 6 камплектаў аўтаматызаваных сістэмаў запісу голасу. Паставіць сістэмы мусяць да 29 жніўня.
44 фотаапараты
Дэпартамэнт фінансаў і тылу МУС разьмясьціў заяўку аб закупе 44 фотаапаратаў за 88 тысяч рублёў. Купіць плянуюць да канца кастрычніка. Сродкі бюджэтныя.
Такім чынам, толькі на гэтыя рэчы сыстэма МУС у ліпені – кастрычніку плянуе патраціць 141 тысячу рублёў, або 57 тысяч даляраў.